Расія. Паштальён Печкін — вораг народа

Вялікая палітыка дабралася да такога, здавалася, нейтральнага культурнага прадукту, як мультфільм «Прастаквашына».

24381653.jpg


Як вядома, цяпер у Расіі выходзіць рымейк гісторыі пра прыгоды Дзядзькі Фёдара і яго сяброў. Але адзін з герояў мультфільму — паштальён Печкін — нечакана стаў выклікаць у аўдыторыі негатыўныя эмоцыі. Усё праз тое, што ў навагоднім выпуску мультсерыялу Печкін хваліць пенсійную рэформу, дзякуючы якой «памаладзеў». 

Нагадаем, пенсійная рэформа ў РФ, што набыла моц увосень 2018 года, прывяла да краху рэйтынгаў улады. Паводле апытанняў, яна стала самай негатыўнай падзеяй 2019 года, паколькі павялічвае ўзрост выхаду на пенсію. 

Не дзіўна, што рэпліку Печкіна ў сацыяльных сетках называюць «няўмелай і неразумнай прапагандысцкай акцыяй». Не падабаецца Печкін і бацькам, якія лічаць, што такая прапаганда арыентаваная на дзяцей. Арганізацыя «Бацькоўскі ўсерасійскі супраціў» нават выказала афіцыйны пратэст стваральнікам мультфільму. 

Між тым, многія баяцца, што Печкін працягне піярыць курс ураду і нават мадэлююць яго маналогі ў наступных выпусках. Напрыклад, у кантэксце закрыцця шпіталяў на вёсках Печкін можа заявіць, што «стаў здаровым, бо цяпер не прыходзіцца хадзіць па лекарах».

Паводле расійскай прэсы