Настальгуючы па гуляшу

Венгрыя адзначае 100-ю гадавіну з дня нараджэння Янаша Кадара — аўтара мадэлі «гуляшнага сацыялізму». Пра месца Янаша Кадара ў венгерскай гісторыі і яго палітычную спадчыну журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з венгерскім палітолагам Маціясам Бенікам.

— Ці згадваюць Янаша Кадара ў посткамуністычнай Венгрыі?



39555391eb0624a439c5131b1bb8a2e0.jpg

Венгрыя адзначае 100-ю гадавіну з дня нараджэння Янаша Кадара — аўтара мадэлі «гуляшнага сацыялізму». Пра месца Янаша Кадара ў венгерскай гісторыі і яго палітычную спадчыну журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з венгерскім палітолагам Маціясам Бенікам.
— Ці згадваюць Янаша Кадара ў посткамуністычнай Венгрыі?
— Пару гадоў таму ў нас праводзілася шоў «Герой Венгрыі», калі шляхам галасавання гледачы выбіраюць самую значную на іх думку фігуру ў нацыянальнай гісторыі. Трэцім па папулярнасці венграм у гісторыі аказаўся Янаш Кадар, які прапусціў наперад двух сярэднявечных венгерскіх каралёў. Інфармацыя пра тых манархаў будуецца на летапісах, у якіх яны малююцца выключна ў пазітыўным ракурсе. Між тым, Кадара памятае большая частка насельніцтва, ведае яго асабістыя плюсы і мінусы. Таму трэцяе месца ў гэтым спісе вельмі ганаровае. Асабліва, калі згадаць, што пасля пераходу да дэмакратыі ў афіцыйнай гістарыяграфіі Кадар выстаўляецца як вельмі негатыўны персанаж, які пагадзіўся на супрацоўніцтва з Саветамі пасля падаўлення імі паўстання 1956 года.
— Чаму, на вашу думку, Кадар здрадзіў свайму сябру Імрэ Надзю, які заклікаў да супраціву савецкай арміі? Вядома, што Кадар быў дырэктарам МУС у кабінеце Надзя, і нават спачатку выступаў прыхільнікам ідэі вайны з савецкімі акупантамі...
— Канчатковы адказ ведае выключна сам Кадар, якога пасля пачатку паўстання даставілі ў Маскву і прапанавалі ўзначаліць венгерскі прасавецкі ўрад. Гісторыкі называюць шмат матываў для прыняцця прапановы Крамля. Магчыма, Кадар разумеў, што без падтрымкі Захаду мяцеж не мае шансаў, а Захад на той час устрымаўся ад вайсковай падтрымкі паўстанцаў. Магчыма, як перакананы камуніст, ён не хацеў пераходу Венгрыі ў зону ўплыву Захаду. Нарэшце, яму маглі пагражаць смерцю ў казематах Лубянкі. Так ці інакш, ён прыняў прапанову Хрушчова і ў выніку змог перагуляць Маскву, якая за знешнюю лаяльнасць пагадзілася даць Венгрыі самую вялікую аўтаномію сярод усіх дзяржаў Варшаўскага блоку, не кажучы пра эканамічную дапамогу, якая заклала асновы венгерскага эканамічнага цуда. Па дамове з СССР Кадар мог набываць танныя энерганосьбіты і адначасова прадаваць у СССР за валюту венгерскія прадукты. Гэта ў сваю чаргу дазваляла браць крэдыты на Захадзе.

Янаш Кадар (у цэнтры) з Мікітам Хрушчовым
і Леанідам Брэжневым


— Гэтая схема чымсьці падобная на тое, што робіць Мінск, набываючы ў Расіі танныя нафтапрадукты і перапрадаючы іх на Захад.
— Паляпшэння эканомікі мала, каб урад атрымаў легітымізацыю ў вачах грамадзян. Пры Кадары праводзілася гнуткая ўнутраная палітыка, якая была заснаваная на прыцягненні людзей да ўдзелу ў прыняцці рашэнняў. У пачатку 1960-х гадоў у партыі была дазволена ўнутраная дэмакратыя. Ледзь не сілай быў навязаны прынцып абавязковай наяўнасці альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах. На прадпрыемствах былі створаныя т. зв. «чацвёркі» — саветы прадстаўнікоў камсамолу, парткому, прафсаюзаў і адміністрацыі, якія вызначалі курс прадпрыемства і былі гаспадарамі рэсурсаў. Дзесьці гэта мадэль спрацавала, дзесьці — не, аднак ілюзію народаўладдзя яна зрабіла.
Як ілюстрацыя — з 400 тысяч чалавек, якія пакінулі краіну падчас паўстання, прыкладна палова ў 1960-я гады вярнулася на радзіму. Як вынік, дысідэнцкі рух у Венгрыі быў вельмі слабы, паколькі дэбаты былі дазволеныя. Хаця толькі ўнутры партыі.
— Што ўвогуле ўяўляла сабой апазіцыя ў часы Кадара?
— Было некалькі фракцый. Так, адмірал Хорці, які збег пасля Другой сусветнай вайны ў Партугалію, намагаўся падтрымліваць асяродкі падполля. Пачынаючы з 1960-х гадоў палітычная эміграцыя пачынае аб’ядноўвацца вакол рэдакцыі венгерскай службы «Радыё Свабодная Еўропа». Аднак дзейнасць праціўнікаў Кадара была вельмі дзіўная, асабліва з улікам таго, што, пачынаючы з 1970-х гадоў, Захад зразумеў: венгерская мадэль ёсць вельмі прываблівая ў вачах жыхароў краін Варшаўскага блоку і дае магчымасць прагрэсіўнай фракцыі кампартый заклікаць да ўвядзення ў сваіх краінах элементаў дэмакратыі і рынкавай эканомікі, як гэта робіцца ў Венгрыі. Найбольш вядомай сімвалічнай акцыяй у падтрымку Кадара з боку Захаду была ўрачыстая перадача ў 1979 годзе з ЗША ў Будапешт кароны венгерскіх каралёў, так званай Святой Кароны караля Іштвана Першага. Венгерская апазіцыя расцаніла гэты акт адміністрацыі Картэра як здраду. З-за вялікай ступені лібералізацыі галоўнымі выразнікамі пратэсту былі моладзевыя рок-калектывы. Аднак паколькі яны былі ўдзельнікамі субкультуры хіпі, іх крытыка мела характар індывідуальнага, духоўнага, а не палітычнага пратэсту.
— У Савецкім Саюзе было шмат анекдотаў пра генсекаў. А ў сацыялістычнай Венгрыі распавядалі анекдоты пра Кадара?
— Так. Як правіла, у такіх жартах Кадар выступае як хітры ліс, які павінен пераканаць Маскву ў тым, што адданы ёй, а сам між тым робіць тое, што яму патрэбна. Таксама хадзілі чуткі, што сам Кадар часта дае зразумець, што ён не верыць у прапаганду пра венгерска-савецкае сяброўства. Быццам, падчас рознага кшталту з’ездаў, калі гаворка пра гэта заходзіла, ён хітра з намёкам падміргваў.

Напрыканцы жыцця Янаш Кадар стаў ахвярай уласных
таварышаў па партыйнаму кіраўніцтву

 


— Вядома, што важнай часткай цяперашняй палітычнай дыскусіі ў Венгрыі з’яўляецца тэма аб’яднання ўсіх этнічных венграў, якія пасля Першай сусветнай вайны апынуліся па-за межамі радзімы, у рамках адной дзяржавы. А ці ўздымалася гэта пытанне ў часы Кадара?
— Практычна ніколі, хаця адносіны з Румыніяй (там жыве шмат венграў) былі вельмі напружаныя. Толькі ў пачатку 1980-х гадоў пачаліся размовы пра тое, што Венгрыя павінна нейкім чынам дапамагаць суайчыннікам у замежжы. Аднак на той час гэта было ўжо часткай барацьбы ў апараце за месца пераемніка Кадара, які з-за салідных гадоў стаў, хутчэй, фармальным лідарам.
— Вы кажаце пра вялікую папулярнасць Кадара сярод венграў, аднак на палітычным полі дамінуюць правыя партыі. Чаму адсутнічае палітычная сіла, якая гуляе на настальгіі па часах «гуляшнага сацыялізму»?
— Калі ў 1989 годзе Венгерская рабочая сацыялістычная партыя стала на шлях сацыял-дэмакратыі, частка яе сяброў стварыла апазіцыйную Венгерскую рабочую партыю. Яна сапраўды спрабуе спекуляваць на спадчыне Кадара, аднак вялікіх электаральных гешэфтаў ёй гэта не прыносіць. Магчыма, патрэбны час, каб стаў відавочным правал канцэпцыі венгерскай дзяржавы, якую прапануе цяперашні кансерватыўны ўрад. Тады ў грамадстве будзе попыт на сацыяльную альтэрнатыву, і, магчыма, напрацоўкі Кадара стануць зноў цікавымі.