Трамп заявіў, што не хоча мець спраў з Зяленскім

Кіраўнік ЗША Дональд Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нібыта «не хоча дамаўляцца» з Расіяй, а таму з ім не варта мець справу. Аднак у Кангрэсе ЗША расце незадаволенасць дзеяннямі Трампа, у тым ліку — і сярод яго саратнікаў па Рэспубліканскай партыі. А журналісты атрымалі план атак РФ на Украіну гэтай зімой. Ідуць 1696-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

aegl3mk.jpeg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 304 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 кастрычніка.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 22 атакі ў раёнах населеных пунктаў Старыца, Ізбіцкае, Чугунаўка і ў бок населеных пунктаў Бузавае, Радзькоўка.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 27 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Доўгая Балка і ў бок населеных пунктаў Раскошнае, Мікалаеўка, Райскае.

На Пакроўскім кірунку расіяне здзейснілі 60 атак у раёнах населеных пунктаў Дарожнае, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Тарэцкае, Паўлаўка, Навапаўлаўка, Вольнае, Кучараў Яр, Ганнаўка, Дабраполле, Светлае, Чырвонападдолле, Сяргееўка, Мураўка.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 20 разоў атакавалі пазіцыі абаронцаў Украіны у бок населеных пунктаў Раздзянка, Долінка, Горкае і Ягораўка.

* * *

У ноч на 16 кастрычніка Расія атакавала Украіну 149 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (108 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 114 БпЛА тыпу Shahed (77 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронаў іншых тыпаў.

У выніку атакі расійскіх беспілотнікаў 16 кастрычніка Луцк Валынскай вобласці застаўся без электразабеспячэння.

* * *

852948863_1761744528368861_2525943435319595461_n.jfif

* * *

22 кангрэсмены ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый звярнуліся да прэзідэнта Дональда Трампа з патрабаваннем у поўным аб'ёме і без прамаруджвання прымяніць санкцыі супраць РФ, прадугледжаныя законам сенатара Ліндсі Грэма.

Зварот ініцыяваў член Камітэта па замежных справах Джым Коста сумесна з сустаршынямі Украінскага кокуса ў Палаце прадстаўнікоў Майкам Квіглі, Марсі Каптур, Браянам Фіцпатрыкам і Джо Уілсанам. Парламентарыі падкрэслілі, што першы абавязковы крайні тэрмін уступання ў сілу ключавых санкцый у адпаведнасці з законам «Lindsey O. Graham Sanctioning Russia and Iran Act of 2026» заканчваецца 18 кастрычніка.

«Паколькі Расія рыхтуецца пачаць пятую зімовую кампанію супраць Украіны, Злучаныя Штаты маюць магчымасць узмацніць мірныя намаганні, аказваючы максімальны ціск на Уладзіміра Пуціна, а таксама на ўрады і сеткі, якія фінансуюць яго вайну. Выкарыстанне інструментаў эканамічнага ціску, прадугледжаных гэтым законам, будзе мець вырашальнае значэнне для таго, каб прымусіць Пуціна сур'ёзна паставіцца да мірных перамоў», – гаворыцца ў лісце.

Аўтары звароту выказалі глыбокую занепакоенасць рашэннем Мінфіну ЗША аб выдачы Генеральнай ліцэнзіі № 135, якая дазваляе аперацыі па продажы, дастаўцы, разгрузцы і імпарце расійскага дызельнага паліва ў Злучаныя Штаты.

Кангрэсмены заклікалі адміністрацыю неадкладна ануляваць гэты дазвол і не дапускаць новых паслабленняў, якія аднаўляюць прыток нафтадолараў у ваенную казну Крамля.

Сярод 22 падпісантаў звароту — вядучыя прадстаўнікі абедзвюх партый, у ліку якіх рэспубліканцы Майкл Макол, Джо Уілсан, Браян Фіцпатрык і Дон Бэкан, а таксама дэмакраты Стэні Гоер, Джым Коста, Марсі Каптур, Джош Готхаймер і Дзіна Цітус.

* * *

Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп у інтэрв'ю тэлеканалу Newsmax заявіў, што не хоча мець спраў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, паколькі лічыць, што той не жадае дамаўляцца з Расіяй.

Па словах Трампа, Зяленскі нібыта «не той чалавек, з якім нам варта мець справу». Ён заявіў, што мірнае пагадненне з Расіяй, калі і будзе заключана, то ўжо без удзелу дзеючага ўкраінскага лідара.

Трамп таксама заявіў, што першапрычынай вайны было прэзідэнцтва Барака Абамы, пры якім Украіну нібыта «прымусілі аддаць Крым».

«Крым – гэта, безумоўна, самая каштоўная частка Украіны. З чатырох бакоў акіян. Менавіта так. Самы прыгожы кавалак зямлі. Я забудоўшчык. Я ведаю... я дакладна разбіраюся ў добрай зямлі», – заявіў Трамп.

Паражэнне расійскага бліцкрыгу пад Кіевам у 2022 годзе амерыканскі лідар спісаў на шанцаванне і умовы надвор'я.

На думку кіраўніка Белага дома, Зяленскі павінен пайсці на саступкі Пуціну, бо ў Масквы значна большы мабілізацыйны рэсурс у вайне на знясіленне. «Праўда ў тым, што Расія – велізарная краіна, і Расія можа страціць мільён чалавек, а за імі стаяць яшчэ многія мільёны», – заявіў Трамп.

* * *

Загад аб абмежаванні працы спадарожнікавай сістэмы Starshield, якую Украіна выкарыстоўвае для сувязі на полі бою і кіравання дронамі-перахопнікамі, паступаў непасрэдна з Белага дома, высветліла Reuters.

Суразмоўцы агенцтва на ўмовах ананімнасці паведамілі, што кіраўніцтва Пентагона атрымала ад Белага дома ўказанне запаволіць працу сістэмы Starshield для ўкраінскіх ваенных. Яны не ўдакладнілі, хто менавіта прыняў гэтае рашэнне або адказваў за выкананне загаду.

На просьбу пракаментаваць загад аб абмежаванні працы Starshield амерыканскі высокапастаўлены чыноўнік адпрэчыў прычыннасць Трампа. «Прэзідэнт ніколі не рабіў падобнага запыту», – сказаў ён. Пры гэтым у Белым доме праігнаравалі пытанне аб тым, ці мог такой запыт паступіць ад іншых службовых асоб адміністрацыі.

Сістэма Starshield распрацавана кампаніяй SpaceX на базе спадарожнікавай сеткі Starlink спецыяльна для урадавых заказчыкаў і структур нацыянальнай бяспекі, у прыватнасці для Пентагона.

Генеральны дырэктар кампаніі Ілан Маск заявіў у сацыяльнай сетцы X, што сістэма Starshield належыць ураду ЗША і кантралюецца ім, таму любыя абмежаванні па хуткасці або выкарыстанні вызначаюцца Пентагонам або прэзідэнтам Трампам.

* * *

Расія падрыхтавала план, згодна з якім мае намер за адзін месяц вывесці з ладу энергетычную сістэму Украіны і адрэзаць Кіеў, Харкаў і Адэсу ад паставак святла, вады і ацяплення, піша The New York Times. Паведамляецца, што журналісты атрымалі доступ да перахопленага плана атакі РФ, які Кіеў прадставіў еўрапейскім чыноўнікам у мінулым месяцы.

Згодна з ацэнкамі плана, Расіі спатрэбіцца каля 70 балістычных ракет, 720 беспілотнікаў далёкага радыуса дзеяння і 150 кіруемых бомбаў, каб адрэзаць Кіеў, Харкаў і Адэсу ад водазабеспячэння, электраэнергіі і ацяплення. Гэта прыкладна тая колькасць балістычных ракет і беспілотнікаў, якія штомесяц у сярэднім прарываюць украінскую супрацьпаветраную абарону.

Па сутнасці, Масква лічыць, што адзін месяц удараў можа дасягнуць таго, чаго не ўдалося зрабіць за чатыры зімы атак, — разбурыць энергетычную сістэму Украіны.

Калі план Расіі па атацы будзе паспяховым, Кіеў, Харкаў і Адэса страцяць 90% сваіх электраэнергетычных магутнасцей, аб'ёмы цеплазабеспячэння скароцяцца на 90%, а сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі падвергнуцца сур'ёзным збоям.

Упэўненасць Расіі ў значнай ступені абумоўлена нястачай ва Украіны сродкаў супрацьпаветранай абароны, перш за ўсё перахопнікаў Patriot, піша выданне.