У Расіі ўступіў у сілу закон, які абавязвае сацсеткі шукаць і блакаваць інфармацыю аб няўзгодненых мітынгах
1 лютага ў Расіі ўступілі ў сілу папраўкі да закона «Аб інфармацыі ...», якія абавязваюць сацыяльныя сеткі з штодзённай аўдыторыяй 500 тысяч карыстальнікаў з Расіі маніторыць і блакаваць супрацьпраўную інфармацыю, піша «Медуза».
Сацсеткі павінны добраахвотна блакаваць:
- парнаграфічныя матэрыялы з выявай непаўналетніх,
- інфармацыю, што схіляе дзяцей да здзяйснення небяспечных для жыцця незаконных дзеянняў,
- звесткі аб спосабах вырабу і выкарыстання наркотыкаў,
- інфармацыю пра спосабы здзяйснення самагубства і заклікі да яго,
- рэкламу дыстанцыйнага продажу алкаголю і інтэрнэт-казіно,
- інфармацыю, якая ў непрыстойнай форме выказвае «відавочную непавагу» да грамадства, дзяржавы і Канстытуцыі РФ,
- заклікі да масавых беспарадкаў, экстрэмізму і ўдзелу ў няўзгодненых публічных мерапрыемствах.
Акрамя гэтага сацсеткі абавязалі «не дапускаць», каб на іх старонках размяшчалі звесткi, што складаюць дзяржаўную тайну, заклікі да тэрарызму ці апраўданне тэрарыстычнай дзейнасці, экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама прапаганду парнаграфіі, культу гвалту і жорсткасці, матэрыялы з нецэнзурнай лаянкай і дыскрымінацыйную інфармацыю.
Закон не прадугледжвае ніякага пакарання для тых, хто адмовіцца гэта рабіць. Аўтары закона разлічвалі, што сацсеткі стануць добраахвотна выконваць гэтыя патрабаванні. Адзін з аўтараў дакумента, дэпутат-адзінарос Сяргей Баярскі адзначаў, што ініцыятыва не накіравана на поўную забарону нецэнзурнай лексікі ў сацсетках.
У студзені ўступіў у сілу іншы закон, згодна з якім сацсеткам пагражаюць высокія штрафы ў памеры ад некалькіх соцень тысяч да некалькіх мільёнаў рублёў за адмову выдаліць інфармацыю, забароненую ў Расіі. Штрафы за паўторную адмову выдаліць такую інфармацыю складаюць ад 10 да 20% выручкі кампаній, з-за чаго YouTube і Facebook тэарэтычна пагражаюць штрафы на мільёны або мільярды долараў.
На фоне масавых акцый пратэсту, якія прайшлі ў Расіі 23 і 31 студзеня з-за затрымання палітыка Аляксея Навальнага, Раскамнагляд паабяцаў аштрафаваць Facebook, Instagram, Twitter, TikTok, «Вконтакте», «Аднакласнікі» і YouTube з-за таго, што яны не выдалілі «супрацьпраўныя заклікі» да «ўдзелу ў несанкцыянаваных публічных мерапрыемствах». Таксама ведамства пагражала штрафамі і блакаваннямі за «завышаныя» ацэнкі колькасці пратэстуючых.