Пуцінскія вайскоўцы караюць смерцю салдат, якія не выконваюць загады — Белы дом
Расійскае камандаванне пагражае расстраляць цэлыя падраздзяленні, калі тыя паспрабуюць адступіць пад артылерыйскім агнём украінскіх вайскоўцаў, паведаміў прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі. ЗША маюць прамую інфармацыю аб тым, што расійскія вайскоўцы расстрэльваюць салдат, якія не выканалі загад.
У ЗША высветлілі, як расійскае камандаванне «матывуе» падначаленых да ўдзелу ў баявых дзеяннях у вайне супраць Украіны. Прэс-сакратар Белага дома па нацыянальнай бяспецы Джон Кірбі заявіў журналістам, што амерыканскі бок ведае пра пакаранне смерцю расійскіх акупантаў, якія не хочуць выконваць загады, піша «Newsweek».
«У нас ёсць інфармацыя, што расійскія вайскоўцы фактычна расстрэльваюць сваіх жа, якія адмаўляюцца выконваць загады. Таксама ёсць інфармацыя, што расійскае камандаванне пагражае расстраляць цэлыя часткі, калі яны паспрабуюць адступіць пад агнём украінскай артылерыі», — сказаў ён.
Падчас прэс-канферэнцыі ў чацвер Кірбі таксама асудзіў расійскіх камандзіраў за меркаваныя расстрэлы салдат.
«Вельмі асуджальна думаць пра тое, што вы пакаралі б смерцю сваіх уласных салдат, таму што яны не хацелі выконваць загады. А цяпер пагражаюць расстраляць нават цэлыя падраздзяленні — гэта варварства. Але я думаю, што гэта сімптом таго, наколькі дрэнна расійскія вайсковыя лідары ведаюць, што яны робяць. І наколькі дрэнна яны справіліся з гэтым з ваеннага пункту гледжання», — сказаў ён.
Кірбі дадаў: «З самага пачатку мы гаварылі пра дрэннае камандаванне і кіраванне, дрэннае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Яны не могуць пракарміць сваіх хлопцаў у полі. І цяпер, зноў жа, яны гатовы расстраляць іх за... невыкананне загадаў».
Зрэшты, і раней казалі, што ў войску РФ падчас вайны ва Украіне здараліся выпадкі забойства ўласных вайскоўцаў, казалі і пра загараджальныя атрады. Да таго ж украінская ваенная разведка апублікавала некалькі аўдыёзапісаў, якія, як яна сцвярджае, з'яўляюцца перахопленымі тэлефоннымі размовамі расійскіх салдат: яны размаўляюць пра тое, што ёсць падраздзяленні, якія пагражаюць расстраляць асабовы склад за адступленне.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», пра палажэнне Мінабароны РФ «Аб штурмавых ротах Z» стала вядома журналістам-расследавальнікам. Роты або атрады «Шторм Z» фарміруюцца толькі са зняволеных, медыцынская дапамога байцам такіх атрадаў належыць толькі «ў аб'ёме сама- і ўзаемадапамогі». Камандзірам такіх штурмавых атрадаў дазваляецца ствараць падабенства загараджальных атрадаў і канвою з ваеннай паліцыі для байцоў з ліку асуджаных.
Летам 2023 года былы камандзір палка «Азоў» Максім Жорын казаў, што галоўная матывацыя для расіян ісці на перадавую — гвалт. Украінскі вайсковец падкрэсліў, што ў расійскай арміі ёсць «падраздзяленні блакаірвання», якія дзейнічаюць практычна на ўсіх кірунках. Паводле яго слоў, «каб матываваць салдат-расіян заняць пазіцыі, камандзіры або пагражаюць, або збіваюць ці нават забіваюць сваіх падначаленых».
Варта адзначыць, што Расійская Федэрацыя панесла велізарныя страты на ўкраінскай зямлі. Агульныя страты праціўніка на 27 кастрычніка 2023 года складаюць прыкладна 297 тысяч 680 чалавек.
Паводле www.unian.ua, www.newsweek.com