Называў сябе «дзядзькам», меў уласную «банду», кантактаваў з НЛА. Гісторыя аднаго дыктатара

Практычна ў кожнага дыктатара была нейкая асабістая бздура. Аднак грэнадскі дыктатар Эрык Гейры вылучаецца на фоне сваіх «калегаў». Выключна гэты тыран, прынамсі, па яго словах, кантактаваў з іншапланецянамі.

0_ufo_real_aliens_sightings_proof_secret_un_grenada_committee_eric_gairy_wikileaks_583122.jpg

Але пачынаў ён як цалкам прагрэсіўная фігура. Перш чым прыйсці да ўлады, Гейры быў вядомы як лідар прафсаюза і заснавальнік лева-папулісцкай Новай лейбарысцкай партыі. Дзеянні і акцыі структур, якімі кіраваў Гейры, шмат у чым спрыялі таму, каб у 1974-м Грэнада атрымала незалежнасць. Таму нядзіўна, што першыя пасля абвяшчэння незалежнасці выбары партыя Гейры выйграла, што дазволіла яму ўзначаліць кабмін.
І тут дастаткова хутка кіраванне Гейры набыло выразныя дыктатарскія рысы. Дастаткова сказаць, што ўсе наступныя выбары партыя перамагала выключна за кошт галасоў выбаршчыкаў-нябожчыкаў. Сама праца парламенту ператварылася ў фікцыю. Так неяк за адно пасяджэнне ў трох чытаннях дэпутаты прымудрыліся прыняць 16 законаў (!). Апазіцыйныя парламентарыі, як правіла, ігнаравалі такія пасяджэнні. Зрэшты, магчыма гэта быў не столькі дэманстратыўны пратэст або сабатаж, колькі мера засцярогі. Апазіцыя на Грэнадзе жорстка падаўлялася, аж да фізічных расправаў, вулічных расстрэлаў, збіванняў і забойстваў.
Сілавой апорай прэм'ера стала «Банда мангустаў» — асабістая гвардыя Эрыка Гейры, якая падпарадкоўвалася толькі яму. Складалася фармаванне ў асноўным з крымінальных элементаў, якія рэкрутаваліся па прынцыпе асабістай адданасці кіраўніку краіны. Найбольш вядомыя актывісты «Банды мангустаў» былі ў недалёкім мінулым злачынцамі-рэцыдывістамі, часам з дзясяткамі судзімасцяў. Аператыўнае камандаванне «мангустамі» ажыццяўляў былы кіроўца таксі, які да ўступлення ў «Банду» меў 28 судзімасцяў за крадзяжы, напады на паліцыю, нанясенні цялесных пашкоджанняў. Другі чалавек у арганізацыі паспеў пабываць фігурантам 19 судовых працэсаў.
Дарэчы, грэнадскіх «мангустаў» многія сучаснікі ахвотна параўноўвалі з тонтан-макутамі — гвардыяй гаіцянскага дыктатара Франсуа Дзювалье. І гэтым асацыяцыі паміж рэжымамі на Грэнадзе і на Гаіці не абмяжоўваюцца. У знешняй палітыцы абедзвюх краін выразна абазначыўся трэнд на саюз з ЗША і правымі дыктатурамі, напрыклад, з чылійскім рэжымам генерала Піначэта. Як і гаіцянскі дыктатар, Гейры актыўна прасоўваў у народ устаноўку аб тым, што яго паслала неба. І як Дзювалье быў фамільярным. Калі на Гаіці афіцыёз любіў называць дыктатара «Тата», то Гейры ўзяў сабе псеўданім «Дзядзька».
Але былі ў абодвух карыбскіх дыктатараў і свае індывідуальныя фішкі-разынкі. Так дзядзьку Гейры моцна захапіла тэма іншапланецян. Яго нават у жарт пачалі называць «Місцер НЛА».
Аднак самае цікавае пачалося ў 1978-м, калі Грэнада пачала рэгулярна патрабаваць ад ААН стварыць камісію па вывучэнні загадкі Бярмудскага трыкутніка і лятучых талерак. Неабходнасць такога кроку кіраўнік Грэнады з трыбуны Асамблеі таксама аргументаваў сваім асабістымі кантактам з НЛА. Экстравагантныя заклікі грэнадскага палітыка прымусілі сусветную прэсу шукаць яму дыягназ. Большасць каментатараў схілялася да думкі, што Гейры пакутуе на манію велічы.
Аднак місцер НЛА ўпарта працягваў прасоўваць любімую тэму. Яго прамова на пасяджэнні ААН была выдадзена вялікім накладам на шматлікіх мовах свету. Праз нейкі час Гейры атрымаў рандэву ў прэзідэнта Джымі Картэра, дзе зноў падняў пытанне аб зялёных чалавечках, чым шакіраваў прэзідэнцкую каманду. У тым ліку і наступствамі гэтага шоку можна растлумачыць пасіўнасць картэраўскай адміністрацыі да лёсу рэжыму Гейры, які грэнадскія марксісты зрынулі (прычым без аніводнага стрэлу) у 1978-м. Цікава, што адным з лозунгаў паўстанцаў быў: «Гейры, выбірайся на НЛА!» Цікавая дэталь: у палацы Гейры рэвалюцыянерамі былі знойдзеныя аслінае вока, індыга, салетра і таямнічы белы парашок. Меркавалася, што гэта былі атрыбуты падобных да вуду рытуалаў, якія, як казалі тубыльцы, зрынуты прэм'ер-міністр практыкаваў, каб захаваць сваю ўладу.
Сам Гейры на момант перавароту якраз выступаў на нейкіх замежных семінарах пра НЛА. Паколькі ратаваць яго рэжым Штаты не спяшаліся, падавалася, што палітык спісаны ва ўтыль гісторыі. Аднак у 1982-м лёс зноў даў яму шанц у выглядзе новага прэзідэнта Рональда Рэйгана, чыя адміністрацыя адразу пачала канфрантацыю з грэнадскім левым урадам. У выніку амерыканскай інтэрвенцыі ўвосень 1983-га на Грэнаду рэжым марксістаў быў зрынуты. Неўзабаве акупацыйныя ўлады абвясцілі новыя выбары.
І тут на выспу нечакана павярнуся дзядзька Эрык з амбіцыямі зноў стаць прэм’ерам. Каб больш спадабацца амерыканцамі, ад якіх шмат што залежала на выбарах, ён нават зрабіў флаг ЗША сімвалам сваёй партыі і заклікаў назаўжды пакінуць на выспе базы NATO. Аднак амерыканскія эксперты разумелі, што рэнесанс клептакрата-аматара НЛА будзе фактычна пралогам новай рэвалюцыі. Таму зрабілі стаўку на іншага палітыка, пад якога стварылі прырэчаную на перамогу кааліцыю. Так і закончылася кар’ера дыктатара. Памёр Эрык Гейры ў 1997 годзе.
Цікава, што яго смерць натхніла фанатаў тэмы НЛА прыдумаць новую тэорыю наконт таго, чаму згаданая вышэй ініцыятыва Гейры ў ААН была заблакаваная. Яны ўбачылі тут падступны намер Белага Дому, які намагаўся забяспечыць сабе манаполію ў галіне вывучэння іншапланетных цывілізацый. Больш за тое, гучалі меркаванні, што кіраўніцтва ЗША ўжо тады шмат ведала пра іншапланецян і не жадала, каб гэтая інфармацыя стала шырока вядома ў свеце.

53334504.jpg

Таксама варта адзначыць, што нейкі пазітыў дзядзька Эрык пасля сябе пакінуў. Грэнадскія маркі з выявай НЛА над выспай (тэма, якую відавочна інспіраваў дыктатар) — адзін з самых папулярных мясцовых сувеніраў..