Дзяржаўны сакратар ЗША прыедзе ў Мінск 1 лютага

У раскладзе візітаў дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Майка Пампеа з'явілася Беларусь, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Дзяржаўны дэпартамент.

or_49783.jpg

Майк Пампеа наведае Лондан 29–30 студзеня, пасля будзе ў Кіеве 30 студзеня і 1 лютага, адтуль прыедзе ў Мінск, дзе будзе менш за дзень, і 1–2 лютага паляціць у Нур-Султан, 2–3 лютага будзе ў Ташкенце.
Візіт дзяржсакратара ЗША ў Беларусь быў запланаваны на 4 студзеня, але быў адменены праз абвастрэнне адносінаў ЗША з Іранам. Пра візіт у Мінск тады пісалі, што Пампеа мае «падкрэсліць прыхільнасць ЗША да суверэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, і пацвердзіць наша жаданне нармалізаваць адносіны, каб прасунуць нашы двухбаковыя дачыненні наперад».
Тым не менш днямі з'явілася інфармацыя, што ЗША могуць абмежаваць уезд у краіну грамадзянам Беларусі.
Гэта будзе першы візіт Дзяржсакратара ЗША за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Аднак не адзіны візіт высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка за апошні час — у жніўні Мінск наведаў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан, а ў верасні — намеснік Дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл.