Сусветныя цікавосткі: 50 гадоў без «дзяўчын», база NATO на лецішчы і пераслед хрысціян
Што можа спыніць напад расійскіх салдат на Украіну, паўстагоддзя без «дзяўчын» у Германіі, пантэон для сілавікоў і іншыя цікавосткі — у нашай падборцы свежых кур’ёзаў.
Расію спыняць кліпы?
Украіне трэба думаць, як пасеяць паніку ў расійскіх войсках. Пра гэта ў сваім відэаблогу заявіў дэпутат Вярхоўнай рады мінулага склікання Ігар Луцэнка. Ён лічыць, што ўкраінскаму кіраўніцтву тэрмінова трэба заняцца прапагандай, якая наводзіла б жах на расійскіх салдат, што чакаюць загад да нападу. «На жаль, няма кліпаў, якія паказваюць, якім чынам іх будзе сустракаць Украіна. Гэта вельмі важны чыннік абароны. Гэтым займацца трэба ўжо цяпер, каб яны не моцна слухаліся тых благіх загадаў, каб яны баяліся сюды ісці і штурмаваць гэта ўсё. На жаль, гэтага не робіцца, таму што вялікія грошы ідуць на рознага кшталту тэлеканалы, міністэрствы і гэтак далей. Але, спадзяюся, час у нас яшчэ ёсць», — дадаў былы «аташнік».
Адзначым, што гэта не адзіная незвычайная ініцыятыва патрыётаў. На днях у сацыяльных сетках з'явілася фотакопія заявы харкаўчаніна Алега Марчанкі. Марчанка звярнуўся да генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга, якому прапанаваў свой зямельны ўчастак для размяшчэння вайсковай базы Альянсу. Агульная плошча лецішча складае 8,13 гектара, знаходзіцца яно на тэрыторыі Харкаўскай вобласці. NATO прапануюць карыстацца зямельнай тэрыторыяй бязвыплатна.
Паводле ўкраінскай прэсы
50 гадоў без фройлян
16 студзеня Германія адзначыла незвычайны юбілей. У гэта дзень у студзені 1972-га федэральнае міністэрства ўнутраных спраў ФРГ выдала цікавую пастанову. Яе аўтары пісалі: «Прыйшоў час улічваць раўнапраўе мужчын і жанчын і сучаснае ўяўленне жанчын аб сваім становішчы ў грамадстве на афіцыйнай мове. Такім чынам, на афіцыйнай мове прывітанне «фраў» павінна з гэтага часу ўжывацца на адрас кожнай дарослай жанчыны». Гэтае рашэнне было прынятае пад ціскам руху феміністак і выводзіла з афіцыйнага ўжытку (а, такім чынам, з размоўнай гаворкі ў доўгатэрміновай перспектыве) слова «фройлян» (ням.: дзяўчына).
Грамадства, калі не лічыць філолагаў, асабліва не пратэставала. Хіба, што амерыканскія жаўнеры за акіянам былі трошкі не ў сваёй талерцы. Амерыканскія жаўнеры, дыслакаваныя ў акупацыйнай зоне ЗША ў ФРГ, перанялі гэтае слова. З часам «фройлян» нават увялі ў англійскую мову як запазычанасць. Так ці інакш, сёння дзень забароны «фройлян» правыя СМІ прапануюць разглядаць як дзень пачатку вайны за палітычную карэктнасць. Пры гэтым яны адзначаюць, што феміністкі не здолелі атрымаць перамогу. У нямецкіх кафэ афіцыянтак дасюль упарта называюць «фройлян».
Паводле нямецкай прэсы
Пантэон для сілавікоў
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў даручыў пабудаваць пантэон у гонар супрацоўнікаў МУС, якія «ваявалі за Алматы» падчас нядаўніх пратэстаў. Кіраўнік дзяржавы адзначаў, што на пантэоне будуць размешчаны «імёны тых сілавікоў, хто ахвяраваў сваімі жыццямі дзеля бяспекі казахстанцаў». Ініцыятыва незвычайная ў тым ліку таму, што пантэон — гэта не шыльды з імёнамі, а месца пахавання. Але няма сумневаў, што Такаеў нанёс сімвалічны ўдар па спадчыне Нурсултана Назарбаева. Апошні вельмі доўга насіўся з ідэяй стварыць у Алматы магільны склеп нацыянальных герояў, якія ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне дзяржаўнасці і развіццё краіны. Праект не атрымалася рэалізаваць у тым ліку з-за рэакцыі грамадства. Казахстанцы жартоўна прапаноўвалі арганізаваць пры пантэоне службу экстраннай сувязі з іншым светам і стварыць падобныя пантэоны ў кожнай вобласці, горадзе і сяле для пахавання найвыбітнейшых асоб мясцовага значэння.
Паглядзім, як людзі паставяцца да пантэона Такаева і ці не будзе тэма пантэонаў для сілавікоў імпартаваная ў іншыя постасавецкія краіны?
Па матэрыялах казахстанскай прэсы
Смерць за Хрыста
Фраза «пераслед хрысціян» у многіх асацыюецца з рэпрэсіямі супраць хрысціян у часы старажытнага Рыма. Аказваецца, гэтая з'ява захоўваецца і сёння. Паводле гадавой справаздачы няўрадавай арганізацыі Open Doors, у 2021 годзе з-за сваёй веры больш за 360 мільёнаў хрысціян падвергліся «моцным пераследам і дыскрымінацыі» па ўсім свеце. Прычым гэтая тэндэнцыя толькі расце. У 2021 годзе было забіта 5898 хрысціян, што на 24% больш, чым у папярэднім, калі быў зарэгістраваны 4761 выпадак. Што да геаграфіі, то тут першае месца ўтрымлівае Нігерыя: нігерыйскімі фанатыкамі было забіта 80 працэнтаў ад агульнай колькасці хрысціян-нябожчыкаў. Акрамя таго, расце агульная колькасць закрытых з-за пераследу або разбураных цэркваў (да 5110 у мінулым годзе супраць 4488 у 2020-м). Тут лідар Кітай, на які прыпадае 59% выпадкаў. На жаль, як канстатуюць аўтары справаздачы, наўрад ці сітуацыя ў новым годзе зменіцца. Найперш з-за Афганістана, дзе да ўлады прыйшлі ісламскія фундаменталісты талібы. «Талібан атрымаў дакументы, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць тых, хто прыняў хрысціянства. Іх цяпер актыўна шукаюць. Мужчын-хрысціян забіваюць на месцы, жанчын ці дзяўчат гвалтам выдаюць замуж за маладых талібаў», — паведамляюць у Open Doors.
Па матэрыялам французскай прэсы