Удзельнікаў маршу памяці абвінавацілі ў прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных адносін
На траіх удзельнікаў маршу памяці адваката Станіслава Маркелава і журналісткі «Новай газеты» Анастасіі Бабуравай у Маскве склалі пратаколы аб прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных адносін сярод непаўналетніх (6.21 КаАП). Пра гэта паведаміла «МБХ медыя» са спасылкай на адваката «АУС-Інфа» Вольгу Пельшэ.
Пратаколы складзеныя на Аляксандра Капрылава, Марыю Фадзееву і Дзмітрыя Ярцава. «Мой падабаронны і яшчэ двое абвінавачваюцца ў тым, што яны прыйшлі на мітынг арганізаванай групай, увасьмёх, уключаючы пецярых непаўналетніх. Сцвярджаецца, што яны адзіная група і што яны неслі плакаты не па тэматыцы мітынгу і ўсяляк прыцягвалі да сябе ўвагу. Тым самым яны прапагандавалі сярод непаўналетніх, з якімі нібыта прыйшлі», — сказала Пельшэ.
Пельшэ адзначыла, што плакаты, якія яны неслі былі такога зместу: «ЛГБТ супраць рэпрэсій», «Свабоду Цветковай» і «Свабоду Мішэль». «Непаўналетнія наогул на мітынгу не былі. Гэта купка 15-16-гадовых, яны ішлі кампаніяй і проста перасекліся з мітынгам. Затрыманыя адзін аднаго не ўсе ведаюць. Мой затрыманы прыйшоў без плаката. Ён узяў плакат, пакуль ішоў, у кагосьці і некаторы час яго нёс. Плакаты правяралі на ўваходзе, усе плакаты былі дапушчаныя на мітынг», — сказала адвакат.
Па дадзеных «Белага лічыльніка», ва ўчорашнім шэсці прынялі ўдзел больш за 1400 чалавек. Па інфармацыі «МБХ медыя», на акцыі затрымалі не менш за 11 чалавек.
Маркелаў і Бабурава былі забітыя ў Маскве на вуліцы Прэчыстэнка 19 студзеня 2009 года членамі неанацысцкай групоўкі Баявая арганізацыя рускіх нацыяналістаў — Яўгеніяй Хасіс і Мікітам Ціханавым. У 2011 годзе Ціханава прызналі вінаватым у забойстве, незаконным абароце зброі і вырабе падробленых дакументаў і прысудзілі да пажыццёвага тэрміну. Хасіс атрымала 18 гадоў пазбаўлення волі.
Антыфашысцкія шэсці і акцыі памяці пра забітых штогод праходзяць у Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах.