Вайна, што прывяла да самагубства дыктатуры

Роўна 40 гадоў таму ваенная дыктатура ў Аргенціне пачала ваенную авантуру на Мальвінскіх астравах. Праўда, эфект ад яе атрымаўся супрацьлеглым чаканаму.

ara_general_belgrano_underway.jpg


Часам амплітуда настрояў натоўпу проста фенаменальная. У канцы сакавіка 1982-га сотні тысяч аргенцінцаў выйшлі на цэнтральную плошчу Буэнас-Айрэса, незадаволеныя эканамічнай палітыкай дыктатуры вайскоўцаў. «Выбары зараз!», — скандавала людская маса.
Прайшло ўсяго дзесяць дзён і тыя ж самыя людзі ў прыкладна той жа колькасці і на той жа цэнтральнай плошчы шчыра віталі лідара дыктатуры генерала Леапольда Галцьеры на балконе прэзідэнцкага палаца Каза Розада.
Такая хуткая трансфармацыя адбылася з-за падзей на Мальвінскіх (у брытанскай версіі — Фалклендскіх) астравах. 2 красавіка архіпелаг — яблык векавога канфлікту паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй — быў захоплены аргенцінскімі жаўнерамі. Навіна аб вяртанні Мальвін у родную гавань выклікала выбух патрыятызму ў краіне і пераацэнку стаўлення да рэжыму нават у асяроддзі апазіцыі. Партыі, якія ўчора крытыкавалі рэжым, перайшлі на лаяльныя пазіцыі.
Уласна кажучы, такая рэакцыя грамадства была прадказальнай паколькі брытанскі суверынітэт над Мальвінамі быў старой нацыянальнай траўмай. Таму варыянт хуткай і пераможнай вайны на Мальвінах у выпадку пагрозы сур'ёзнага ўнутранага крызісу заўжды разглядаўся генераламі.
Таксама даўно былі складзены канкрэтныя планы інтэрвенцыі. Прычым планавалася прымеркаваць яе да адной з дзвюх сімвалічных гістарычных датаў: 25 мая, калі ў 1810 году адбылося паўстанне супраць іспанскай кароны, або 9 ліпеня, калі Аргенціна абвясціла незалежнасць у 1816 годзе. Але з-за сур'ёзнага эканамічнага крызісу напачатку 1982-га і на фоне шырокамаштабных парушэнняў правоў чалавека рэжыму спатрэбілася гучная перамога на Мальвінах у найкароткія тэрміны.
Калі ўнутры краіны ўсё адбывалася па чаканай генераламі схеме, то на знешнепалітычнай арэне нешта пайшло не так. Адной з ключавых памылак хунты было няправільнае разуменне геапалітыкі, у прыватнасці, мяркуемай падтрымкі з боку Вашынгтона. У атачэнні Гальцьеры не сумняваліся, што Злучаныя Штаты будуць на баку аргенцінскай дыктатуры. Сапраўды, Вашынгтон актыўна дапамагаў аўтарытарным рэжымам Лацінскай Амерыкі праз пагрозу камунізму.
Але ў дадзенай сітуацыі Штаты вырашылі падтрымаць Злучанае Каралеўства.
Не ўлічылі аргенцінскія вайскоўцы і настроі ў брытанскай эліце. Яны спадзяваліся на тое, што ў Лондане не будуць асабліва супраціўляцца анексіі выспаў. Тым больш, што ў сярэдзіне 70-х на Даўнінг-Стрыт разглядалі варыянт перадачы архіпелага аргенцінцам. Аднак у 82-м пры ўладзе ў Англіі знаходзілася Маргарэт Тэтчэр, якой трэба было ратаваць свой рэйтынг. Яна без ваганняў вырашыла ўвязацца ў канфлікт, які вядомы пісьменнік Борхес, дарэчы, жартоўна называў «вайна двух лысых з-за расчоскі».
Нарэшце, аргенцінскія вайскоўцы самі паддаліся эмоцыям. Увогуле першапачатковы план заключаўся ў тым, каб «акупаваць выспы, а затым іх пакінуць». Такім чынам планавалася прымусіць Вялікабрытанію абмеркаваць пытанне аб іх суверэнітэце архіпелага, як таго патрабавала рэзалюцыя ААН 1965 года.
Але ўбачыўшы са свайго балкона плошчу, поўную людзей, Галцьеры вырашыў працягваць выстаўляць з сябе нацыянальнага героя. «Калі брытанцы жадаюць прыйсці, хай ідуць, мы дадзім ім бой!» крычаў ён экзальтаванаму натоўпу. Тым самым кідаючы прамы выклік Вялікабрытаніі, чыя аператыўная вайсковая група ўжо плыла на поўдзень Атлантыкі.
Што было далей, у прынцыпе, агульнавядома. 2 мая брытанская атамная падводная лодка патапіла аргенцінскі крэйсер «Генерал Бельграна», у выніку чаго загінулі 323 чалавекі — гэта была самая вялікая страта Аргенціны за ўсю вайну. Пасля гэтага аргенцінскі ваенна-марскі флот атрымаў загад вярнуцца ў свае базы і да канчатка баявых дзеянняў больш ніяк не выявіў сябе. Хутка ў Аргенціны скончыліся самалёты.
У выніку аргенцінскі гарнізон на Мальвінах быў абложаны без якой-небудзь надзеі на дэблакаванне. Яго камандаванню не заставалася нічога, акрамя капітуляцыі, што і адбылося 14 чэрвеня. Вялікабрытанія вярнула сабе Фалклендскія выспы.
Вось тут у дыктатуры і пачаліся сапраўдныя праблемы. У той жа дзень 14 чэрвеня цэнтральная плошча аргенцінскай сталіцы Пласа-дэ-Майо зноў была запоўнена грамадзянамі, абуранымі капітуляцыяй сваёй краіны. Аргенцінская армія ў лічаныя імгненні страціла свой элітарны арэол і прэстыж і ўжо не магла прэтэндаваць на ўладу ў краіне. Сам Галцьеры праз тры дня падаў у адстаўку, а хунта пагадзілася прызначыць выбары на наступны 1983 год.
Іх вынікі вызначыў таксама той факт, што адначасова вайсковыя пачалі знішчаць доказы забойства прыкладна 30 000 дысідэнтаў (большасць з якіх былі студэнтамі, вучонымі і прафсаюзнымі актывістамі). У лютым 1983 года начальнік паліцыі Буэнас-Айрэса публічна прызнаў злачынства і заявіў, што ўсе «зніклыя дысідэнты» насамрэч мёртвыя. Заява цалкам скапраметавала дыктатуру.
30 кастрычніка 1983 года адбыліся выбары, на якіх атрымаў перамогу лідар лібералаў Рауль Альфонсін. Згодна з яго дэкрэтам, пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта пачаўся судовы пераслед лідараў дыктатуры за дзеянні, учыненыя падчас іх праўлення. Усё скончылася судовым працэсам у 1985-м. Сярод асуджаных быў і Леапольда Галцьеры — дыктатар, які марыў выратаваць дыктатуру за кошт вайны.