Кыргызстан: канец «вострава свабоды»?

Сёння ў Кыргызстане адбываюцца прэзідэнцкія выбары, яны надалі новы імпульс дэбатам — чаму ў гэтай цэнтральна-азіяцкай краіне, у адрозненне ад іншых краін СНД, захавалася дэмакратыя?

Фота www.trbimg.com

Фота www.trbimg.com

«Востраў свабоды» — такое метафарычнае вызначэнне замацавалася за Кыргызстанам у прэсе. Тытул не штучны. Кыргызстан — рэдкае выключэнне ў СНД. Тут свабодна працуе няўрадавы сектар і прэса. А на пасаду прэзідэнта прэтэндуюць кандыдаты ад больш чым 15-ці партый. Пры гэтым нікому ў галаву не прыйдзе тое, што папярэдні прэзідэнт адмовіцца прызнаваць вынікі выбараў і пакідаць пасаду.

Адкуль у кіргізаў такі ген свабоды, асабліва з улікам таго, што краіна вельмі бедная? Наконт гэтага існуе цэлы спектр тэорый, у тым ліку вельмі экстравагантных. Напрыклад, папулярная, паводле якой дэмакратыю ўдалося захаваць праз адсутнасць агульнай мяжы з Расіяй, якая падтрымлівае па контуры сваіх межаў аўтакратычныя рухі. Не менш арыгінальная думка пра тое, што сучасная ідэнтычнасць кіргізаў будавалася на фоне інтэнсіўнага паўстання аўтарытарных рэжымаў ва ўсіх краінах-суседках. Таму, каб адрознівацца ад суседзяў, кіргізы, маўляў, пачалі дэманстратыўна падтрымліваць дэмакратычныя свабоды.

А вось ветэран дэмакратычнага руху, былая прэзідэнтка краіны Роза Атунбаева лічыць, што ўся справа ў традыцыях кіргізаў. «Я думаю, што дэмакратыя ў нас у крыві, у нашым ладзе жыцця. Мы — нацыя з духам качэўнікаў, адкрытая, дынамічная, рухомая. Мы не трымаемся за нажытае, мы лёгкія на ўздым. У тым, як мы бачым свет, — усё павінна быць роўна і справядліва, з улікам усіх меркаванняў», — кажа Атунбаева.

Вельмі цікавую разгадку з’явы прапанаваў кіргізскі палітолаг Тамерлан Ібраімаў. «У сучасным Кыргызстане няма альтэрнатывы дэмакратыі. Як толькі ў тут з’яўляюцца першыя прыкметы аўтарытарызму, адразу становіцца відавочным, што нашы «тыраны» настолькі прымітыўныя і схільныя да таго, каб нешта скрасці, што нават маючы значныя ўладныя паўнамоцтвы, яны будуць не ў стане распарадзіцца імі на карысць грамадства», — піша Ібраімаў.

Аднак найбольш запатрабаванай з’яўляецца версія пра этнапалітычны фактар. Кіргізы як нацыя ўяўляюць сабой кангламерат 40 плямёнаў (без уліку вялікай узбекскай грамады). Ва ўмовах моцнай кланавай і этнічнай фрагментацыі ні ў аднаго палітычнага актора ў краіне няма такіх рэсурсаў, якія б дазвалялі яму навязваць сваю волю іншым.

Як бачым, крыніцы кіргізскага дэмакратычнага нонсенсу мала хто бачыць у высокай грамадзянскай свядомасці жыхароў. Хутчэй, кіргізская дэмакратыя — следства сітуатыўнай камбінацыі шэрагу фактараў, якія не статычныя. Адсюль і шматлікія публікацыі, аўтары якіх лічаць, што кіргізскі «востраў свабоды» вырачаны.

Пры гэтым яны спасылаюцца на ўсе больш нізкія пазіцыі краіны ў шматлікіх рэйтынгах вымярэння дэмакратычных стандартаў. І на тое, што яшчэ ў часы Бакіева пачалі казаць: кіргізамі пройдзеная «стадыя механічнага капіявання і пераймання заходніх палітычных сістэмаў». Пра эрозію веры ў дэмакратыю сведчыць і папулярны мясцовы анекдот: «Чаму дарослыя не вераць у Дзеда Мароза? Таму што яны вераць у дэмакратыю».

Ці будуць цяперашнія выбары прэзідэнта фатальнымі для траекторыі кіргізскай дэмакратыі? Пра гэта НЧ распавядае бішкекскі праваабаронца Сяргей Сарыеў:

Выбары дасюль захоўваюць інтрыгу. Ніколькі раней замежныя гульцы так дэманстратыўна не гулялі на ўнутраным палітычным рынку. Менавіта таму апошнім часам абвастрыліся адносіны з Казахстанам. На думку афіцыйнага Бішкеку, Астана (і ўскосна Масква) адкрыта лабіруе свайго кандыдата Амурбека Бабанава, які, паводле розных апытанняў, апярэджвае Жээнбекава — стаўленіка ўлады, за якім стаіць Захад і краіны Персідскай затокі. Справа нават дайшла да ўзаемных выпадаў на ўзроўні МЗС і плётак пра магчымую казахска-кіргізскую вайну. Усё ідзе да другога туру, дзе сустрэнуцца тыя ж Бабанаў і Жээнбекаў. У гэтым выпадку ўладай будзе мабілізаваны ўвесь адміністратыўны рэсурс, а апазіцыя, у сваю чаргу, пачне гуляць на раскол праўладнага лагеру, які вельмі стракаты.

Аднак для лёсу кіргізскай дэмакратыі значна больш важныя наступствы моды на іслам. За 25 гадоў у краіне вырасла генерацыя маладых людзей, якія варожа ставяцца да заходняй культуры і дэмакратыі. Калі ісламісты паспрабуюць стварыць сваю палітычную платформу, дэмакратычны эксперымент будзе пад пытаннем. Прычым, ініцыятарамі стварэння ў Кіргізіі аўтакратычнага рэжыму могуць выступіць заходнія дэмакратыі. Як адкрыта піша тая ж нямецкая прэса, бяспека і стабільнасць у краіне і рэгіёне ва ўмовах цяперашняй палітычнай кан’юнктуры ўяўляюць значна больш важныя чыннікі, чым пытанні непрадказальнай дэмакратыі ў Кыргызстане.