У гарадах Расіі пачалі з'яўляцца шыльды з указаннем бамбасховішчаў

Відаць, у Расіі вераць у перамогу ўсё менш. Улады Растова-на-Доне, Белгарада, Бранска, Курска і Новакузнецка павесілі на вуліцах шыльды з указаннем размяшчэння бамбасховішчаў.

Фота www.russianlook.com

Фота www.russianlook.com

На працягу мінулага тыдня стала вядома пра з'яўленні падобных шыльдаў у гарадах расійскіх рэгіёнаў, якія мяжуюць з Украінай, заўважыла расійская «Медиазона».

У Растове-на-Доне такія ўказальнікі размясцілі ў цэнтры горада. Паведамляецца таксама, што яшчэ ў верасні ўлады гарадоў і станіц краю запатрабавалі ў кіраўнікоў кампаній ачысціць падвальныя памяшканні шматкватэрных дамоў для ўладкавання месцаў, дзе можна схавацца.



У Белгарадзе на сцены дамоў напрамкі, дзе шукаць бамбасховішчы, пачалі наносіць з дапамогай балончыкаў і трафарэтаў. Усяго да канца лістапада плануюць размясціць 700 такіх указальнікаў да бамбасховішчаў. Улады просяць гараджан «захоўваць спакой» і паведамляюць, што яны «працуюць на папярэджанне».

У Клінцах і Бранску ўказальнікі пачалі з'яўляцца яшчэ ў жніўні. У канцы кастрычніка губернатар вобласці Аляксандр Багамаз даручыў падначаленым праверыць стан бамбасховішчаў.