Беларусь плануе купляць у Расіі 30-40% ад неабходных аб'ёмаў нафты
Беларусь будзе імкнуцца пастаўляць з расейскага рынку 30-40% ад неабходных аб'ёмаў нафты. Аб гэтым кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях павышэння эфектыўнасці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт, паведамляе БЕЛТА.
«Сапраўды, цяпер у поўным аб'ёме альтэрнатывы няма пастаўкам расійскай нафты. Але, як мы дамаўляліся, дыверсіфікавацца нам трэба. Трэба ісці да таго, што 30-40% мы будзем купляць нафты ў Расійскай Федэрацыі. Адсоткаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну — правераны ўжо шлях. Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расея пагодзіцца з гэтым. Дзіўна: наш саюзнік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага іншага саюзніка. Што ж, такая сітуацыя цяпер па пастаўках нафты, і мы павінны з гэтым разабрацца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Эканамічныя ўмовы, у якіх мы вымушаныя працаваць, ўскладняюцца. З-за ўвядзення Расійскай Федэрацыяй падатковага манеўру непазбежна зніжаюцца даходы рэспубліканскага бюджэту, пагаршаецца эфектыўнасць працы нашых нафтаперапрацоўчых заводаў. НПЗ сутыкнуліся з праблемай фінансавання бягучай дзейнасці і, што немалаважна, сваіх інвестыцыйных праграм, накіраваных на развіццё вытворчасці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Перад удзельнікамі нарады ён паставіў шэраг пытанняў. Яны датычацца прагнозаў развіцця сусветнага рынку нафты і нафтапрадуктаў на бліжэйшы час і сярэднетэрміновую перспектыву, дзеянняў для апярэджання магчымых негатыўных тэндэнцый, рэзерваў па павышэнню эфектыўнасці экспарту нафтапрадуктаў у існуючых умовах.
Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, як выконваецца яго патрабаванне аб арганізацыі паставак нафты, альтэрнатыўных расейскім.
Паводле onliner.by