«Я вярнуся дадому рэйсам «Перамогі». Сустракайце!»

Расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны заявіў пра тое, што вяртаецца ў Расію 17 студзеня. Нягледзячы на тое, што Федэральная служба выканання пакаранняў РФ патрабуе замяніць яму ўмоўны тэрмін зняволення на рэальны.

eqbe0nuxeael5va.jpg


Пра гэта палітык напісаў у сваім тэлеграм-канале.

«Калі я толькі выйшаў з лякарні, я рабіў такое практыкаванне. Самае складанае для мяне. Трэба стаяць, потым легчы на падлогу, потым зноў ўстаць. Гэта было вельмі-вельмі складана. Мой максімум быў тры разы. Потым даводзілася адпачываць. Сёння раніцай я зрабіў адцісканні, прысяданні і нават некалькі «берпиз» (пякельная штука). Пасля чаго зразумеў, што наступіў момант, якога я так чакаў — напэўна я амаль здаровы і магу нарэшце вярнуцца дадому», — напісаў Навальны.

Па яго словах, пытанне «вяртацца ці не» перад ім ніколі не стаяла. «Проста таму, што я не ад’язджаў. Я апынуўся ў Германіі, прыехаўшы ў яе ў рэанімацыйнай скрынцы, па адной прычыне: мяне спрабавалі забіць», — кажа палітык.

«Я выжыў. І цяпер Пуцін, які аддаў загад аб маім забойстве, верашчыць на ўвесь свой бункер і загадвае сваім слугам зрабіць усё, каб я не вярнуўся. Слугі дзейнічаюць як звычайна: фабрыкуюць новыя крымінальныя справы супраць мяне. Але што яны там робяць мне не вельмі цікава. Расія — мая краіна, Масква — мой горад, я па ім сумую», — зазначае Навальны.

«Таму сёння раніцай я зайшоў на сайт кампаніі “Перамога” і купіў квіткі. 17 студзеня, у нядзелю, я вярнуся дадому рэйсам “Перамогі”. Сустракайце», — напісаў Навальны.

Па справе «Іў Рашэ» Навальны быў асуджаны ў снежні 2014 года на тры з паловай гады ўмоўна. Апазіцыянер тады не прызнаў сваю віну, палічыўшы гэта палітычным пераследам. Яму працягнулі тэрмін у 2017 годзе. Умоўны тэрмін Навальнага (тры з паловай гады) скончыўся ў 2018 годзе. Выпрабавальны тэрмін склаў пяць гадоў, да канца 2019 года, пазней яго працягнулі яшчэ на год — да 30 снежня 2020 года.

У ФСВП паўсталі прэтэнзіі да выканання Навальным правілаў умоўнага асуджэння ў канцы снежня мінулага года, за дзень да заканчэння тэрміну пакарання. Служба апублікавала паведамленне, у якім заявіла, што апазіцыянер абвінавачваўся ў тым, што «не выконвае ўскладзеныя на яго судом абавязкі і ўхіляецца ад кантролю крымінальна-выканаўчай інспекцыі». ФСВП зацікавіла, што, згодна з матэрыяламі клінікі «Шарытэ», дзе Навальны праходзіў лячэнне пасля атручвання, Навальнага выпісалі 20 верасня, а 12 кастрычніка ён быў здаровы.