Сусветныя цікавосткі: Сапраўдная рэлігія Пуціна, сон і прафсаюзы, новыя святыя Ватыкана
Ва Украіне працягваецца дэбеларусізацыя: гэтым разам змяняюць назвы прадуктаў. А ў каталікоў новыя святыя; прафсаюзы выступаюць супраць скарачэння нормы сну для чалавека — пра гэта і іншае чытайце ў нашай традыцыйнай падборцы палітычных кур’ёзаў свету.
«Дэбеларусізацыя» і хлеб
«Дэбеларусізацыя» і «дэрусіфікацыя» ва Украіне закранулі не толькі геаграфічныя аб'екты, але і прадукты харчавання. Нагадаем, што ў многіх украінскіх кампаній да пачатку вайны былі рускія ці беларускія найменні прадуктаў. Так, найбуйнейшы кіеўскі вытворца хлеба, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Кіеўхлеб» вырабляў сорт цёмнага заварнога хлеба пад назвай «Беларускі». Адносна танны і добрай якасці, «Беларускі» быў адным з самых папулярных хлебных тавараў як мінімум у Кіеве. Аднак тая назва засталася ў мінулым.
Цяпер хлеб «Беларускі» будзе мець патрыятычную назву «Атаманскі». «Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны кіраўніцтва кампаніі прыняло рашэнне змяніць варожую назву на ўкраінскую. Украінскаму прадукту — украінская назва!», — адзначаюць у кампаніі. Дарэчы, каментатары ў інтэрнэце падазраюць, што кампанія пад соўсам перайменавання вырашыла спрасціць рэцэптуру, каб зрабіць сабекошт папулярнай маркі таннейшым. У «Кіеўхлебе» такі варыянт адмаўляюць.
Паводле матэрыялаў украінскай прэсы.
У каталікоў новыя святыя
15 траўня Папа Рымскі перад прыкладна 45 000 вернікамі, якія сабраліся ў Ватыкане, абвясціў дзесяць дзеячаў каталіцкай царквы «святымі». На першы погляд, мерапрыемства дзяжурнае. Касцёл вызнае святымі больш за дзве тысячы чалавек. Аднак на самой справе кананізацыя — падзея ўнікальная. Гэта крок да святасці, які патрабуе ад «кандыдата» трох умоў: быць мёртвым не менш за пяць гадоў, весці жыццё паводле нормаў царквы і, галоўнае, — зрабіць як мінімум два цуды. Сапраўды, усе прызнаныя святыя здзейснілі нейкія цуды. Напрыклад, адзін з новых святых здолеў упасці з 15 метраў вышыні на востры прадмет і выжыць.
Аднак, думаецца, што цуд —толькі частка іх агульных заслуг. Адзін з новых святых быў адным з першых індусаў, які прыняў хрысціянства ў 17-м стагоддзі. За гэта ён тры гады падвяргаўся катаванням, а потым быў пакараны смерцю за тое, што не адмовіўся ад вучэння Хрыста. Так ці інакш, каталікі з рэгіёнаў, якія былі звязаныя з дзейнасцю новых святых, вельмі задаволеныя. Той факт, што там калісьці жылі святыя, безумоўна выклікае ў насельніцтва інтарэс да рэлігіі.
Паводле матэрыялаў французскай прэсы.
Хопіць дрыхнуць
Брытанскія прафсаюзы вельмі заклапочаныя вынікамі даследавання аднаго з медыцынскіх цэнтраў. Паводле іх, людзі, прынамсі сярэдняга ўзросту, павінны імкнуцца спаць не больш за сем гадзін. Больш за тое, тыя, хто спіць каля сямі гадзін, як правіла, нібыта маюць лепшыя кагнітыўныя здольнасці і псіхічнае здароўе, чым аматары заставацца доўгі час у ложку. У тых, хто аддае перавагу сямігадзіннаму сну, таксама нібыта больш здаровая структура мозгу.
На думку прафсаюзаў, тэма карысці сямігадзіннага сну — не што іншае, як стварэнне інфармацыйнай глебы для павелічэння працоўнага часу. Сапраўды, многія эксперты пішуць, што вырашэнне праблемы сну — адно з галоўных пытанняў для капіталізму ХХ стагоддзя. У тым жа Пентагоне актыўна ідуць эксперыменты над тым, каб стварыць тып жаўнера, які спіць як мага менш. Адным словам, барацьба за сон набывае важнае палітычнае значэнне. Застаецца дадаць, што ў тым жа даследаванні навукоўцы адзначаюць рызыку развіцця хваробы Альцгеймера з-за кароткага сну. Нават адна бяссонная ноч, калі ім верыць, можа выклікаць павелічэнне бялкоў, якія звязаныя з дэменцыяй.
Паводле матэрыялаў брытанскай прэсы.
Пуцін — старавер?
Кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) абвінавачваюць у маральнай адказнасці за вайну ва Украіне. Між тым, магчыма, не толькі РПЦ заслугоўвае крытыкі. Справа ў тым, што з 2017 года расійскі гарант рэгулярна сустракаецца з мітрапалітам Маскоўскім і ўсяе Русі Рускай праваслаўнай старавернай царквы Карніліем. А стараверы, для даведкі, куды больш крутыя радыкальныя рускія нацыяналісты, чым РПЦ. Не дзіўна, што мітрапаліт Карнілій фактычна падтрымаў спецыяльную аперацыю. «Калі ўлада ва Украіне адкрыта падтрымлівае богапраціўны нацызм, то царква дзеля выратавання душ чалавечых абавязаная прапаведаваць з амбона аб адстойванні Божай ісціны», — казаў Карнілій. Калі Пуцін сапраўды прасякнуўся ідэалогіяй старавераў, то ад яго можна чакаць чаго заўгодна. Ідэя, што «мы адразу ў рай, а яны ўсё проста здохнуць» стылістычна вельмі блізкая да апакаліптычных настрояў рускіх старавераў XVII-XVIII стагоддзяў, якія будавалі свае абшчыны ў лесе, а пры набліжэнні царскага войска проста спальвалі сябе.
Паводле матэрыялаў расійскай прэсы.