Польшча. Мова памірае?
Вядучая правая польская газета «Rzeczpospolita» б’е ў набат — польская мова пад пагрозай. Гэтую пагрозу ўяўляюць замежныя, галоўным чынам англійскія словы, якія імкліва пранікаюць у побытавую лексіку палякаў у выніку глабалізацыі.
Выданне звяртае ўвагу на тое, што слова «дом» практычна не ўжываецца будаўнічымі кампаніямі. Замест гэтага кажуць «хаус», «апартаменты», «рэзідэнцыя», «метраполітан парк». Не падабаецца газеце і тэндэнцыя называць камерцыйныя будынкі англійскімі словамі. Практычна ў кожным вялікім польскім горадзе можна наткнуцца на комплексы, якія маюць назвы «City Tower», «Office Center» або «Financial Center». Унутры тых будынкаў, як піша газета, пануе татальны касмапалітызм: тут працуюць выключна офісныя менеджары, кей-менеджары, цім-лідары і г.д.
Нават заканадаўцы сталі ахвярамі гэтай хваробы: у мінулым годзе прыняты закон аб timesharing. Самае цікавае, што з 1999 года ў Польшчы дзейнічае Закон аб абароне польскай мовы, аднак, як сцвярджаюць сябры Савету польскай мовы пры Акадэміі Навук, яго ўдалося ўжыць толькі адзін раз. Гэта здарылася ў Шчэціне, дзе грамадзянскія актывісты не дапусцілі, каб гарадскі басейн называўся «Floating Arena».
Паводле польскай прэсы