Засунулі аўтамат у рот: расійцы пад Херсонам жорстка забілі маці і яе прыёмнага сына
Украінскія праваахоўнікі працягваюць знаходзіць забітых расійцамі ўкраінцаў у вызваленых раёнах Украіны. У вёсцы Львоўскія Вотрубы Херсонскай вобласці выявілі целы расстраляных маці і сына.
«Сяло Львоўскія Вотрубы, вызваленая Херсонская
вобласць. Два целы цывільных у яме-акопе ў двары, дзе жыло падраздзяленне
расійскіх акупацыйных сіл», — паведаміў журналіст Андрэй Цапліенка ў
Telegram.
Адзначаецца, што 49-гадоваму Сяргею Навасаду ўклалі дула
аўтамата ў рот і застрэлілі. На гэтым расійскія вайскоўцы не спыніліся і
выпусцілі ва ўжо мёртвага мужчыну чаргу з аўтамата.
Акрамя таго, акупанты забілі і прыёмную маці
мужчыны — 78-гадовую Любоў Навасад. Ёй стрэлілі ў галаву.
«Яе цела ляжала над яго целам, як і два кійкі бабулькі, без якіх яна не магла перасоўвацца. Чаму іх прывялі сюды з роднай
хаты праз дарогу і расстралялі, невядома», — падсумаваў журналіст.
З першых дзён поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў расійскай акупацыі апынуўся Херсон і вялікая частка вобласці. 11 лістапада ўкраінская армія зайшла ў Херсон.
На вызваленых
тэрыторыях праваахоўныя органы Украіны фіксуюць ваенныя злачынствы
расійцаў — забойствы грамадзянскіх, гвалт, выкраданні, гвалтоўную дэпартацыю,
рабаванні і іншае. Спецыялісты працуюць з масавымі пахаваннямі, дзе знаходзяць
знявечаныя целы.
Нягледзячы на
дэакупацыю левабярэжнай часткі Херсонскай вобласці, акупанты працягваюць
забіваць мірнае насельніцтва. Так, па стане на 26 лістапада расійцы забілі на
вызваленай тэрыторыі больш за 30 чалавек.
Паводле unian.net.