Віцэ-прэм'ер Украіны: у палоне застаецца 2,5 тысячы ўкраінцаў

Віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук паведаміла ў інтэрв'ю BBC News Украіна, што ў расейскім палоне знаходзяцца 2,5 тыс. украінцаў.

На фота Ірына Верашчук

На фота Ірына Верашчук

На пытанне аб колькасці палонных яна адказала: «Некалькі тысяч. Мы гаворым аб 2,5 тысячах палонных. Людзі застаюцца ў палоне, і горш за ўсё — там застаюцца грамадзянскія».
Па яе словах, ужо некалькі абменаў расейцы не адпускаюць грамадзянскіх. «Трэба ставіць пытанне рубам і патрабаваць адпускаць цывільных. Грамадзянскія павінны быць вернутыя, а не абменены. І сярод іх ёсць вельмі шмат жанчын», — сказала Верашчук.


«Жанчын у палоне засталося нямала. Калі ўлічыць, што з "Азоўсталі" выйшла 131 жанчына, то ўявіце сабе, колькі жанчын у няволі. Вярнулі ўсяго некалькі», — кажа яна.

Нагадаем, апошні маштабны абмен палоннымі паміж Украінай і РФ адбыўся пры пасярэдніцтве Турцыі. У ноч на чацвер, 22 верасня, у сеціве з'явіўся поўны спіс украінскіх вайскоўцаў, якія былі вызвалены з расейскага палону ў рамках вялікага абмену. У пераліку пазначаныя 215 імёнаў. Паводле афіцыйных звестак, сярод вызваленых — 108 байцоў батальёна «Азоў» і агулам 124 афіцэры.