275 гадоў таму нарадзіўся генерал Тадэвуш Касцюшка
Тадэвуш Касцюшка — ураджэнец Беларусі, польскі і амерыканскі нацыянальны герой, непахісны змагар за незалежнасць.
4 лютага 1746 года ў Мерачоўшчыне на тэрыторыі сённяшняй Беларусі нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка — беларускі, польскі і амерыканскі нацыянальны герой, непахісны змагар за незалежнасць.
У 1776 годзе Касцюшка пераехаў у Паўночную Амерыку, дзе прыняў удзел у вайне за незалежнасць ЗША ў званні палкоўніка Кантынентальнай арміі. Будучы дасведчаным вайсковым інжынерам, ён распрацоўваў і камандаваў будаўніцтвам самых сучасных умацаванняў, у тым ліку форта ў Вест-Пойнце і Нью-Ёрк, будаваў лагеры амерыканскай арміі. У 1783 годзе, за адвагу падчас аблогі Саратогі, яму было прысвоенае званне брыгаднага генерала. Касцюшка карыстаўся пашанай галоўнакамандуючага амерыканскай арміяй Джорджа Вашынгтона, а за сваю працу і адвагу атрымаў амерыканскае грамадзянства і зямлю.
У 1784 годзе Касцюшка вярнуўся ў Польшчу. У 1789 годзе ён далучыўся да польскай арміі і ўдзельнічаў у польска-расійскай вайне ў 1792 года, у якой вызначыўся ў некалькіх бітвах, у тым ліку пад Зяленцамі.
У 1794 годзе, пасля другога падзелу Польшчы, ён арганізаваў і кіраваў паўстаннем, якое цяпер гісторыкі называюць паўстаннем Касцюшкі. Пад Рацлавіцамі разбіў расійскія войскі. Паранены пад Мацеявіцамі, трапіў у палон. Касцюшка быў памілаваны імператарам Паўлам І і эміграваў у ЗША, а пазней у Швейцарыю, дзе памёр у 1817 годзе. Прах генерала пакоіцца ў крыпце св. Леанарда на Вавелі, а яго сэрца — у Каралеўскім замку ў Варшаве.
Тадэвуш Касцюшка адзін з самых вядомых палякаў у свеце. Яму прысвечаныя шматлікія помнікі. Ягоным прозвішчам называюць вуліцы, школы, караблі, ваенныя часткі і г.д.
У 2010 годзе помнік генералу быў урачыста адкрыты на плошчы Жалезнай брамы ў Варшаве. Старшыня асацыяцыі па яго будаўніцтве гісторык прафесар Марыян Марэк Драздоўскі(Marian Marek Drozdowski), не ўтойваў, што пасля многіх гадоў у сталіцы ўдалося ўшанаваць памяць генерала:
— Для нас Касцюшка заўсёды будзе “жывым сцягам” нашага змагання за незалежнасць, суверэнітэт і нацыянальнае прымірэнне.
У сваю чаргу тагачасны пасол ЗША ў Польшчы Лі Эндру Файнштэйн падкрэсліваў значэнне Тадэвуша Касцюшкі для амерыканцаў:
— Да гэтага часу Касцюшка належыць да пантэона герояў амерыканскай вайны за незалежнасць. Томас Джэферсан называў яго „лепшым сынам свабоды”. Памяць пра Касцюшку жыве ў ЗША, нягледзячы на цяжкасці, якія ўзнікаюць пры вымаўленні яго прозвішча.
Помнік на плошчы Жалезнай брамы ў Варшаве – гэта копія скульптуры, аўтарства прафесара Антонія Попеля (Antoni Popie), якая ў 1920 годзе была адкрытая ў Вашынгтоне. На ім, апрануты ў форму амерыканскага генерала Тадэвуш Касцюшка трымае ў руцэ план умацаванняў Саратогі.
У памяць пра генерала ў 1820-1823 гадах у Кракаве грамадзяне пабудавалі Курган Касцюшкі. Работы сталі дэманстрацыяй патрыятызму, нагадваў гісторык і актывіст Лешак Мазан(Leszek Mazan):
— 16 кастрычніка 1820 года на ўзгорку Сікорнік, побач з капліцай Браніславы, палякі пачалі ўзводзіць курган вышынёй у 133 метры над Далінай Віслы. Дыяметр кургана складаў 80 метраў а вышыня 34 метры. Курган наведваў натоўп людзей. Усе пра яго памяталі, інакш чым цяпер.
Вядомы падарожнік і географ Павел Эдмунд Стшэлецкі(Paweł Edmund Strzelecki) назваў прозвішчам Касцюшкі найвышэйшую вяршыню Аўстраліі.
У 2018 годзе ў родным горадзе Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне быў адкрыты помнік генералу. У цырымоніі прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі мясцовых беларускіх улад, замежныя дыпламаты.
Пра Тадэвуша Касцюшку ў Беларусі не забываюць таксама ў цяперашні час. Учора ў другой палове дня паслы некалькіх краін усклалі кветкі да бюста генерала на тэрыторыі амбасады ЗША ў Мінску. Часовы павераны ў справах пасольства Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі(Marcin Wojciechowski) паведаміў Польскаму радыё, што ў цырымоніі ўскладання кветак, у прыватнасці, прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Германіі, Швецыі, Швейцарыі, Літвы, Украіны , Фінляндыi і Аўстрыi:
— Падчас згаданай цырымоніі мы хацелі падкрэсліць нашую прыхільнасць свабодзе, сімвалам якой з’яўляецца Тадэвуш Касцюшка. Ён з’яўляецца прыкладам для людзей з розных куткоў свету, як змагацца за свабоду.
Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў пераконвае, што Тадэвуш Касцюшка заслугоўвае ўсеагульнай павагі:
— Пра Касцюшку варта паматаць таксама сёння. Тадэвуш Касцюшка — генерал, вайсковец, інжынер, але, перш за ўсё, патрыёт гістарычнай Літвы і Рэчы Паспалітай.
Гісторык адзначае, што Тадэвуш Касцюшка з'яўляецца важнай гістарычнай фігурай для многіх краін, у тым ліку для Польшчы, ЗША і Беларусі:
— Касцюшка нас спалучае — паказвае, што нас аб’ядноўвае супольная гістарычная спадчына. Я спадзяюся, што ў будучыні ў Беларусі будуць адкрываць школы кадэтаў імя Касцюшкі, а не Суворава, які з’вязаны з гісторыяй Расіі, а не Беларусі.
У Мерачоўшчыне ў Беларусі знаходзіцца перабудаваная сямейная сядзіба Касцюшкаў. Штогод там ладзіліся юбілейныя ўрачыстасці. Аднак сёлета з-за пандэміі каронавіруса яны не адбудуцца.