Жазэп Барэль склікаў экстранную сустрэчу кіраўнікоў МЗС ЕС

Міністры замежных спраў краін ЕС правядуць экстранную сустрэчу ў Нью-Ёрку ў сувязі з мабілізацыяй, абвешчанай у Расіі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

borrel_1.jpg


«У нас ужо была планавая сустрэча кіраўнікоў МЗС у Нью-Ёрку ў панядзелак. Цяпер я склікаю экстранную сустрэчу, каб пацвердзіць нашу падтрымку Украіны і папярэдзіць міжнародную супольнасць аб сітуацыі, у якую нас паставіў Пуцін. Міністры абмяркуюць працяг аказання ваеннай падтрымкі Украіне, новыя санкцыі супраць Расіі», — сказаў ён.

Барэль таксама запэўніў, што Еўрасаюз не мае намеру наўпрост умешвацца ў канфлікт, але будзе працягваць падтрымліваць Украіну. Ён назваў заяву Пуціна далейшай эскалацыяй канфлікту, перадае REFORM.by.

Са слоў вярхоўнага прадстаўніка, прэзідэнт РФ сваімі заявамі аб ужыванні ядзернай зброі спрабуе запалохаць Украіну і еўрапейскія краіны, але ў яго не атрымаецца.

«Такія пагрозы з'яўляюцца непрымальнымі. Пагрозы ядзернай зброяй уяўляюць небяспеку для ўсяго свету. Міжнародная супольнасць павінна адрэагаваць на гэта. Такія заявы ў Міжнародны дзень міру з'яўляюцца яшчэ большым цынізмам», — сказаў Барэль.

Між тым, Еўракамісія ўжо працуе над новым пакетам санкцый у дачыненні да Расіі. Пра гэта паведаміў журналіст RFE/RL Рыкард Ёзвяк. Пакет можа быць прадстаўлены на наступным тыдні на разгляд дзяржаў ЕС. Ён можа ўключаць і захады па абмежаванні коштаў на расійскую нафту, ужо ўзгодненыя ў рамках G7.

Пакет з'явіцца на фоне арганізацыі Расіяй рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны з мэтай іх далучэння, а таксама абвяшчэнні частковай мабілізацыі, якое было зроблена сёння.