У Расіі нямога аштрафавалі за скандзіраванне лозунгаў
Суд у Санкт-Пецярбургу аштрафаваў за ўдзел у акцыі мясцовага жыхара Яўгена Агафонава, паведамляе «Свабода» са спасылкай на «Апологию протеста». Ён сказаў, што ішоў у краму і нічога не ведаў пра акцыю. Яго затрымалі, калі ён спрабаваў паказаць паліцыянтам, што не чуе. У пратаколе сілавікі напісалі, што ён разам з іншымі ўдзельнікамі скандзіраваў лозунгі. Агафонаў кепска чуе і зусім не можа гаварыць.
![f8c5429f_e5a3_4324_bc82_7f4124093463_w1023_r1_s.webp f8c5429f_e5a3_4324_bc82_7f4124093463_w1023_r1_s.webp](/img/v1/images/f8c5429f_e5a3_4324_bc82_7f4124093463_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Суддзя пакараў яго штрафам у 5 тысяч расійскіх
рублёў (каля 176 рублёў у пераводзе на беларускія). Адзначаецца, што гэта ніжэй
за мінімальнае пакаранне.
Падобны выпадак быў у Беларусі ў 2010 годзе. Тады на акцыі
пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня таксама затрымалі нямога і
запісалі ў пратакол, што ён выкрыкваў антыдзяржаўныя лозунгі. Суд адправіў
справу на дапрацоўку.
Праз год, у 2011-м, за ўдзел у адной з маўклівых акцый
пратэсту аштрафавалі чалавека без рукі. Міліцыянт на судзе сведчыў, што
падсудны пляскаў у далоні.
Нарэшце, у 2020 годзе, 12 верасня, ў Гомелі затрымалі і
пабілі 23-гадовага інваліда па слыху. Паводле міліцыі, ён «актыўна ўдзельнічаў
у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лозунгі». 16 верасня адбыўся суд,
які палічыў віну недаказанай.