Вялікі Сацыялістычны Майдан

Сацыяльная тэматыка падаецца адной нешматлікіх з тэмаў, якая можа аб’яднаць украінскія Захад і Усход. Аднак сацыяльныя сілы ва Украіне вельмі слабыя, — канстатавалі ўдзельнікі канферэнцыі «Левыя і Майдан», якая прайшла ў Кіеве 12–13 красавіка.  



o_00091426_g_00001738.jpg

Адпраўной кропкай дыскусіі на канферэнцыі стаў мазгавы штурм наконт таго, як разумець адзін з эпізодаў, што меў месца на Майдане прыкладна ў пачатку года. На барыкады спрабаваў прабрацца адзін з кіеўскіх хіпі, які знешне выглядаў як лубочны Ісус Хрыстос — барада, патлы, ды яшчэ, нягледзячы на мароз, у сандалях. У руках юнак трымаў чырвоны сцяг, які, па яго словах сімвалізаваў не камунізм, а барацьбу за справядлівасць. Спроба юнака трапіць у эпіцэнтр рэвалюцыі правалілася. За перыметр барыкад яго выгнаў сябра Самаабароны.

Сцэна выгнання «Ісуса» з чырвоным сцягам з’яўлялася, на думку некаторых, глыбока сімвалічнай. Яна цудоўна перадавала прыроду апошняй рэвалюцыі, галоўным тэзісам якой быў поўны разрыў з постсавецкай, посткамуністычнай спадчынай. Менавіта на базе гэтай спадчыны будаваўся кансэнсус незалежнай Украіны 23 гады. Аднак на нейкім этапе частцы сіл (алігархі, нацыяналісты і праеўрапейская грамадскасць) праект постсавецкай Украіны пачаў падавацца анахранізмам.

Гэтыя сілы і сфармавалі ўдарную сілу Майдану і сталі галоўнымі бенефіцыярамі яго перамогі: нацыяналісты ўвайшлі ва ўладу, алігархі атрымалі карт-бланш на знішчэнне рэшткаў сацыяльнай мадэлі СССР, праеўрапейскі сярэдні клас дабіўся ўключэння Украіны ў сферу інтарэсаў ЕС.

Але была зроблена стратэгічная памылка. Аўтарам праекту савецкай Украіны быў Ленін, які патрабаваў уключэння ў яе склад Данбасу і Поўдня. Таму крах постсавецкай Украіны падарваў легітымнасць яе кардонаў і выклікаў разбурэнне ідэнтычнасці на Усходзе.

Так ці інакш, па словах прыхільнікаў гэтай тэорыі, Майдан выглядае дастаткова рэакцыйнай з’явай, якая не мае нічога агульнага з сацыяльным прагрэсам.

Апаненты, спрабуючы давесці сваю пазіцыю, таксама звярталіся да апісанай сцэны з «Ісусам». Хлопец, які пагнаў хіпі з Майдану, відавочна не належыць да праслойкі алігархаў, гэта прадстаўнік катэгорыі «заробітчан», якая сфармавалася ва ўкраінскай правінцыі на фоне калапсу савецкай інфраструктуры. Прыкладна год сем таму сацыёлагі пачалі адзначаць нарастаючую агрэсіўнасць прадстаўнікоў гэтай сацыяльнай групы. Яны на сваім вопыце пераканаліся, што ў жыцці ні ім, ні іх дзецям нічога не свеціць, і гатовыя былі на самыя радыкальныя акцыі. «Сацыяльная Вандэя» — так апісалі гэты феномен сацыёлагі.

Фактычна, просты люд чакаў нагоды для бунту супраць сістэмы, які дзіўным чынам аказаўся пачаты студэнтамі Еўрамайдану. Сяляне прыйшлі на Майдан і сталі яго дамінуючай жорсткай і бескампраміснай сілай. Як правакацыйна адзначыў адзін з выступоўцаў на канферэнцыі, калі б Януковіч падпісаў Асацыяцыю з Еўропай, людзі паўсталі супраць Асацыяцыі. Фактычна еўралозунгі Майдану субліміравалі сацыяльны пратэст, які мелі падтрымаць левыя.

Так і рабіла адна з фракцый украінскіх левых. Праўда, у выніку гэта ўсё вылілася ў тактыку малых спраў — арганізацыю адукацыйных курсаў, бібліятэкі ў захопленым Украінскім доме, санітарных брыгад, медыя-ініцыятыў і г.д. Тое, што маштаб быў невялікі, тлумачыцца двума фактарамі. Па-першае, усялякі сацыялістычны лозунг выклікаў устойліва негатыўную рэакцыю ў правых радыкалаў. Па-другое, палітычная свядомасць «заробітчан» аказалася вельмі нізкай і мазаічнай. У побыце яны ахвотна крытыкавалі алігархаў, аднак у выніку Майдан не змог сфармуліраваць ніводнага сацыяльнага лозунгу. Больш таго, антыкрызісная праграма ўраду, якая ўключае замарожванне пенсій і заробкаў, больш за ўсё б’е па тых жа па «сацыяльных вандэйцах».

Асобную фракцыю ў дэбатах — павінны былі ці не левыя падтрымліваць Майдан — складалі працоўныя. Па словах лідараў прафсаюзаў, у большасці Майдан разглядаўся як шоў сярэдняга класа і моладзі. Па разліках сацыёлагаў, пралетарыі складалі 6–7 працэнтаў пратэстнай масы рэвалюцыі.

Аднак цяпер сітуацыя мяняецца на вачах. Ідзе актыўны працэс палітызацыі рабочага класу. На першы погляд, гэтая палітызацыя ўяўляе выклік для новай улады. Большасць індустрыяльных гігантаў Украіны завязаныя на расійскі рынак. Як следства, інтэграцыя Украіны ў склад Еўропы пагражае працы гэтых прадпрыемстваў. Па-другое, яны знаходзяцца на рускамоўным Усходзе — арэале дзейнасці сепаратыстаў. Аднак, аказваецца, прарасійскія настроі рабочым не характэрныя. Тых жа шахцёраў Данбасу пужае сумная статыстыка Растоўскай вобласці, дзе цяпер працуюць толькі 4 вугальныя шахты. Да таго ж усе баяцца агрэсіўнасці Расіі.

Магчыма, таму вялікім інтарэсам на канферэнцыі карыстаўся Ілля Панамароў — адзіны дэпутат расійская Дзярждумы, які прагаласаваў супраць анексіі Крыму. Паводле яго словаў, палітычная фізіяномія рэжыму ў Расіі пасля Крыму змянілася. Цяпер гэта адкрыты банапартызм, якому для існавання трэба агрэсіўная знешняя палітыка. Цікавая рэмарка Панамарова пра настроі ў калідорах Крамля. Па яго словах нават большасць супрацоўнікаў апарату адміністрацыі прэзідэнта РФ не ў захапленні ад крымскай авантуры.

З іншага боку, Панамароў прызнаў, што ў тым ліку пасіўнае стаўленне ўкраінскіх левых да прысутнасці нацыяналістычных лозунгаў на Майдане дазволіла Крамлю маніпуліраваць калектыўнымі настроямі ў Расіі. Адсюль і завоблачны рэйтынг Пуціна, і вельмі супярэчнае стаўленне да таго ж Панамарова, які ператварыўся шмат для каго ў здрадніка.

Нягледзячы на тое, што на канферэнцыі больш казалі пра правалы левых, увогуле тонус удзельнікаў быў пазітыўным. Відавочна, што сацыяльная праблематыка не толькі становіцца вельмі актуальнай, але і здольная аб’яднаць усход і захад Украіны. Акрамя таго, стан іншых палітычных сіл ва Украіне — не лепшы.

Каб казаць, ці здольныя ўкраінскія левыя набыць суб’ектнасць і стаць палітычным акторам, трэба дачакацца 1 мая, калі ў краіне адбудуцца традыцыйныя прафсаюзныя маніфестацыі. Магчыма, тыя «Ісус» і «заробітчанін» усё ж апынуцца побач на адной і той жа барыкадзе.