Сваякі «эканамічных» асуджаных дамагліся сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта

Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «Справядлівы прысуд», якая аб'яднала сваякоў зняволеных па эканамічных артыкулах, 22 студзеня запрошаны на сустрэчу ў Адміністрацыю прэзідэнта, куды раней яны звярталіся з некалькімі патрабаваннямі.

Фота: http://www.court.gov.by/

Фота: http://www.court.gov.by/

Ініцыятыва таксама вядзе збор подпісаў пад зваротам, які ініцыюе ўключэнне асуджаных па эканамічных і карупцыйных артыкулах у законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які рыхтуецца. Пад ім ужо каля 3,5 тысячы подпісаў.
У лісце на імя кіраўніка Адміністрацыі Ігара Сяргеенкі сваякі патрабуюць «аднавіць канстытуцыйныя правы грамадзян нашай краіны, асуджаных несправядлівымі прысудамі», прыняць прадстаўнікоў ініцыятывы асабіста, а ад кіраўніка краіны — разгледзець пытанне аб стварэнні на аснове існуючай камісіі па памілаванні асобнага напрамку па разглядзе спраў, у абставінах і прысудах якіх ёсць пытанні, падрабязна апісаныя ў лісце.
Сваякі спасылаюцца на тую жнівеньскую нараду кіраўніка краіны з сілавікамі, дзе Лукашэнка шмат казаў пра справядлівасць і прэзумпцыю невінаватасці. «Відавочна, што не ўсе праваахоўнікі пачулі гэты бясспрэчны пастулат, агучаны нашым Прэзідэнтам. Менавіта таму мы звяртаемся да Вас, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, па дапамогу ў барацьбе за справядлівасць».
У лісце ўказваецца на шматлікія парушэнні ў крымінальных справах, па якіх асуджаныя сваякі: размяшчэнне ў матэрыялах спраў падробленых дакументаў, абгавор, аказанне ціску, няправільная кваліфікацыя зробленага, адсутнасць доказнай базы, парушэнні патрабаванняў КПК. «Такім чынам, у месцах пазбаўлення волі на доўгія гады апынуліся людзі, якія не маюць той ступені віны і таго складу злачынства, па якім іх асудзілі».
Асобна сваякі звяртаюць увагу на так званыя яўкі з павіннай, здабытыя ў падазраваных пад ціскам або пад «абяцанне адпусціць», якія пасля не адпавядаюць фактычным абставінам справы і цалкам аспрэчваюцца ў судзе.
— Следчыя органы прытрымліваюцца сваёй мэты: давесці справу да суду і дасягнуць чарговага паказчыка раскрывальнасці, названага кіраўніцтвам. Гэта значыць спрацоўвае «галачная сістэма». У многіх выпадках выводзяцца з-пад адказнасці сапраўды вінаватыя асобы, якіх «пераводзяць» у катэгорыю сведак, каб хоць неяк матэрыялы справы адпавядалі прад'яўленым абвінавачванням. Пры такіх абставінах страшна тое, што людзей пазбавілі права на амністыю, УДВ, а іх сем'і — падтрымкі, а самае страшнае — веры ў справядлівасць, законнасць і правасуддзе.
Асаблівую ўвагу аўтары ліста звяртаюць на тое, што ў цяперашні час у дачыненні да спраў па эканамічных злачынствах, аднесеных да карупцыйных, складаецца сітуацыя, аналагічная справах па арт. 328 КК. «Ва ўмовах узмацнення барацьбы з карупцыяй у жорны сістэмы трапляюць людзі, якія не здзейснілі ўмененыя ім дзеі. Следства наўмысна няправільна кваліфікуе склад злачынства для таго, каб з'явіўся карупцыйны складнік: карыслівы матыў, а таксама група асоб па папярэдняй змове. Шкоду ацэньвае следчы, экспертызы не назначаюцца».
Сярод удзельнікаў ініцыятывы сваякі Андрэя Дамарацкага, Андрэя Садыкава, Марыны Марозавай, Уладзіслава Букатэнкі, Людмілы Санец, Віктара Кур'яновіча і многіх іншых.

Паводле tut.by