Кітай накіроўвае да Тайваня ваенныя самалёты, там гавораць пра пагрозу выпадковай вайны

Небяспека ўзброенага канфлікту ў тайваньскім праліве цяпер самая высокая за апошнія 40 гадоў, заявіў у сераду міністр абароны Тайваня Чыу Куо Чэн. Ён папярэдзіў, што вайна можа пачацца ў любы момант з-за якой-небудзь выпадковасці.

Бамбавік Xian H-6. Такія адпраўляе Кітай на мяжу з Тайванем. Фота: bbc.com

Бамбавік Xian H-6. Такія адпраўляе Кітай на мяжу з Тайванем. Фота: bbc.com


Апошнія чатыры дні Пекін накіроўвае ў зону супрацьпаветранай абароны Тайваня беспрэцэдэнтную колькасць сваіх баявых самалётаў. Хоць яны не далятаюць да выспы, існуе рызыка, што ў напружанай абстаноўцы хтосьці можа памылкова стрэліць, лічыць Чыу Куо Чэн.
Ён таксама выказаў здагадку, што КНР плануе ўварванне на Тайвань на 2025 год. Паводле яго слоў, тэхнічна Пекін гатовы ўжо сёння, але ў найбліжэйшай будучыні зможа зрабіць гэта з большай лёгкасцю. Міністр не патлумачыў, на чым заснаваны яго прагноз.
Чыу Куо Чэн заявіў гэта на пасяджэнні парламенцкага камітэта, дзе абмяркоўваліся асігнаванні на набыццё ракет і баявых караблёў для Узброеных сіл Тайваня на некалькі мільярдаў долараў.
Назіральная зона, у якой тайваньская СПА фіксуе любую ваенна-паветраную актыўнасць, ахоплівае Тайваньскі праліў і частку ўзбярэжжа мацерыковага Кітая.
Заходнія саюзнікі Тайваня выказалі заклапочанасць дэманстрацыяй кітайскай ваеннай моцы, але прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што кітайскі лідар Сі Цзіньпін раней запэўніў Вашынгтон у сваёй прыхільнасці «палітыцы аднаго Кітая», якая з 1971 года з'яўляецца краевугольным каменем амерыканска-кітайскіх адносін па тайваньскім пытанні.
«Я пагаварыў з Сі пра Тайвань. Мы дамовіліся, што будзем прытрымлівацца дамоўленасці па Тайваню. Я не думаю, што ён стане рабіць што-небудзь насуперак ёй», — сказаў Байдэн.
Апошняе сур'ёзнае абвастрэнне ваеннай напружанасці ў гэтым рэгіёне мела месца ў 1996 годзе, калі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў на Тайвані Пекін дэманстратыўна правёў ракетныя выпрабаванні, а ЗША накіравалі ў рэгіён свае авіяносцы.

Застарэлы канфлікт

У 1949 годзе, пасля перамогі кітайскіх камуністаў у грамадзянскай вайне з Гаміньданам, тагачасны прэзідэнт Чан Кайшы і яго прыхільнікі эвакуіраваліся на Тайвань і найбліжэйшы архіпелаг Пэнху, а амерыканскі флот не дазволіў Мао Цзэдуну высадзіць на іх дэсант.
Кітай дагэтуль лічыць Тайвань мяцежнай правінцыяй і дэкларуе намер калі-небудзь вярнуць яго, калі спатрэбіцца, і ваенным шляхам.
Пекін не раз папярэджваў, што афіцыйнае абвяшчэнне незалежнасці Тайваня з'яўляецца для яго «чырвонай лініяй», за перасячэннем якой рушаць услед сілавыя дзеянні. Прэзідэнт Тайваня Цай Інвэнь нядаўна заявіла, што яе краіна — суверэнная дзяржава і не мае патрэбы ў пацвярджэннях гэтага афіцыйнымі актамі.
Улады Тайваня да пачатку 1990-х гадоў не прызнавалі КНР і лічылі сябе адзіным законным урадам усяго Кітая.
Па выніках гістарычнага візіту прэзідэнта Ніксана ў Пекін у 1971 годзе ЗША абвясцілі «палітыку аднаго Кітая», разарвалі дыпламатычныя адносіны з Тайванем і знялі пярэчанні супраць прадастаўлення КНР месца ў Савеце Бяспекі ААН, якое раней належала Тайваню.
«Палітыка аднаго Кітая» не забараняе Вашынгтону развіваць эканамічныя сувязі з Тайванем і пастаўляць яму зброю ў рамках прынятага ў 1979 «Акта аб адносінах з Тайванем» («Taiwan Relations Act»).

Статус Тайваня

Тайвань — дэмакратычная краіна з квітнеючай рынкавай эканомікай і 300-тысячнай арміяй. На дадзены момант яго афіцыйна прызнаюць 14 са 193 членаў ААН плюс Ватыкан, але пераважная большасць дзяржаў падтрымліваюць з ім эканамічныя і консульскія сувязі праз свае бюро, інстытуты і місіі ў Тайбэі, якія не маюць статусу амбасады.
Леташнія дзеянні ўлад КНР у Ганконгу, прынятыя ў парушэнне дамоўленасцей, заключаных пры яго перадачы Кітаю, выклікалі трывогу на Тайвані і ў яго саюзнікаў.
15 верасня гэтага года ЗША, Брытанія і Аўстралія стварылі ваенны альянс пад назвай AUKUS.
На думку экспертаў у сферы бяспекі, альянс прызначаны ў асноўным для стрымлівання актыўнасці Пекіна ў Паўднёва-Кітайскім моры, хоць афіцыйна пра гэта не гаворыцца.
Паводле bbc.com.
Пераклад НЧ.