Расійцы хочуць стаць украінцамі. У РФ прадаюць украінскія пашпарты, скрадзеныя на акупаваных тэрыторыях

Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» выявіў аб'явы аб продажы замежных пашпартоў Украіны на сайце Avito.ru. Серыйны нумар на дакуменце, які прадаўцы адпраўляюць пакупнікам у якасці пацвярджэння, належыць Луганскай вобласці. Украінскі пашпарт дазваляе расійцам перасекчы мяжу з еўрапейскімі краінамі, сцвярджаюць прадаўцы.

photo_2022_12_14_11_32_47.jpg


«Попыт невялікі, але ён ёсць», — сцвярджаюць ананімныя прадаўцы ўкраінскіх пашпартоў. Яны паведамілі каналу, што афармленне ўкраінскага замежнага пашпарта каштуе 80 тысяч расійскіх рублёў.

«Хутчэй за ўсё, бланкі і абсталяванне афармлення біяметрычных пашпартоў былі скрадзены з Херсонскай вобласці. Але ўкраінскі ўрад зафіксаваў нумары згубленых бланкаў для пашпартоў і перадаў іх еўрапейскім урадам, так што гэтыя пашпарты працаваць не будуць», — распавяла «МП» крыніца ў адміністрацыі Херсонскай вобласці.

«Яны [прарасійскія калабаранты] скралі вельмі шмат дакументаў», — пацвярджае ўкраінскі ваенны эксперт Раман Світан. Украінскі ўрад зафіксаваў і перадаў нумары выкрадзеных бланкаў пашпартоў у краіны ЕС, па іх таксама немагчыма будзе ўехаць у Еўропу, сцвярджае Світан. «Магчыма, па гэтых пашпартах можна будзе ўехаць у Грузію або азіяцкія краіны, але ў Еўропе і Украіне гэтыя серыйныя нумары ўжо пазначаныя чырвоным», — адзначыў Світан.

Паводле яго слоў, міграцыйныя службы Украіны пацвярджаюць, што бланкі пашпартоў былі скрадзены, таксама вядома аб крадзяжы ўкраінскіх грашовых купюр, нумары якіх таксама былі зафіксаваны ўрадам краіны.

З 2017 года грамадзяне Украіны могуць уехаць у краіны ЕС без папярэдняга афармлення візы. Акрамя таго, з украінскім пашпартам можна паехаць у Азербайджан, Албанію, Беларусь, Боснію і Герцагавіну, Арменію, Грузію, Ізраіль і Казахстан.

Але самы зручны варыянт для расійцаў патрапіць у Еўропу — здацца ва ўкраінскі палон з тэхнікай. Украінскае камандаванне абяцала грашовую ўзнагароду тым, хто «прывязе» з сабою спраўны танк альбо БТР, а таксама абяцае афармляць такіх палонных як трапіўшых у палон у баі ці забяспечваць іх новымі дакументамі.