Народны метад. У РФ мабілізаваны 12 дзён ратаваўся ад вайны з дапамогай гарэлкі

Запамінайце, як гэта робіцца: днём вайсковец ужываў спіртныя напоі, а ноччу спаў у зале бара. Амаль два тыдні гэта працавала.

1587877670168448781.jpg

Ва Уладзімірскай вобласці РФ «мобік» 12 дзён п'янстваваў у бары, ратуючыся ад вайны. Пра гэта паведамляе праект «ВЧК-ОГПУ» са спасылкай на прысуд, вынесены па артыкуле аб самавольным пакіданні вайсковай часткі ў перыяд мабілізацыі ў дачыненні да мабілізаванага з Ліпецкай вобласці Разанава У. У.

Як адзначаецца ў дакуменце, 18 кастрычніка 2022 года мабілізаваны вайсковец пералез праз плот вайсковай часткі ў Каўрове і пайшоў выпіваць у кавярню.

Пасля закрыцця кафэ Разанаў адправіўся ў грыль-бар «Славянка», дзе затрымаўся аж да 30 кастрычніка. На працягу амаль двух тыдняў мабілізаваны днём выпіваў, а ўначы спаў у бары. Усё гэта працягвалася да таго часу, пакуль у «Славянку» не прыйшлі работнікі ваеннай паліцыі і не вывелі яго з памяшкання.

Прысудам Разанаву прызначана пазбаўленне волі на два гады ў калоніі-пасяленні.

Варта адзначыць, што метад вынік даў. Прынамсі, ваяваць мужчына не паедзе. Дый час увогуле правёў няблага.

23 студзеня 2023 года прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў нагадаў расійцам пра тое, што частковая мабілізацыя на тэрыторыі Расіі ўсё яшчэ дзейнічае, бо яна ахоплівае не толькі ваенную службу, але і меры, неабходныя для забеспячэння задач ваеннага апарата.

Расійскія памежнікі не выпускаюць з краіны выхадцаў з краін СНД з грамадзянствам Расіі. З праблемай сутыкнуліся ўраджэнцы Кыргызстана і Таджыкістана, якія спрабавалі з'ехаць на радзіму. Аргументуюць гэта тым, што людзі ўключаныя ў «мабілізацыйныя спісы».

Намеснік начальніка ГУР Міністэрства абароны Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі заявіў, што ў выпадку мабілізацыі яшчэ 500 тысяч расійцаў, аб планах РФ ажыццявіць якую кажуць усё часцей, у краіны-агрэсара ўзнікнуць праблемы з іх забеспячэннем.

Расійскі апазіцыянер і папулярны блогер Марк Фейгін лічыць, што без мабілізацыі Расія далей ваяваць не зможа. Аднак пастаянна папаўняць асабісты склад арміі РФ за кошт мабілізаваных амаль немагчыма.

Між тым расійскіх мабілізаваных, якія ваявалі на Сватаўскім кірунку, прымушаюць падпісаць кантракт. Камандаванне катуе іх голадам, пасяліла пад адкрытым небам і пагражае крымінальнымі справамі.

Паводле unian.net.