У МЗС Беларусі выказаліся наконт каментара пасольства Расіі пра Касцюшку

«Мы не збіраемся перапісваць гісторыю», — заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі, паведамляе «Еўрарадыё».

kascjuszka.jpg


У МЗС Беларусі выказаліся пра каментар пасольства Расіі пра Тадэвуша Касцюшку. Нацыянальны гістарычны музей 4 лютага ў сацсетках нагадаў пра 275-я ўгодкі з дня нараджэння нашага знакамітага земляка і назваў яго "нацыянальным героем чатырох краін". На гэта адрэагаваў работнік пасольства Расіі ў Беларусі, які напісаў пра "гістарычнае невуцтва".
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў гэтую спрэчку. "Беларусь, беларускі народ для сябе сваіх герояў, у тым ліку гістарычных, вызначыў, — кажа ён. — І зрабіў гэта карэктна, не ўмешваючыся ў справы іншых і не залазячы на чужую тэрыторыю".
Па словах Глаза, у беларусаў "няма комплексаў з гэтай нагоды, і нашай краіне не патрэбнае прызнанне або адабрэнне ад каго б там ні было гэтага факту, акрамя саміх беларусаў".
Прадстаўнік МЗС нагадаў, што Беларусь — суверэнная краіна. "Мы не збіраемся перапісваць гісторыю, — працягвае Глаз. — Больш за тое, мы сумесна з Расійскай Федэрацыяй гэтаму супрацьстаім".
Анатоль Глаз адзначыў, што "Нацыянальны гістарычны музей выказаў нармальную і адназначную пазіцыю".