Сусветныя цікавосткі: У гімне Расіі — музыка ўкраінскага кампазітара, турма за выкарыстанне VPN, працоўны кантракт для каралевы

Чым скончацца спробы хунты ў М'янме ўсталяваць «лічбавую дыктатуру», ці падпішуць чальцы каралеўскай сям'і працоўныя кантракты, як Расія скрала музыку ўкраінскага кампазітара для свайго гімна — пра гэта і іншае ў нашым дайджэсце кур'ёзаў свету.

mycollages__15__1.jpg

Гімн Расіі — плагіят?

Украінскі кампазітар і піяніст Андрэй Бандарэнка заявіў аб незвычайным адкрыцці. У прыватнасці ён заўважыў, што мелодыя сучаснага гімна Расіі (яна ж мелодыя гімна СССР) была скрадзена ва ўкраінскага музыканта Мікалая Лысенкі (1842-1912). Апошні з'яўляецца аўтарам твора «Эпічны фрагмент», на які вельмі падобны матыў «Союза нерушимого». «Пра тое, што расійцы любяць "піянерыць", напісана больш, чым вельмі шмат. Я дадам невялікі штрых да партрэта. Любімая многімі пакаленнямі рускіх мелодыя гімна СССР была спіянерына. А натхніў аўтара музыкі савецкага гімна... "Эпічны фрагмент" Мікалая Вітальевіча Лысенкі», — сцвярджае Бандарэнка. Паводле яго слоў, адзін з фрагментаў «Эпічнага фрагмента» быў перароблены аўтарам савецкага гімна Аляксандрам Аляксандравым у пампезным духу сацрэалістычнай эпохі. Менавіта плагіятам Бандарэнка тлумачыць той факт, што «Эпічны фрагмент» не прысутнічаў у рэпертуары савецкіх музыкаў. Зрэшты трэба прызнаць, што плагіят у сферы стварэння гімнаў — справа вельмі звычайная. Мала сумневаў, што ўкраінскі гімн «Ще не вмерла України» быў напісаны на базе гімна Польшчы «Jeszcze Polska nie zginęła».Па матэрыялах украінскай прэсы

За VPN тры гады турмы

Ужо як год у М'янме ўсталявана дыктатура вайскоўцаў. Праўда, стабілізаваць свой рэжым генералам не ўдаецца ў тым ліку з-за наяўнасці інтэрнэта, дзе актыўна крытыкуюць дыктатуру. Нядзіўна, што адразу пасля вайсковага перавароту ў лютым 2021 года па краіне пракацілася хваля адключэнняў інтэрнэту, была ўведзена цэнзура і блакіроўкі ў сацыяльных сетках. Як гэта часта бывае ў такіх выпадках, людзі каб абысці інтэрнэт-абмежаванні пачалі выкарыстоўваць VPN. Толькі да канца лютага мінулага года попыт на VPN павялічыўся ў краіне на 7200%. І гэтая лічба толькі расце. Рэжым зразумеў небяспеку VPN. Не так даўно ваенная хунта апублікавала праект «Закона аб кібернетычнай бяспецы». Сярод іншага ў заканадаўства ўводзіцца такое злачынства як выкарыстанне VPN. Людзей, якія выкарыстоўваюць VPN, плануецца караць турэмным зняволеннем на тэрмін да 3 год. Многія эксперты сумняваюцца ў эфектыўнасці рэформы, паколькі карыстальнікаў VPN занадта шмат. Па ацэнках спецыялістаў, каля васьмі з кожных 10 чалавек, падлучаных да Інтэрнэту ў М'янме, выкарыстоўваюць VPN. Тым не менш сусветныя арганізацыі па правах чалавека ўжо заклікаюць ААН асудзіць спробы хунты ўсталяваць «лічбавую дыктатуру.Па матэрыялах амерыканскай прэсы

Каралеву працаўладкуюць?

Нядаўні плацінавы юбілей знаходжання каралевы Лізаветы Другой на троне справакаваў у Брытаніі новую дыскусію аб будучыні манархіі. Адзін з найцікавейшых варыянтаў прапанавала выданне The Independent. Адзін з яго аўтараў прапанаваў «нацыяналізаваць» каралеўскую сям'ю. Сэнс рэформы ў тым, каб дзяржава ўзяла чальцоў сям'і Віндзор на працу ў якасці манарха і сяброў яе атачэння. У кантракце будуць пералічаны працоўныя абавязкі наёмных работнікаў — удзел у цырымоніях, візіты, віншаванні і г.д. Такі падыход, на думку аўтара, дазволіць надаць брытанскай манархіі дэкор сучаснага інстытута. Акрамя таго палацавыя справы будуць падлягаць такому ж кантролю, як і любыя іншыя дзяржаўныя выдаткі, што, дакладна спадабаецца простым падаткаплацельшчыкам, за кошт якіх існуе каралеўскі двор. Вось такая незвычайная ініцыятыва, якая не выключана можа быць рэалізаваная. Лізавета Другая не вечная, а як пераемнік прынц Чарльз непапулярны сярод простых брытанцаў у тым ліку з-за трагедыі прынцэсы Дзіяны. Мяркуецца, што каб заняць трон новы манарх можа пайсці на нейкія рэформы. Напрыклад, пагадзіцца падпісаць працоўны кантракт.Па матэрыялах брытанскай прэсы

У хасідаў новая святыня

Зараз па ўсім свеце адэпты хасідызму (рэлігійная плынь у юдаізме) шалеюць ад навін з Прыднястроўя. На старых яўрэйскіх могілках у тутэйшым сяле Рашкоў знайшлі магілу рабіна Шабтая. У 18 стагоддзі гэты чалавек напісаў малітоўнік, які да гэтага часу чытаюць рэлігійныя яўрэі ўсяго свету. Магілу Шабтая шукалі шмат гадоў і вось знайшлі. Зараз у Прыднястроўі чакаюць, што старыя могілкі нечакана могуць ператварыцца ў святыню і турыстычны аб'ект, як украінская Умань, дзе пахаваны іншы знакаміты рабін цадзік Нахман. Нагадаем, што ва Умань штогод з'язджаюцца сотні тысяч паломнікаў, якія прыносяць гэтаму маленькаму правінцыйнаму гораду вялізны прыбытак. Так, сціплая аднапакаёвая кватэрка, размешчаная за кіламетр ад магілы цадзіка, здаецца ад 400 долараў за ноч. З іншага боку, некаторым уманьскім тубыльцам не падабаюцца турысты з пэйсамі. Аж да таго, што справа даходзіць да панажоўшчыны. Нарэшце, пілігрымка ва Умань выклікае трывогу і ў многіх жонак хасідаў. Вядомыя выпадкі, калі некаторыя з іх кінулі свае сем'і ў Ізраілі і ажаніліся на ўкраінскіх дзяўчынах. Паглядзім, што будзе ў Рашкове.
Па матэрыялах малдоўскай прэсы