Палітыкі (і эколаг), якія нас здзівілі: Пол Уотсан, Рэджэп Таіп Эрдаган, Вадзім Краснасельскі
У Грэнландыі чакае экстрадыцыі ў Японію эколаг-пірат. Расказваем, чым ён знакаміты. Прэзідэнт Турцыі, падобна, трапіў у чарговую скандальную гісторыю. А кіраўнік непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі адзначыўся ініцыятывай забараніць «Трансністрыю». Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.
Пол Уотсан, радыкальны змагар з кітабоямі
Зараз Уотсан знаходзіцца ў Грэнландыі, дзе вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі ў Японію. Там яшчэ ў 2012 годзе выпісалі ордэр на арышт эколага, паколькі той нанёс вялізную шкоду судам кітабойнай здабычы Краіны ўзыходзячага сонца.
У свой час Уотсан быў названы «экалагічным героем XX стагоддзя». Аднак яго постаць стала скандальнай праз радыкальныя метады барацьбы супраць браканьераў і прамыслоўцаў: таран, пашкоджанне сетак, узяцце судоў на абардаж, закідванне кітолаваў хімічнымі бомбамі і нават асляпленне кітабояў.
Сам Уотсан сцвярджае, што мірнымі метадамі годнага супрацьдзеяння кітабоям дамагчыся немагчыма. Сапраўды, незаконны рыбны промысел застаецца вялікай праблемай сусветнага маштабу. Браканьеры вылоўліваюць прыкладна траціну рэдкіх рыб, якіх намагаюцца выратаваць ад знікнення
Уотсан — заснавальнік арганізацыі «Марскі дазор», якая мае пірацкія сімвалы і да 2017 года ўсяляк замінала паляўнічым на кітоў і цюленяў. У 2010 годзе «Марскі дазор» атакаваў японскае кітабойнае судна, а сам Уотсан падчас штурму нанёс траўму аднаму з членаў экіпажа. Уласна кажучы, за гэта яго японцы і збіраюцца пасадзіць у турму. Уотсан быў затрыманы 21 ліпеня 2024 года, пасля таго, як яго судна прышвартавалася ў Нууке — сталіцы Грэнландыі. На мінулым тыдні мясцовы суд вырашыў, што экаактывіст застанецца ў зняволенні як мінімум да 2 кастрычніка, пакуль улады будуць вырашаць пытанне аб яго экстрадыцыі. Перспектыва ў эколага не вясёлая.
Рэджэп Таіп Эрдаган, прэзідэнт Турцыі
Эрдаган стаў фігурантам буйнога скандалу. Левыя партыі і фемінісцкія арганізацыі абвінавачваюць урад прэзідэнта ў тым, што яго адміністрацыя ўступіла ў саюз з рэлігійнымі сектамі і злачыннымі групоўкамі і тым самым падзяляе адказнасць за смерць васьмігадовай дзяўчынкі Нарын. Нарын знікла 21 жніўня пасля наведвання курсу Карана, які праводзіцца сектай у мястэчку Таўшантэп. Пасля некалькіх тыдняў пошукаў ваеннай паліцыяй і грамадзянскай абаронай яе цела было знойдзена кінутым у найбліжэйшы ручай. Былі арыштаваныя 24 падазраваных, у тым ліку бацькі, браты і дзядзькі Нарын. Адзін з іх прызнаўся, што пазбавіўся ад сумкі з целам па ўказанні раней зняволеннага кіраўніка вёскі. Аднак імя забойцы Нарын невядома.
Паколькі сяло знаходзіцца пад пастаянным відэаназіраннем з ваеннага паста, мясцовыя жыхары мяркуюць, што кадры выкрадання існуюць, але не публікуюцца. Як лічаць апазіцыянеры, дзяржава абараняе некаторых асобаў, у тым ліку тых, хто звязаны з рэлігійнымі сектамі, што традыцыйна падтрымліваюць рэжым Эрдагана. Акрамя таго, гэтая секта выступае супраць курдскага руху за незалежнасць.
У мінулую нядзелю вечарам на вуліцы турэцкіх гарадоў выйшлі тысячы людзей, сярод якіх былі і прыхільнікі апазіцыйных партый, а таксама члены жаночых асацыяцый і балельшчыкі, патрабуючы прыцягнуць Эрдагана да адказнасці. Пакуль улады адмаўляюць любую адказнасць за смерць Нарын. Больш за тое, яны заклікаюць шукаць забойцаў сярод тых, хто сімпатызуе заходнім каштоўнасцям.
Вадзім Краснасельскі, прэзідэнт непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі (ПМР)
Вадзім Краснасельскі мае намер у заканадаўчым парадку забараніць выкарыстанне на тэрыторыі ПМР назвы «Трансністрыя» — так называўся рэгіён падчас румынскай акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны. Гэтае слова і сёння часта ўжываецца для абазначэння ПМР у малдаўскай і румынскай публіцыстыцы. Між тым, Краснасельскі прапануе назву «Трансністрыя» прыраўняць да сімвалаў фашызму і нацызму з адпаведнымі прававымі наступствамі. «Ужыванне тэрміна «Трансністрыя» ў дачыненні да Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі павінна быць прыраўнавана да праявы нацызму і пацягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць у выглядзе арышту на тэрмін да 15 сутак або штрафу ў суме (для фізічных асоб) ад 10 да 20 разліковых узроўняў мінімальнай заработнай платы (прыкладна 500 беларускіх рублёў — рэд.)», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Краснасельскага. Лідар Прыднястроўя таксама сказаў: «Нельга карыстацца тэрмінам «Трансністрыя». Гэта кроў, гэта пакуты, гэта нянавісць, гэта вайна. У Трансністрыі са жніўня 1941 па 1944 год было забіта, расстраляна і спалена жыўцом каля 350 тыс. яўрэяў. Гэта фашызм, нацызм, масавыя расстрэлы, дзетазабойства, халакост».
Незвычайную заканадаўчую ініцыятыву разгледзіць мясцовы Вярхоўны савет. Між тым, Кішынёў таксама далучыўся да вайны тэрмінаў. Адзін з малдаўскіх чыноўнікаў прапанаваў пісаць «Прыднястроўскі рэгіён» з маленькай літары, а таксама ўвесці дадзеную мадыфікацыю для абазначэння тэрыторый, непадкантрольных канстытуцыйным уладам.