Калі Штаты былі «сухія»

Сто гадоў таму ў ЗША пачалася эра «сухога закона», якая працягнулася 13 гадоў. Спецыялісты лічаць, што гэтая старонка гісторыі Злучаных Штатаў яшчэ да гэтага часу цалкам не перагорнутая.

Фота www.foto-history.livejournal.com

Фота www.foto-history.livejournal.com

Калі раптам будзеце ў амерыканскім горадзе Балтымар, можаце наведаць гатэль Belvedere de Baltimore. Часткай інтэр’еру бара ў ім з’яўляюцца дзве вялікія, на першы погляд звычайныя, дэкаратыўныя савы — цікавы артэфакт часоў «сухога закона». У 1920-я гады мінулага стагоддзя гэтыя птушкі адыгрывалі вялікую ролю ў крымінальным жыцці горада. Праз механізм бармен прымушаў пудзілаў маргаць, што было спецыяльным знакам для кліентуры. Лыпанне соваў азначала, што ў бары можна набыць алкаголь, а паліцыя ў гэты вечар дакладна заплюшчыць вочы на парушэнне закону.

Падобныя незвычайныя коды былі часткай эпохі, якая распачалася за акіянам 17 студзеня 1920 года. У гэты дзень уступіла ў дзеянне 18-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, паводле якой краіна павінна была цалкам перастаць піць. Продаж або транспарціроўка алкаголю забараняліся. Алкаголь можна было ўжываць хіба што па рэцэпце лекараў, якія хутка гэтым скарысталіся. Лічыцца, што за часы «сухога закона» дактары зарабілі на рэцэптах, які давалі пацыенту магчымасць набываць дзеля здароўя віскі, каля 40 мільёнаў долараў.

Увогуле, лабісты забароны алкаголю сцвярджалі, што мера дапаможа не толькі маральнаму здароўю нацыі, але нават знішчыць палітычную карупцыю — так склалася, што подкупы палітыкамі выбаршчыкаў у Злучаных Штатах часцей за ўсё адбываліся ў салунах.

Аднак, як часта бывае, на выхадзе атрымалася трошкі інакш. Сапраўды, спажыванне алкаголю скарацілася прыкладна на 30 працэнтаў. Разам з тым паралельна назіраліся вельмі негатыўныя з’явы. Забарона алкаголю кепска адбівалася на фармаце яго спажывання. Паколькі заўсёды існавала рызыка быць арыштаваным за яго ўжыванне, некаторыя янкі намагаліся піць як мага хутчэй і як мага больш. На гэтай глебе людзі хутка станавіліся алкаголікамі і былі гатовыя на любыя злачынствы дзеля запаветнай чаркі. Не дзіўна, што менавіта па слядах «сухога закона» пачалі дзейнічаць клубы Ананімных алкаголікаў.

Аматары забароны алкаголю збіраліся за яго кошт скончыць з міграцыяй, у тым ліку ўнутранай. Звычайна мігранты і афраамерыканцы сядзелі ў салунах, што не падабалася звычайным бюргерам. Забабоны наконт таго, што алкаголь і афраамерыканцы — сінонімы, выкарысталі расісты. У 1920-я гады амерыканскае грамадства было сведкам буму папулярнасці расісцкага руху «Ку-клукс-клан», актыў якога дазваляў сабе нават уплываць на абранне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

З іншага боку, былі ад закона і пазітыўныя эфекты. «Сухі закон» зрабіў рэвалюцыю ў музычнай індустрыі. У бары пачалі запрашаць музыкаў, якія гралі джаз. Гэта выклікала інтарэс да новага музычнага стылю, што ў тым ліку спрыяла інтэграцыі чорных і белых. Упершыню ў гісторыі белая аўдыторыя з задавальненнем слухала чарнаскурых выканаўцаў.

Цяжка сказаць, калі б амерыканкі атрымалі права галасаваць, каб не рух за «сухі закон». У тым ліку для таго, каб набыць як мага больш адвакатаў цвярозасці ў парламенце, палітыкі пагадзіліся дазволіць кабетам хадзіць на выбары. Жанчыны, па зразумелых прычынах, натуральна, галасавалі за забарону зялёнага змія.

Вынікам забароны алкаголю стала і тое, што менавіта ў 1920-я гады жанчына з келіхам віскі перастала лічыцца маргіналкай. Папросту раней кабеты абыходзілі бары, якія лічыліся ўстановамі выключна для мужчынаў. Цяпер мужчынам часцей прыходзілася піць на хатніх вечарынах з удзелам тых жа жанчын. Забарона алкаголю спрыяла крыміналізацыі жанчын, яны атрымалі шанец зарабляць грошы, нелегальна прадаючы алкаголь на вуліцах.

Нарэшце, без «сухога закона» Амерыка яшчэ нейкі час дакладна не ведала б, што такое арганізаваная злачыннасць. Упершыню ў гісторыі праваахоўнікам пачалі супрацьстаяць крымінальныя сіндыкаты, якія каардынавалі сваю дзейнасць у маштабах краіны. Стартавым капіталам для мафіі быў продаж кантрабанднага алкаголю або выраб самапальнага. А паколькі абсалютная большасць амерыканскай эліты 1920-х гадоў спажывала алкаголь (паводле тагачаснай прэсы, гэтым прынамсі займаліся 60 працэнтаў парламентарыяў плюс прэзідэнты), крымінал атрымаў выхад на ўладу.

Усё апісанае ў сукупнасці з часам выклікала расчараванне ў «сухім законе» і вялікі запыт на легалізацыю алкаголю, што і пачаў асцярожна рабіць Франклін Рузвельт у 1933 годзе. Аднак гісторыя «сухога закона» ў ЗША ўсё яшчэ не скончылася. У Злучаных Штатах і цяпер хапае людзей, якія заклікаюць паўтарыць эксперымент стогадовай даўніны. Іх бастыёнамі з’яўляюцца гарады і штаты, жыхары якіх, паводле мясцовых законаў, вядуць цвярозы лад жыцця (некаторыя аж з сярэ­дзіны ХІХ стагоддзя).

Дзейнічае за акіянам і адпаведная Prohibition Party (Партыя за забарону), кандыдат якой удзельнічае нават у прэзідэнцкіх гонках. Праўда, на апошніх выбарах 2016-га ім быў сабраны не вельмі вялікі ўраджай галасоў — усяго 5600 чалавек па ўсёй краіне прагаласавалі за крымінальную адказнасць за ўжыванне спіртнога. З іншага боку, такі мізер тлумачыцца тым, што імя кандыдата ад Prohibition Party было ў выбарчых бюлетэнях толькі ў чатырох штатах. У гэтым годзе цвярознікі мараць пра прысутнасць на выбарах у пяці суб’ектах федэрацыі.