«Расійскі БМП пераехаў яму галаву». У Барадзянцы ўскрываюць пахаванні забітых падчас вайны

У горадзе Барадзянка ў Кіеўскай вобласці, які доўгі час знаходзіўся пад расійскай акупацыяй, паліцыя пачала ўскрываць першыя масавыя магілы тых, хто быў забіты за час вайны. Раней гэтую працэдуру ўжо прайшлі Буча і Ірпень, а цяпер чарга даходзіць да гарадоў і пасёлкаў, якія знаходзяцца крыху далей ад сталіцы Украіны.

aeb812f_borodyanka_2__larin_.jpg


Па стане на 21 красавіка на тэрыторыі Кіеўскай вобласці былі знойдзеныя целы 1045 грамадзянскіх асоб, забітых расійскімі вайскоўцамі, паведаміў начальнік ГУ Нацыянальнай паліцыі ў Кіеўскай вобласці Андрэй Небытаў. Аднак, па яго словах, канчатковая колькасць загінулых можа быць большай: цела працягваюць знаходзіць не толькі ў масавых магілах, але таксама ў падвалах, калодзежах. Многія людзі, якія вяртаюцца ў свае дамы, кажуць, што знаходзяць свежыя пахаванні ў гародах ці проста ля дарог, распавядае currenttime.tv у спец.рэпартажы. 


Сын Надзеі Канстанцін быў адным з першых, каго расійскія вайскоўцы забілі ў Барадзянцы. У яго тры кулі ў баку. Мясцовыя жыхары кажуць, што Канстанціна забілі ў канцы лютага, калі калона расійскіх войскаў заходзіла ў Барадзянку.
"Ён пераходзіў праз дарогу, калі ўвайшлі ў Барадзянку бэтээры, і яго расстралялі, — распавядаюць яны. — Ён быў без зброі, без нічога, ён дадому ішоў. На працу не пускалі ў Кіеў, ён нікуды не мог паехаць".
"Сыночка мая, прабач мяне, родненькі, даруй, коцік, — хрысціць заплаканая Надзея цела сына. — Маленькі мой сыночка, родненькі. Ты казаў: буду цябе ахоўваць і дапамагаць табе ва ўсім".
Побач з Канстанцінам ляжыць цела Каці Шышкінай: менавіта так падпісаны спехам скалочаны крыж, які паставілі на яе магілу. Каці было ўсяго 15 гадоў. Хавалі яе ў коўдры суседзі ззаду свайго агарода — на могілкі ісці было небяспечна.
Суседзі распавядаюць, што Каця разам з бацькамі спрабавала з'ехаць на машыне з суседняй Бучы — там вайна пачалася на некалькі дзён раней. Але па машыне адкрылі агонь расійскія войскі.
"Бацька яе быў паранены ў руку, і маці параненая таксама. А ёй трапіла ў лёгкія, — распавядаюць яны. — Аперацыю ёй рабіў наш хірург ваенны Лесагор і распавядаў: "Я выратаваць не змог яе. Такое раненне, што несумяшчальна з жыццём".



У сераду толькі на адным невялікім участку ў Барадзянцы знайшлі і эксгумавалі 3 магілы. Праз 50 метраў ад іх — яшчэ траншэя, у ёй яшчэ 6 целаў. Сярод іх — бацька Аляксандра. Сын расказвае, што яго бацька, рускамоўны, ішоў бяззбройны спыняць расійскую калону і думаў, што агульная з акупантамі мову яму дапаможа.
"Я яму ў тэлефонным рэжыме сказаў: "Баць, не трэба, не ідзі. Там страляюць", — распавядае Аляксандр. — А ён кажа: "Яны мяне з****лі, колькі ўжо можна ездзіць? Колькі можна людзей забіваць?" Яго проста знеслі на БМП, яму расійскі БМП пераехаў галаву".
Аляксандр кажа, што ён і сам гэтак жа, як і яго бацька, мог ляжаць ля дарогі. Падчас акупацыі расейцы забралі ў яго тэлефон. Там у Фэйсбуку было відэа, як украінскія войскі грамяць расійскую калону. Ён распавядае, што калі расійскія вайскоўцы яго знайшлі, яму пагражалі забойствам:
"Самае цікавае, што ён не ставіць аўтамат табе да лба. А ставіць сюды, да вены, каб ты не адразу памёр — а памучаўся, скончыўся крывёю, — распавядае ён. — А іх стаіць вось так чалавек 15-20 з аўтаматамі. І глядзяць: расстраляе ён мяне ці не".
Дом Аляксандра быў спалены. Свой тэлефон у агародзе ён адкапаў толькі тыдзень таму — калі прыйшлі ўкраінскія войскі.
"Усё выдаліў, усё пазаціраў, а тэлефон закапаў! Сказаў, вось колькі будзе ў мяне тэлефон, не будзе там ні Instagram, ні фэйсбука. Будзе просты кнопачны тэлефон", — кажа ён.
Судмедэксперты, якія агледзелі ўжо больш за 6 сотняў целаў забітых грамадзянскіх у Кіеўскай вобласці, кажуць, што больш чым у паловы — кулявыя раненні.
"Я думаю, можна і трэба казаць пра генацыд менавіта ўкраінскага народа, бо неабходнасці забіваць такую колькасць грамадзянскага насельніцтва ў арміі не было, — падкрэслівае Андрэй Небытаў, кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці. — Ніякай пагрозы гэтыя людзі для іх не ўяўлялі. Ніякага супраціўлення яны не аказвалі".
Генацыдам ужо назваў забойства мірных жыхароў у Кіеўскай вобласці прэзідэнт ЗША і некаторыя іншыя сусветныя лідары. Але вырашаць, ці быў гэта генацыд, будуць міжнародныя суды, прадстаўнікі якіх цяпер вядуць расследаванне на тэрыторыі Украіны.