Уладзімір Зяленскі: Ва Украіне праз расійскія абстрэлы разбурана 30% электрастанцый
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у сацсетках пра разбурэнне 30% электрастанцый у краіне. Гэта адбылося праз абстрэлы, якія Расія амаль штодзённа вядзе з 10 кастрычніка.
«З 10 кастрычніка
30% украінскіх электрастанцый былі разбураны, што прывяло да масавых
адключэнняў электраэнергіі па ўсёй краіне. Прасторы для перамоў з пуцінскім
рэжымам не засталося», — напісаў Зяленскі.
Ужо другі тыдзень Расія вядзе масіраваныя абстрэлы гарадоў па ўсёй Украіне. Сілы супрацьпаветранай абароны збіваюць большасць ракет, але частка іх усё ж трапляе ў аб'екты крытычнай інфраструктуры. Асаблівую небяспеку ўяўляюць дроны-камікадзэ, якія Расіі пастаўляе Іран.
Лічыцца, што такім чынам Пуцін імкнецца схіліць Кіеў да перамоў, у якіх праз няўдачы на фронце мае экстраную патрэбу Масква. Аднак яшчэ некалькі дзён таму Зяленскі падпісаў указ, паводле якога за стол перамоў Украіна з цяперашнімі расійскімі ўладамі не сядзе.
Захад абяцае Украіне сучасныя сістэмы СПА, аднак на іх дастаўку і наладку патрабуецца час.