Жыхары Мазыра і Гомеля паскардзіліся на збіццё ў міліцыі і атрымалі адмовы з аднолькавым тэкстам

11 жніўня ў Гомелі затрымалі Дзмітрыя Лукомскага, а ў Мазыры — Юрыя Чаранкова з жонкай. Яны расказалі пра збіццё і здзекі ў міліцыі і падалі заявы, каб завялі крымінальныя справы. Празь пяць месяцаў яны атрымалі адмовы з аднолькавым тэкстам. Дакументы адрозніваюцца толькі імёнамі, распавядае «Свабода».

1_384.webp

Паводле Дзмітрыя Лукомскага, яго білі пры затрыманні і ў міліцыі дручкамі — па галаве, нагах, калолі іголкамі, прымушалі крычаць «Я люблю міліцыю».

«Вакол быў жах, усюды валяліся выбітыя зубы, людзі крычалі, стагналі, усе ляжалі на падлозе тварам уніз, і іх білі», — апавядаў ён.

З ізалятара часовага ўтрымання, куды ён трапіў без прытомнасці, ён выйшаў «увесь сіні». Ён падаў скаргу ў Следчы камітэт.

Юрася Чаранкова затрымалі разам з жонкай у Мазыры 11 жніўня. Ён апавядаў «Палескай вясне» пра здзекі і катаванні ў Мазырскім РАУС.

«Білі моцна пасля затрымання. Білі ў аднапавярховым будынку, дзе месціцца крымінальна-выканаўчая інспекцыя, насупраць асноўнага корпусу Мазырскага РАУС», — сцьвярджаў жыхар Мазыра. Ён сказаў, што ў аддзеле здзекаваліся і з ягонай жонкі, якая працуе настаўніцай.

Юрась Чаранкоў падаў заяву на збіццё ў Следчы камітэт. Але крымінальную справу распачалі на яго паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса — «Знявага прадстаўніка ўлады». Падставай стаў ягоны каментар пра міліцыю ў адным з мазырскіх тэлеграм-каналаў. Пасля гэтага актывіст з жонкай быў вымушаны з'ехаць за мяжу.

Што адказаў абодвум Следчы камітэт?

Аднолькавыя адказы жыхарам Гомеля і Мазыра са Следчага камітэту падпісаныя следчым Т. Беларусам. У іх гаворыцца, што:

а) супрацоўнікі Мазырскага РАУС (ці Цэнтральнага ў Гомелі) не ўчынялі супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да заяўнікаў;

б) «неабгрунтаваная фізычная сіла» і спецыяльныя сродкі не прымяняліся;

в) адкуль з'явіліся траўмы — міліцыі невядома;

г) запісы камер відэаназірання ў памяшканнях АУС не захаваліся;

д) доказаў незаконнага прымянення фізычнай сілы і спецыяльных сродкаў не атрымана.