У Расіі працягваюцца пратэсты: тысячы затрыманых і бел-чырвона-белыя сцягі
Многія кадры — дэжавю.
31 студзеня ў Расіі адбываюцца акцыі пратэсту супраць затрымання Аляксея Навальнага. Паліцыя жорстка распраўляецца з мітынгоўцамі. На дэманстрантаў у Расіі сёння абрынулася рэпрэсіўная машына пуцінскай улады. Усе гэтыя метады выкарыстоўвалі беларускія сілавікі. Паліцэйскія ў Расіі сёння збівалі пратэстоўцаў, марозілі (садзілі ў снег), закрывалі ў храмах. На іх палявалі ў дварах і пад'ездах дамоў. Невядомыя ў масках, без аніякіх апазнавальных знакаў, выхоплівалі людзей на вуліцах, саджалі ў машыны і звозілі ў невядомым кірунку.
У Казані затрыманых прымушаюць ляжаць тварам у снег. Людзей збіваюць і заносяць беспрытомнымі ў аўтазакі. Паведамляецца пра больш за 2000 затрыманых.
Затрымана таксама жонка рэпрэсаванага палітыка Юлія Навальная.
Паліцыя атачыла дэманстрантаў.
На пратэстах заўважаны бел-чырвона-белыя сцягі і герб "Пагоня". Дзяўчын, якія фатаграфаваліся са сцягам, затрымала паліцыя.
У Маскве скандуюць "Жыве Беларусь!"
Мужчына падпаліў сябе на акцыі пратэсту.