Расія пагражае Украіне за затрыманне Медведчука
Прэзідэнт Украіны Зяленскі прапанаваў абмяняць затрыманага Медведчука на захопленых Расіяй украінцаў. Зрэшты, украінскі бок лічыць, што алігарху будзе бяспечней у турме, чым у Расіі, піша korrespondent.net.
Намеснік старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў пракаментаваў затрыманне кума Пуціна, народнага дэпутата ад «Апазіцыйнай платформы “За жыццё”» (АПЗЖ) Віктара Медведчука.
У пасце ў тэлеграм ён абразіў прадстаўнікоў уладаў Украіны і пагражаў ім. Па словах Мядзведзева, з Медведчука хочуць выбіць паказанні, а потым асудзіць яго, пасля чаго абмяняць на палонных грамадзян Украіны.
«Гэтым дзеячам варта ўважліва азірацца па баках і моцна закрываць дзверы на ноч, каб самім не аказацца ў ліку асоб для абмену», — напісаў Мядзведзеў.
Напярэдадні, увечары 12 красавіка, стала вядома пра затрыманне Медведчука супрацоўнікамі СБУ. Падрабязнасцяў затрымання Медведчука не паведамляюць. Але ў Офісе прэзідэнта Зяленскага сцвярджаюць, што лідару АПЗЖ будзе бяспечней у турме, чым у Расіі.
Таксама Уладзімір Зяленскі прапанаваў абмяняць кума Пуціна на ўкраінскіх палонных.