Чаму шведы перамагаюць карупцыю, а беларусы не
Чым вальней грамадства і СМІ, тым у карупцыі менш шанцаў.
Штогод шведскія суды выносяць усяго каля 10 прысудаў па карупцыйных справах, прычым, большасць з іх не цяжкія, якія цягнуць максімум на штраф.
Карупцыйныя скандалы скалынаюць Беларусь не першы год. Суды над высокапастаўленымі чыноўнікамі даўно сталі агульным месцам.
А вось Швецыя, калі і не перамагла карупцыю спрэс, то змагла моцна прыціснуць ёй хвост. Доўгі час карупцыя ў гэтай краіне адчувала сябе як дома, але затым шведскае кіраўніцтва ўзяло курс на кардынальную мадэрнізацыю дзяржавы і грамадства.
Быў распрацаваны комплекс мер, накіраваных на поўнае выключэнне карыслівых інтарэсаў у чыноўнікаў, і зменены сам прынцып дзяржрэгулявання: цяпер яно стала грунтавацца на стымулах сумленнага і адказнага кіравання — праз падаткі, льготы, субсідыі — а не шляхам дазволаў і забарон. То бок, у чыноўнікаў забралі галоўны карупцыйны інструмент — магчымасць дазваляць і забараняць па сваім меркантыльныя меркаванні.
Адначасна шведскі парламент і ўрад ўстанавілі высокія этычныя стандарты для чыноўнікаў і сталі дамагацца іх выканання. Праз усяго некалькі гадоў сумленнасць стала прэстыжнай нормай сярод дзяржслужачых.
Пры гэтым шведскія законы далёка не такія жорсткія, як беларускія, і крымінальны кодэкс адыграў не самую важную ролю ў барацьбе з карупцыяй. Ключавым фактарам у гэтай справе стала выхаванне шведскага грамадства. Яшчэ ў 1923 годзе ў Швецыі было створана грамадскае аб'яднанне «Інстытут супраць хабараў», што пачало фарміраваць у грамадстве атмасферу нецярпімасці да хабарніцтва. З часам гэта прынесла свой плён.
Дзякуючы грамадскім устаноўках у Швецыі з падазрэннем ставяцца да любога бізнэсоўца, які здолеў атрымаць звышвысокі даход за кароткі перыяд, або да чыноўніка, даходы якога істотна ніжэйшыя за яго расходы. Грамадская думка ператворыць такога бізнэсмэна ў парыю, таму што ніхто яму не будзе давяраць ні ў бізнэсе, ні ў побыце, а чыноўніка вымусіць сысці з пасады і не дазволіць яму больш атрымаць працу ні на дзяржслужбе, ні ў прыватным бізнэсе.
Вядучую ролю ў ажыццяўленні грамадскага кантролю граюць шведскія СМІ. Не звязаныя па руках і нагах драконаўскімі законамі накшталт беларускіх, яны агалошваюць любыя выпадкі карупцыі, нягледзячы на асобы і пасады. Калі карупцыйны эпізод атрымлівае агалоску ў прэсе, праваахоўнікі тут жа пачынаюць расследаванне па выкладзеных фактах. Цікава, што самі шведы ахвотна дзеляцца інфармацыяй з журналістамі, бо давяраюць ім і вераць у іх прафесіяналізм.
Яшчэ адзін козыр антыкарупцыйнай барацьбы — максімальная даступнасць інфармацыі. Для грамадзян Швецыі адкрыты доступ да унутраных дакументаў дзяржкіравання. Любы чалавек можа патэлефанаваць, напрыклад, у падатковую і атрымаць звесткі аб любым чыноўніку, аж да прэм'ер-міністра — пра ягоныя прыбыткі, маёмасці, наяўных у яго транспартных сродках, і нават пра яго абавязках.
У выніку ўсіх гэтых мер Швецыя можа пахваліцца адным з самых нізкіх узроўняў карупцыі ў свеце. Аднымі толькі мерамі заканадаўчага рэгулявання і крымінальнымі пакараннямі такога выніку дасягнуць не ўдалося б.
Паводле zautra.by