Карабах: 20 гадоў міру ці чакання новай вайны? (фота)
Рэпартаж з сэрца непрызнанай рэспублікі, канфлікт вакол якой у кожны момант можа перарасці ў маштабную вайну.
На неафіцыйных, але вельмі папулярных у Армэніі й Нагорным Карабаху мапах Карабах (разам з "буфэрнай зонай") паказаны як неад'емная частка Армэніі.
Карабаская вайна паміж азэрбайджанцамі й армянамі скончылася 20 гадоў таму. Армяне, якія пражывалі ў былой Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці савецкага Азэрбайджану, пры падтрымцы Армэніі перамаглі азэрбайджанскія сілы й стварылі непрызнаную Нагорна-Карабаскую рэспубліку. Перамовы аб статусе Нагорнага Карабаху ідуць з 1994 году. Але сёньня абодва бакі знаходзяцца ад заканчэньня канфлікту яшчэ далей, чым былі 20 гадоў таму. Аб тым, як выглядае жыцьцё ў непрызнанай дзяржаве, зь яе сталіцы Сьцепанакерту расказвае Аляксандар Папко.
Пры словазлучэньні “зона канфлікту” уяўленьне малюе змрочныя вобразы руінаў, блёкпастоў і прыгнятаючай атмасфэры трывогі. 60-тысячны Сьцепанакерт разьбівае гэтыя стэрэатыпы. Дагледжаны горад поўны новых будынкаў. На новым стадыёне трэніруецца мясцовая футбольная каманда, у кавярнях гамоніць моладзь, а на цэнтральнай плошчы ставяць калядную ялінку. Карабах стаў сымбалем нацыянальнага гонару армянаў. Ерэван і армянская дыяспара укладаюць сюды вялікія грошы, каб зрабіць жыцьцё карабахцаў максымальна камфортным. Пра тое, адкуль 140-тысячная непрызнаная рэспубліка бярэ сродкі, распавядае карабаскі палітычны аналітык Цігран Грыгаран.
Цігран Грыгаран.
Ц. Грыгаран: Значная частка нашай эканомікі – гэта сельская гаспадарка. У нас ёсьць шмат прадпрыемстваў, якія вырабляюць алькагольныя напоі (віно, гарэлку, каньякі), каторыя прадаюцца пазьней у Расеі ды Эўропе. Ёсьць таксама тэкстыльная вытворчасьць. Нядаўна ў нас адкрыўся цэх, дзе шыюць вопратку для вядомых італьянскіх брэндаў. Другая крыніца даходаў – гэта штогадовы міждзяржаўны крэдыт з Армэніі, які складае крыху больш за 50% даходаў мясцовай эканомікі. Акрамя таго, мы маем руднікі, на якіх здабываюць золата й медзь. Яшчэ мы маем гідраэлектрастанцыю. У энэргетычным пляне мы хутка будзем самадастатковымі й пачнем экспартаваць электраэнэргію ў Армэнію.
Асноўнымі працадаўцамі ў Карабаху зьяўляюцца дзяржаўны апарат, сацыяльныя службы й добра аплочваемая армія. Кровапралітную вайну 1991-1994 гадоў тут памятаюць усе – кажа былы камандзір падразьдзяленьня выведкі арміі Карабаху Андранік.
Андранік: Сьцепанакерт абстрэльвалі дзень і ноч зь зямлі, бамбілі з паветра, выкарыстоўвалі дальнабойную артылерыю. Тут было сапраўднае пекла! Але мы выйгралі гэтую вайну, бо ў нас была вельмі дысцыплінаваная армія. У нас была жалезная дысцыпліна.
Вэтэран карабаскай вайны з гонарам расказвае нам, што Сьцепанакерт удалося аднавіць з попелу.
Андранік: Гэтыя дамы пабудаваныя для сем’яў нашых загінулых воінаў. Сем’і не заплацілі ані капейкі – ўсё кампэнсавала дзяржава! А гэтыя дамы пабудаваныя для афіцэраў нашай арміі. Вось гэта – сьцепанакерцкая школа №1. Яна была поўнасьцю разбураная. Амэрыканскія армяне пабудавалі новую школу, паводле самых сучасных тэхналёгіяў. Вось найноўшая гасьцініца, парк, будынак Саюзу вэтэранаў. Прыгожы горад, які вы бачыце, мы аднавілі за 20 гадоў, дзякуючы армянскай супольнасьці ў Амэрыцы, Францыі, ды й простым армянам, якія жывуць у Расейскай Фэдэрацыі. Усе сацыяльныя пытаньні вырашаюцца. Мы жывем, выжываем, дзякуючы свайму розуму й таленту. А самае галоўнае – дзякуючы нашым байцам, якія цяпер стаяць на пазыцыях .
Гэтыя пазыцыі знаходзяцца вельмі блізка - усяго ў 20 кілямэтрах ад Сцепанакерту. Сутычкі на так званай “лініі кантакту” адбываюцца пастаянна. У ліпені-жніўні гэтага году па абодва бакі траншэяў загінулі ня менш за 22 вайскоўцы. А 12 лістапада азэрбайджанскія сілы зьбілі армянскі ваенны верталёт з трыма пілётамі на борце.
Жыхары Карабаху прызвычаіліся жыць у пастаяннай гатоўнасьці да новай вайны. Таму сутычкі іх абсалютна не трывожаць, хоць напэўна кожная сям’я мае зброю й ведае, што рабіць, калі вайна ўспыхне ізноў. Пра настрой карабахцаў расказвае выкладчыца музыкальнай вучэльні Ліліт.
Ліліт
Ліліт: Я добра памятаю карабаскую вайну, хоць была тады дзіцём. Ведаеце, вайна можа адбыцца ў любой кропцы сьвету. На сёньняшні дзень тут спакойна. Канешне, на мяжы часамі трывожна бывае, але мы неяк спакойна жывем. Прынамсі я так сабе кажу (сьмяецца).
У выніку вайны некаторыя раёны на паўночным ўсходзе Нагорнага Карабаху засталіся ў руках азэрбайджанскай арміі. А армянскія сілы занялі значныя тэрыторыі на усход, захад і поўдзень ад былой Карабаскай аўтаноміі. Кіроўца вядзе нас у самае вядомае месца гэтай “буфэрнай зоны” – горад Агдам. Ён просіць не рабіць здымкаў, каб ня мець праблемаў са спэцслужбамі.
Тое, што было 50-тысячным горадам – цяпер поле руінаў да гарызонту: зьнішчаныя могілкі, разбураныя дамы. Сярод руінаў пасьвяцца каровы, авечкі й сьвіньні. Адзіны цэлы будынак – гэта мячэць XIX стагодзьдзя. Аднак яе сьцены сьпісаныя графіці, а ўнутры храму – сьляды выпасу жывёлы. Пасьля таго, як у 1993 годзе армянскія сілы занялі Агдам, улады Сьцепанакерту загадалі зьнішчыць азэрбайджанскі горад. Ураджэнец Карабаху Армэн расказвае, што ён адчувае на руінах Агдама.
Армэн: Агдам мае два значэньні. З аднаго боку – гэта сымбаль чалавечай трагедыі. З другога – гэта папярэджаньне Азэрбайджану, якое не дае яму зноў напасьці на нас і пачаць вайну. Яе наступствы будуць вельмі дрэннымі. Выйграць вайну – гэта гонар. Аднак у разбурэньні гораду ніякага гонару няма. Вы знойдзеце шмат армянаў, якія лічаць што разбураць Агдам было нельга. Лепш было б захаваць горад і перасяліць туды армянаў, якіх выгналі з Азэрбайджана.
Спачатку ўлады Карабаху называлі гэтыя тэрыторыі “буфэрнай зонай”, затым – “вызваленымі тэрыторыямі”, цяпер – “канстытуцыйнымі тэрыторыямі Нагорнага Карабаху”. З-за агульнай атмасфэры нянавісьці пра вяртаньне азэрбайджанскіх бежанцаў сюды ня можа быць мовы, як ня можа быць мовы й пра вяртаньне армянаў у Баку й Сумгаіт, адкуль іх выгналі азэрбайджанцы – кажа палітычны аналітык Цігран Грыгаран.
Землі “буфэрнай зоны” Сьцепанакерт аддаваць Азэрбайджану таксама не намераны – сьцьвярджае экспэрт.
Ц. Грыгаран: Ад нас патрабуюць здаць вызваленыя тэрыторыі. Аднак калі мы паглядзім на сытуацыю цьвяроза, то ўбачым, што пасьля гэтай гіпатэтычнай здачы наша тэрыторыя значна скароціцца. І адной маленькай правакацыі з боку Азэрбайджану хопіць, каб заваяваць Карабах на працягу некалькіх дзён. Апошнія падзеі ва Ўкраіне паказалі, што ніякія міжнародныя пагадненьні ня могуць гарантаваць мір і тэрытарыяльную цэласнасьць. Краіна-падпісант Будапэшцкага мэмарандуму Расея стала асноўным яго парушальнікам. Іншыя краіны-падпісанты – Вялікабрытанія й ЗША, не зрабілі нічога, каб абараніць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Тады ўзамен за гэтыя гарантыі Ўкраіна адмовілася ад ядзернай зброі. А нашай ядзернай зброяй у дадзеным выпадку зьяўляюцца вызваленыя тэрыторыі.
Армяне Карабаху жадаюць далучыцца да Армэніі, ад якой іх рэспубліка залежная ў эканамічным і вайсковым пляне. Аднак адсутнасьць міжнароднага прызнаньня не дазваляе аб’яднаццца – кажа Цігран Грыгаран.
“Я ня думаю, што статус Карабаха можна вырашыць міжнароднымі перамовамі. Гэта пытаньне балянсу сілаў. Хутчэй за ўсё, будзе новая вайна. Пераможца ў гэтай вайне й атрымае Карабах”, – прызнаецца аналітык.
Сталіца нагорнага Карабаху Сьцепанакерт ляжыць сярод незвычайна маляўнічых гор
Горад абсалютна не прыгадвае зоны канфлікту, хоць лінія супрацьстаяньня арміяў Азербайджану і Карабаху праходзіць усяго ў 20 кілямэтрах
Цэнтральная плошча Сцепанакерту з будынкам парлямэнту
На новым стадыёне трэніруецца мясцовая футбольная каманда "Лернаін Арцах"
На галоўнай плошчы горада рабочыя спакойна ўсталёўваюць калядную елку
Сляды вайны ў горадзе вельмі цяжка адшукаць
Будынак Арцахскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту
Поле руінаў да гарызонту — гэта ўсё, што засталося ад 50-тысячнага гораду Агдам.
Аляксандар Папко, Сьцепенакерт, www.radyjo.net