Каму патрэбны ўкраінскі Брэст?

Заява ўкраінскага дэпутата Надзеі Саўчанка аб неабходнасці перагляду мяжы з Беларуссю — не кур'ёз, а сталы фрагмент палітычнага дыскурсу адной з фракцый украінскага палітыкуму. Праўда, пакуль маргінальнай.

0711201215.jpg

Цяперашняя мажа Беларусі і Украіны ўсталявана паводле артыкула 1 «Дамовы аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве» ад 17 чэрвеня 1995 года. У тэксце дамовы, дарэчы, не толькі прызнаная непарушнасць існуючых паміж дзяржавамі межаў, але таксама дэклараваная адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій адзін да аднаго ў будучыні.

Чым жа кіруюцца ўкраінскія прыхільнікі перагляду існуючай мяжы, працягласць якой — для даведкі — складае амаль 1800 кіламетраў?

Як правіла, яны спасылаюцца на гістарычны прэцэдэнт — знаходжанне сто гадоў таму ў складзе Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) і гетманату, што прыйшоў яму на змену, тэрыторый, якія зараз належаць Рэспубліцы Беларусь. Паводле Брэсцкай дамовы, УНР перадалі частку Заходняга Палесся, уключна з Брэстам. На нейкі час дастаўся Украіне таксама Мазыр і Гомель.

Дарэчы, такі расклад відавочна не падабаўся аўтарам праекта БНР. Калі верыць брэсцкім гісторыкам, беларускія дзеячы вялі перамовы наконт гэтага пытання з Кіевам. Беларускі бок прапаноўваў правесці лінію па мяжы, якая гістарычна падзяляла Вялікае Княства Літоўскае і Польскае Каралеўства (у яго склад уваходзіла Украіна). Лідары УНР, а пасля гетман Скарападскі са спасылкай на тэкст Брэсцкага міру ўхіляліся ад новага размежавання. Зрэшты, вырашальнае слова ўсё роўна мелі не ўкраінцы, а Берлін, які патранаваў кіеўскі рэжым.

Другі аргумент за перанос памежных слупоў — некаторыя этнаграфічныя карты, згодна з якімі паўночны ўчастак мяжы ўкраінскага этнасу праходзіць прыкладна ад Мазыра па Прыпяці, затым — ламанай лініяй праз гарады Бяроза і Пружаны да мяжы з Польшчай. Часам у якасці аргументу за перагляд кардона служыць той факт, што ў час вайны ў цяперашнім беларускім Палессі актыўна аперавалі структуры бандэраўскай Украінскай паўстанцкай арміі (УПА).

Праўда, у асноўным «экспансіянізм» паўднёвых суседзяў выяўляецца ў выглядзе настальгіі па часах УНР і гетманату Скарападскага. Напрыклад, у 2012 годзе ў Львове прэзентавалі карту «Саборная Украіна», на якой намаляваная зона рассялення ўкраінцаў і мяжа Украіны па стане на восень 1918 года, у якую, адпаведна, уключаны ўвесь поўдзень цяперашняй Брэсцкай вобласці.

Трэба прызнаць, што ў сучасных украінскіх публікацыях і рэпартажах, прысвечаных мінулым тэрытарыяльным падзелам, тэма ўваходжання часткі Беларусі ў склад Украіны 1918-га года ўзгадваецца збольшага ўскосна. Прыярытэтам спекуляцый з'яўляецца Кубань. Нельга не звярнуць увагі і на тое, што любоў украінскіх патрыётаў да падобнай картаграфіі — супярэчлівая з’ява, паколькі, напрыклад, Крым у 1918-м не быў адміністрацыйна падкантрольным Кіеву.

Аднак перыядычна настальгічны флёр атрымлівае адценні палітычнай праграмы. Напрыклад, у 2014 годзе прэзідэнт дабрачыннага фонду «Украіна — Русь», экс-дэпутат Львоўскага гарсавета Расціслаў Наважэнец у рамках аднаго з мітынгаў заявіў, што ў 1919 годзе тэрыторыя Украіны была на 60% больш, чым у цяперашні час, і пералічыў усе страчаныя тэрыторыі, у тым ліку «Брэстчыну, Гомельшчыну, якія адышлі да Беларусі». Яго заяву падтрымалі некаторыя лідары праварадыкальнай партыі «Свабода».

Дастаткова маргінальны дыскурс наконт новай мяжы на поўначы атрымлівае пэўны розгалас ва ўкраінскім грамадстве дзякуючы «бурштынавай ліхаманцы» — масавай незаконнай здабычы бурштыну ва ўкраінскім Палессі. Дэмаркацыя, што пачалася ў 2015-м, пагражае бізнесу мясцовых жыхароў, якія актыўна пратэстуюць супраць гэтага працэсу, нібыта праз несправядлівы характар размежавання. Лабісцкую падтрымку пратэстоўцам забяспечваюць папулісты накшталт партыі «Укроп». Яе фракцыя ў Валынскім аблсавеце ў ліпені 2016 года заклікала Вярхоўную Раду Украіны стварыць камісію для праверкі дакументаў па дэлімітацыі ўкраінска-беларускай мяжы.

Тое, што ініцыятыва валынскага «Укропу» не атрымала развіцця,  сведчыць пра нежаданне афіцыйнага Кіева распальваць памежныя спрэчкі з рызыкай атрымаць новы фронт. Такі канфлікт будзе на карысць Масквы, чыя прэса актыўна смакуе інцыдэнты на беларуска-ўкраінскай мяжы і заклікае Мінабароны Рэспублікі Беларусь неадкладна стварыць Паўднёвае аператыўнае камандаванне

Дэмарш Саўчанка, якая мае рэнамэ экстравагантнага палітыка, можна было б ігнараваць. Аднак, як прызнаюць нават звязаныя з апазіцыяй беларускія эксперты, праз «бурштынавую» праблему ў памежнага канфлікту можа з'явіцца патэнцыял.