Рэйс, на якім Аляксей Навальны вяртаецца ў Расію, перанакіравалі ў іншы аэрапорт
Апазіцыйны палітык Аляксей Навальны вяртаецца ў Расію. 17 студзеня самалёт, на якім ён ляціць з Берліна, павінен быў прызямліцца ў Маскве ў 19.20, але рэйс вылецеў і, адпаведна, прылятае са спазненнем дзесьці на паўгадзіны
![navalnyy_u_dudya.jpg navalnyy_u_dudya.jpg](/img/v1/images/navalnyy_u_dudya.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У 20.00 стала вядома, што самалёт з Навальным накіраваўся ў Шарамеццева. Такая інфармацыя з'явілася на табло ва Унукаве.
У аэрапорце Унукава, куды ён ляцеў, раней затрымалі яго паплечнікаў любоў Собаль і Руслана Шаведдзінава, паведамляла «МБХ медыя». Пазней стала вядома аб затрыманні журналістаў «Новай газеты», «Дажджу» і яшчэ некалькіх чалавек. За паўгадзіны да прылёту самалёта ў аэрапорце з’явіўся АМАП, людзей, што прыйшлі сустрэць Навальнага, сталі адціскаць.
«Медуза» паведамляла, што супрацоўнікі АМАПу крычалі ў гучкаўзмацняльнікі: «Просьба пакінуць аэрапорт. Уваход толькі па квітках». У адказ былі чутны выкрыкі «Фашысты!».
![vstrecha_navalnogo_vnukovo_meduza.jpg vstrecha_navalnogo_vnukovo_meduza.jpg](/img/v1/images/vstrecha_navalnogo_vnukovo_meduza.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Затрыманні былі і каля будынка аэравакзала. Перад пасадкай самалёта ў зоне прылёту знаходзілася каля 300 чалавек.
Раней Навальны заяўляў, што пытанне вяртацца ці не, перад ім не стаяла ніколі, і заклікаў сустрэць яго на радзіме.
Нагадаем, Аляксею Навальнаму стала дрэнна 20 жніўня падчас пералёту з Томска ў Маскву. Самалёт экстранна сеў у Омску, дзе апазіцыянера шпіталізавалі. Праз два дні яго перавезлі на лячэнне ў Берлінскую клініку «Шарытэ». Урад Германіі паведаміў, што ваенныя таксіколагі выявілі ў арганізме Навальнага сляды яду, падобнага з атрутным рэчывам «Навічок». Пазней гэта пацвердзілі спецыялісты са Швецыі і Францыі. Расійскія лекары заяўлялі аб нязгодзе з дыягназам заходніх калегаў. Яны сцвярджалі, што не выявілі слядоў атрутных рэчываў у яго арганізме. У Маскве заяўлялі, што Генпракуратура некалькі разоў адпраўляла ў Берлін запыты па абставінах лячэння Навальнага, аднак так і не атрымала адказу па сутнасці.
CNN, Bellingcat, The Insider і Spiegel 14 снежня апублікавалі сумеснае расследаванне. Яго аўтары заявілі, што да атручвання апазіцыянера датычныя супрацоўнікі ФСБ.
Праз тры дні прэзідэнт Уладзімір Пуцін падчас вялікай прэс-канферэнцыі назваў расследаванне «легалізацыяй матэрыялаў амерыканскіх спецслужбаў». У самой ФСБ назвалі расследаванне «спланаванай правакацыяй, накіраванай на дыскрэдытацыю ФСБ і яе супрацоўнікаў».
У канцы снежня стала вядома,што Следчы камітэт Расеі супраць Аляксея Навальнага і «іншых асоб» распачаў крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. У ФБК гэтую справу звязалі з няўдалай спробай атручвання Навальнага.
Яшчэ адна прэтэнзія ад сілавых ведамстваў у адрас Навальнага тычылася парушэння ім умоў выканання выпрабавальнага тэрміну, які яму быў усталяваны ў сувязі з прысудам па справе аб махлярстве ў дачыненні да кампаніі «Іў Рашэ Усход». Па гэтай справе апазіцыянер быў асуджаны ў снежні 2014 года на 3,5 года ўмоўна, яго брат Алег Навальны атрымаў 3,5 года калоніі. Навальны не прызнаў сваю віну, звязваючы свой крымінальны пераслед з палітычнымі матывамі.
У 2017 годзе выпрабавальны тэрмін для Аляксея Навальнага быў падоўжаны да 30 снежня 2020 года. 28 снежня маскоўскае кіраванне Федэральнай службы выканання пакаранняў паведаміла, што Навальны абавязаны да 9 раніцы 29 сьнежня з’явіцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю. У гэты час палітык, нагадаем, знаходзіўся на лячэнні ў Германіі.
12 студзеня ФСВП звярнулася ў суд з патрабаваннем змяніць умоўны тэрмін Навальнага на рэальны.