Кадыраў заклікаў «сціраць з зямлі» ўкраінскія гарады
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у сваім тэлеграм-канале выказаў незадаволенасць «слабымі адказамі» Расіі на абстрэлы расійскіх рэгіёнаў.

«Раней мы казалі, што праводзім спецыяльную ваенную аперацыю на тэрыторыі Украіны, але ўжо вайна ідзе на нашай тэрыторыі. І маё
меркаванне, калі вам цікава, то я вельмі незадаволены гэтым», — напісаў Кадыраў.
На яго думку, у адказ на абстрэлы расійскай тэрыторыі
трэба «сціраць з зямлі» ўкраінскія гарады.
«Мы ўжо абвясцілі ваеннае становішча. Але ўкраінцы не саромеюцца, страляюць. Мы адказваем, па-мойму,
слаба. Калі прыляцеў снарад у наш бок, у наш рэгіён, трэба сцерці з
зямлі гарады. Каб відаць было далёкі гарызонт. Каб разумелі, што нельга нават
падумаць страляць у наш бок», — дадаў кіраўнік Чачні.
Паводле яго меркавання, прымаючы рашэнне аб тым, каб «сцерці з
зямлі гарады», не варта турбавацца аб рэакцыі Захаду. «Усё што можна
было, ужо гэта было. Большага, горшага не будзе», — заявіў кіраўнік Чачні.

Нядаўна вядоўца прапагандысцкага тэлеканала Russia Today Антон Красоўскі заявіў у эфіры, што ўкраінскіх дзяцей варта «тапіць і паліць». За гэта канал прыпыніў з ім супрацоўніцтва, ва ўладных колах РФ узнялася хваля крытыкі прапагандыста, праз што быў вымушаны выбачацца. Чакаць крытыкі ў бок Кадырава, вядома, не прыходзіцца, хаця ў гарадах, якія ён заклікае сціраць з зямлі, таксама жывуць украінскія дзеці.