Польшча-1918: вяртанне страчанай дзяржаўнасці

Больш за стогадовыя намаганні палякаў, скіраваныя на вяртанне незалежнасці дзяржавы, скончыліся згодна з традыцыяй галівудскіх фільмаў — шчаслівым фіналам. Аднак...

flag_792067_1280.jpg


У Еўропе ў 1918–1921 гадах з’явілася больш за дзесяць дзяржаў і, адпаведна, новая палітычная архітэктура Еўропы. Сярод іх адны, як, напрыклад, Польшча, вярталіся да перапыненай у канцы XVIII стагоддзя дзяржаўнай гісторыі. Іншыя, як Латвія, Эстонія, Славакія ў складзе Чэхаславакіі і Славенія ў складзе федэратыўнай ДСХС з’явіліся на карце Еўропы ўпершыню.
Польшча, якая пачала адраджацца з канца кастрычніка 1918 года, мэтанакіравана звярнулася да спадчыны і традыцый сваёй папярэдніцы — польска-літоўскай дзяржавы. Гэта была дзяржава, якая, між іншым, распрацавала ідэю саюзу суверэнных дзяржаў. Сучасны Еўрапейскі саюз выкарыстоўвае спадчыну саюзу Польшчы і Літвы. Нягледзячы на розныя інтарэсы палітычнай эліты дзвюх дзяржаў, увесь час перамагаў вышэйшы інтарэс і перакананне, што саюз — гэта выгаднае для абодвух бакоў аб’яднанне. Цанілася наяўнасць грамадзянскіх свабод і агульнага парламента (сейма). Польскі парламент XXI стагоддзя невыпадкова звяртаецца да свайго папярэдніка і называецца Сеймам. Згодна з гэтай традыцыяй дзейнічаюць таксама літоўцы, парламент якіх называецца «Sejmas», і латышы — «Saeima». Палякі, літоўцы, латышы, а таксама ўкраінцы і беларусы з гонарам гавораць пра першую ў Еўропе і другую ў свеце канстытуцыю, прынятую 3 мая 1791 года.
Польскі палітычны мысліцель Гуга Калантай увёў у тэкст канстытуцыі запіс пра палітычную адказнасць выканаўчай улады (урада) перад заканадаўчай (парламентам), члены якога выбіраюцца выбаршчыкамі, дзякуючы чаму парламент прадстаўляе суверэна. У XIX і XX стагоддзях у многіх краінах свету быў уведзены прынцып Калантая.
Народы і дзяржавы, якія з’яўляюцца пераемнікамі Рэчы Паспалітай, звяртаюцца і да традыцыі палітычнай і рэлігійнай талерантнасці. У 1573 годзе польская палітычная эліта ў акце канфедэрацыі прыняла запіс аб рэлігійнай талерантнасці на землях Рэчы Паспалітай, гэты акт быў унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Габрэйская супольнасць, якую пераследавалі на захадзе Еўропы і выганялі адтуль, знайшла бяспечны прытулак у Рэчы Паспалітай. Дзякуючы падтрымцы каралёў і Сейма габрэі атрымалі правы і свабоды, параўнальныя з саслоўнымі правамі. У іх нават быў уласны заканадаўчы орган. Адкрытасць палітычнай эліты Рэчы Паспалітай для тых, каму патрэбна была дапамога, прывяла да з’яўлення тут выгнаных з Галандыі менанітаў і шатландцаў, якія ўцякалі ад рэлігійнага пераследу. Сярод перасяленцаў былі таксама грэкі, жыхары Італіі, армяне, караімы, рускія, нямецкія пратэстанты. Усе яны ўзбагачалі культуру Рэчы Паспалітай і ўносілі ў агульную скарбніцу свае каштоўнасці.
Нягледзячы на намаганні рэфарматараў у канцы XVIII стагоддзі Рэч Паспалітая перастала існаваць. У супрацьстаянні з трыма моцнымі імперыямі — Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй — у яе не было шанцаў. Аднак для палякаў свабода і незалежнасць — гэта непарыўна звязаныя каштоўнасці. Пра гэта сведчаць арганізаваныя ў ХІХ стагоддзі пасля падзелаў дзяржавы польскія падпольныя ўтварэнні, якія змагаліся за незалежнасць, нацыянальныя паўстанні: пад кіраўніцтвам Касцюшкі ў 1794 годзе, паўстанне 1830–1831 гадоў, паўстанне 1863–1864 гадоў, удзел у «Вясне народаў» у Аўстрыі, Прусіі, Венгрыі, Заходняй Германіі, Францыі, Італіі, пад польскім, а пазней перанятым іншымі народамі дэвізам: «За нашу і вашу свабоду».
У перыяд паўстання 1830–1831 гадоў польскі паўстанчы Сейм зацвердзіў песню «Яшчэ Польшча не загінула» ў якасці нацыянальнага гімна, а бела-чырвоныя колеры — як нацыянальныя колеры і сімвалы, так засталося да сёння. Палякі былі ўпэўнены, што толькі ўласная дзяржава гарантуе ім свабоднае і адпаведнае чаканням і традыцыі духоўнае і матэрыяльнае развіццё. Таму ў польскім нацыянальным пантэоне знаходзяцца постаці, якія са зброяй альбо пяром у руках змагаліся за вяртанне Польшчы яе месца ў Еўропе — сярод свабодных са свабоднымі і роўных з роўнымі. Найбольш выдатныя з іх, як вайскоўцы Касцюшка і Панятоўскі, а таксама паэты Міцкевіч і Славацкі, былі пахаваны на Вавелі ў Кракаве, у каралеўскім некропалі. Роўныя каралям. Пасля смерці ў 1935 годзе на Вавелі былі таксама пахаваны астанкі першага маршала і аднавіцеля Польшчы Юзафа Пілсудскага.
На працягу ўсяго XIX стагоддзя ў рознай ступені важным было польскае пытанне — пытанне вяртання Польшчы ў пэўнай тэрытарыяльнай канфігурацыі. Дзякуючы Напалеонаўскай эпосе ў складзе французскай Еўропы было створана Варшаўскае княства, а пасля таго, як яно перастала існаваць, да 1832 года дзейнічала незалежнае, канстытуцыйнае, ліберальнае Польскае каралеўства ў складзе персанальнага саюзу з дынастыяй Раманавых, а да 1846 года функцыянаваў незалежны вольны горад Кракаў. Нягледзячы на тое, што нацыянальныя паўстанні не дасягнулі поспеху, яны ўвесь час узварушвалі гісторыю і нагадвалі пра польскае пытанне.
Пакуль існаваў саюз трох захопнікаў — Прусіі, Аўстрыі і Расіі — вяртанне незалежнасці было немагчымым. Аднак пад канец XIX стагоддзя ў Еўропе сфармаваліся два ваенныя блокі — блок Цэнтральных дзяржаў і краін «Антанты». Упершыню за больш чым сто гадоў шляхі захопнікаў кардынальна разышліся.
У 1916 годзе палітычная сітуацыя ў Еўропе і свеце пачала складвацца на карысць польскіх інтарэсаў. Па-першае, Германія і яе саюзнікі занялі шматлікія тэрыторыі на ўсходзе, дзе жылі розныя народы. Берлін вырашыў стварыць на ўсходзе сістэму дзяржаў, фармальна незалежных і адначасова ўзаемазалежных палітычна і эканамічна, якімі кіравалі нямецкія манархі, што павінны былі ўтвараць Нямецкі саюз у Еўропе. Да ідэі стварэння польскай дзяржавы Германію дадаткова падштурхнулі Польскія легіёны, добраахвотніцкія атрады, якія з пачатку вайны змагаліся побач з войскамі Цэнтральных дзяржаў. Іх нефармальным лідарам быў Пілсудскі. У 1916 годзе Германія і Аўстрыя прызналі Польскія легіёны лепшымі вайсковымі фарміраваннямі на Усходнім фронце.
Першым дакументам міжнароднага ўзроўню, які распачаў працэс адраджэння Польшчы, быў акт ад 5 лістапада 1916 года, падпісаны двума імператарамі — Вільгельмам II і Францам Іосіфам I. Акт прадугледжваў стварэнне Польскага каралеўства са сталіцай у Варшаве. На працягу наступных месяцаў, побач з акупацыйнымі, былі створаны полькія дзяржаўныя ўлады, урад, трохасабовае рэгенцтва.1917 год прынёс чарговыя добрыя навіны, якія адпавядалі польскім спадзяванням. Спачатку ў Расіі новыя паслярэвалюцыйныя ўлады абвясцілі, што Польшча можа быць створана, хоць пажадана ў складзе свабоднага саюзу з новай Расіяй, а ў красавіку ЗША пачалі вайну на баку саюзнікаў. У пасланні да Кангрэса ЗША ад студзеня 1918 года прэзідэнт Вудра Вільсан у 13-м пункце абвясціў аб стварэнні незалежнай Польшчы са свободным выхадам да мора (Балтыйскага) як аб адной з мэт вайны. Істотны ўплыў на змест 13-га пункта аказаў сусветна вядомы польскі музыкант, піяніст і кампазітар Ігнацы Ян Падэрэўскі, які сябраваў з амерыканскім прэзідэнтам.
Пасля амерыканцаў права палякаў на стварэнне ўласнай дзяржавы прызналі і еўрапейскія саюзнікі. У Францыі была створана саюзная польская армія пад камандаваннем былога афіцэра Польскіх легіёнаў генерала Юзафа Халера, палітычна падначаленая Нацыянальнаму польскаму камітэту (НПК) з сядзібай у Парыжы, якім кіраваў Раман Дмоўскі. НПК выступаў у якасці афіцыйнага прадстаўніка Польшчы. Ён меў права выдаваць польскія пашпарты і браць крэдыты ад імя Польшчы на яе будучы рахунак.
У 1918 годзе будучыня Польшчы была забяспечана. Адраджэнне было гарантавана, як і паражэнне блока Цэнтральных дзяржаў. Але было пытанне: які польскі палітычны лагер атрымае ўладу ў адроджанай Польшчы і хто з палітыкаў? Пілсудскі ці Дмоўскі? Перамог Пілсудскі, некалі былы аўстрыйскі саюзнік, а з ліпеня 1917 года нямецкі вязень, які ўтрымліваўся ў Магдэбургскай крэпасці. У Варшаву Пілсудскі вярнуўся 10 лістапада 1918 года. Яго сустракалі як збавіцеля, месію. Ён стаў Часовым начальнікам дзяржавы. Разам з урадам і польскім народам ён стварыў Польшчу — адкрытую, талерантную і дэмакратычную рэспубліку.
Пытаннем адкрытым і вельмі складаным заставаліся межы Польшчы, бо акрамя палякаў пераемнікамі Рэчы Паспалітай былі таксама літоўцы, латышы, украінцы, беларусы — яны ўсе стваралі ўласныя нацыянальныя дзяржавы, часта на спрэчных тэрыторыях. Здаралася, што на адну і тую ж тэрыторыю прэтэндавалі дзве і нават тры краіны. На этнічна і рэлігійна дыферэнцыраваных тэрыторыях было складана вызначыць справядлівыя межы. У гэтай сітуацыі канфлікты і войны паміж пераемнікамі Рэчы Паспалітай за як мага большыя яе кавалкі былі непазбежнымі.
Канчатковыя польскія межы сфарміраваліся ў 1918–1923 гадах дзякуючы пераможнай вайне з бальшавіцкай Расіяй у 1920 годзе. Адроджаная Польшча не магла быць нацыянальна аднароднай, як і суседнія дзяржавы, бо на працягу стагоддзяў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай жылі побач людзі, якія карысталіся рознымі мовамі, належалі да розных культур. Усе краіны новай Еўропы былі шматнацыянальнымі і шматрэлігійнымі. У Польшчы было шмат нацыянальных меншасцей, сярод якіх найбольш буйнымі былі ўкраінская і габрэйская, адначасова ў суседніх краінах жылі больш за 2 млн палякаў.
Напружанне ўтрымлівалася і паміж хрысціянамі, у тым ліку палякамі, і шматлікім габрэйскім насельніцтвам, якое спадзявалася, што будучыя дзяржавы гарантуюць ім культурна-нацыянальную аўтаномію. Пасляваенная беднасць, голад, разбурэнні, эпідэміі ўплывалі на адносіны паміж людзьмі і этнасамі.
Але больш за стогадовыя намаганні палякаў, скіраваныя на вяртанне незалежнасці дзяржавы, скончыліся згодна з традыцыяй галівудскіх фільмаў — шчаслівым фіналам. Аднак фільм пра змаганне палякаў здымаўся ў Цэнтральнай Еўропе. Сярод рэжысёраў і адначасова стваральнікаў польскай дзяржаўнасці былі вядомыя і паважаныя ў Польшчы і свеце асобы: Тадэвуш Касцюшка, Юзаф Панятоўскі, Адам Ежы Чартарыйскі, ген. Юзаф Бэм, Рамуальд Траўгут, Юзаф Пілсудскі, Ігнацы Ян Падэрэўскі. Без іх мудрасці і смеласці, без іх бачання будучыні мары палякаў пра ўласную аб’яднаную дзяржаву, што складаецца з частак трох анексаваных некалі тэрыторый, ніколі б не здзейсніліся. 
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванні аўтараў і друкаваць іх дзеля палемікі