Вайна ва Украіне, дзень 163. Што адбываецца сёння

Вайна ва Украіне працягваецца 163-ці дзень. Нечаканасцю для многіх стала заява Amnesty International пра тое, што УСУ падвяргаюць небяспецы мірнае насельніцтва, апублікаваная 4 жніўня. Сёння адказы на гэта прагучалі як ад украінскіх палітыкаў, так і міжнародных.

Фота УНІАН

Фота УНІАН

Паводле Amnesty International, «тактыка Украіны парушыла міжнароднае гуманітарнае права, ператварыўшы грамадзянскія аб'екты ў ваенныя цэлі. У выніку расійскіх удараў па населеных пунктах, якія адбыліся пасля гэтага, загінулі мірныя жыхары і была разбураная грамадзянская інфраструктура».
У офісе прэзідэнта Украіны на гэта заявілі, што жыццю ўкраінцаў пагражае толькі расійскае войска, а заявы Amnesty International з'яўляюцца не чым іншым, як удзелам у дыскрэдытацыйнай кампаніі Расіі супраць Украіны. Дарадца кіраўніка Офіса Міхаіл Падаляк адзначыў: «Адзінае, што ўяўляе пагрозу жыццям украінцаў, — гэта расейская армія катаў і гвалтаўнікоў, якая прыйшла ва Украіну здзяйсняць генацыд».
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў сваю чаргу заявіў: «Такія паводзіны Amnesty International — гэта не пра пошук і данясенне свету праўды. Гэта аб стварэнні фальшывага балансу паміж злачынцам і ахвярай, паміж краінай, якая тысячамі знішчае грамадзянскае насельніцтва і цэлыя гарады, і краінай, якая адчайна абараняецца, ратуючы свой народ і цэлы кантынент ад гэтага нашэсця».
Выказалася і амбасадар Вялікабрытаніі ва Украіне Мелінда Сіманс: «Адзінае, што пагражае ўкраінскім мірным жыхарам, — гэта расійскія ракеты, зброя і марадзёрства расійскіх войскаў. Кропка. Калі б Расія спыніла ўварванне ва Украіну, небяспекі не было б».
*****
На акупаваных тэрыторыях украінцаў прымушаюць атрымліваць расійскія пашпарты пад пагрозай страты маёмасці.
Так званая «пашпартызацыя» на акупаваных тэрыторыях праходзіць пад рознымі падставамі. Напрыклад, у Мелітопалі прымушаюць перазаключаць дамовы на зямельныя паі і мяняць нумарныя знакі на аўтамабілях. Каб выканаць усё гэта, неабходна прадаставіць пашпарт РФ.
Таксама на тэрыторыі часова акупаванай Херсонскай вобласці сельгасвытворцаў заклікаюць рэгістраваць дзейнасць і плаціць падаткі ў РФ. У выпадку адмовы зямельны ўчастак папросту адбяруць, паведамляе voynareal.
*****
У медустановах Марыупаля не хапае персаналу, а пацыентаў размяшчаюць у калідорах, каб забяспечыць лепшыя ўмовы для расійскіх вайскоўцаў. Паводле інфармацыі дарадцы гарадскога галавы Марыупаля Пятра Андрушчанкі, з-за недахопу медыкаментаў у бальніцах Марыупаля памірае амаль кожны чацвёрты пацыент. Самай складанай з'яўляецца сітуацыя з інсуліназалежнымі пацыентамі.
«Інсуліназалежныя ў найгоршым стане. Прывезены з Расіі эндакрынолаг прымае толькі адзін раз у тыдзень у чацвер у адной бальніцы. Ён і "раздае" інсулін у шпрыцах. Таму шанцуе не ўсім. Сітуацыю сумяшчальнасці, падбору інсуліну наогул ніхто не кантралюе», — распавёў Андрушчанка.
Па яго словах, у бальніцах памірае кожны чацвёрты пацыент. Лекаў не хапае, іх можна купіць у аптэках, якія належаць набліжаным да крыміналітэту калабарантам і самаабвешчанаму кіраўніку «ДНР» Дзянісу Пушыліну, — піша zaxid.net.
*****
Украіна хоча аднавіць морам экспарт не толькі збожжа — РФ назвала ўмовы пашырэння збожжавага калідора.
   Расія згодная пашырыць дзеянне «збожжавага калідора» на экспарт металаў з Украіны ў абмен на адмену заходніх санкцый. Пра гэта ў пятніцу, 5 жніўня, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
«У любым выпадку, тут трэба разумець, што рашэнне такіх пытанняў немагчыма без прамой увязкі з тымі абмежаваннямі, якія дзейнічаюць у дачыненні да нашых вытворцаў, у гэтым выпадку нашых вытворцаў металаў», — сказаў ён.
Пяскоў дадаў, што Крэмль пакуль не сфармаваў выразнай пазіцыі па гэтым пытанні.
*****
У Кіеве сёння развітваюцца з аграбізнесменам Аляксеем Вадатурскім, які 31 ліпеня загінуў падчас ракетнага ўдару па Мікалаеве.
Цырымонія развітання з Героем Украіны, стваральнікам кампаніі Нібулон, буйным аграбізнесменам Аляксеем Вадатурскім і яго жонкай Раісай Вадатурскай праходзіць ва Уладзімірскім саборы.
Як заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк, гібель Вадатурскага не была выпадковасцю. У ОП не выключаюць, што ракета ў дом бізнесмена трапіла праз навядзенне карэкціроўшчыкаў агню.