Уладзіміра Зяленскага і ўкраінскі народ вылучылі на прэмію Сахарава

Еўрапейская народная партыя — самая вялікая партыя ў Еўрапарламенце — вылучыла прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і ўкраінскі народ на прэмію Сахарава — галоўную праваабарончую ўзнагароду Еўрасаюза.

epxegjhxeaan7vs.jpg


«У нас няма сумневаў, што мужны народ Украіны на чале з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім варты таго, каб сёлета атрымаць Сахараўскую прэмію "За свабоду думкі". Яны працягваюць штодня абараняць еўрапейскія каштоўнасці на палях бітваў. Я спадзяюся, што наша вылучэнне будзе падтрымана ўсімі палітычнымі групамі ў Еўрапейскім парламенце», — сказала дэпутатка Еўрапарламента Раса Юкнявічэне.

Прэмія «За свабоду думкі» імя акадэміка Сахарава заснаваная Еўрапарламентам у 1988 годзе. Прэмія ўручаецца асобам, якія ўнеслі «выключны ўклад у барацьбу за свабоду думкі, правы чалавека па ўсім зямным шары», піша ВВС.

Летась прэмію Сахарава прысудзілі расійскаму апазіцыянеру Аляксею Навальнаму.

У розныя гады лаўрэатамі гэтай прэстыжнай прэміі станавілася шмат беларусаў. У 2020 годзе яе прысудзілі беларускай апазіцыі, якую прадстаўляюць Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, прадстаўнік страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, Вольга Кавалькова, Святлана Алексіевіч, Сяргей Ціханоўскі, Сцяпан Пуціла, Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч.

Лаўрэатамі прэміі Сахарава таксама былі Беларуская асацыяцыя журналістаў (2004) і палітык Аляксандр Мілінкевіч (2006).