«Білі, пакуль не страціў прытомнасць». Адкуль у сілавікоў карт-бланш на гвалт?
Гамяльчаніна Дзмітрыя Лукомскага затрымалі і збілі сілавікі падчас жнівеньскіх падзей. У РАУС яму калолі іголкамі ў ягадзіцы, білі ў пах, збівалі, пакуль не траціў прытомнасць. Ён ляжаў каля вялікай лужыны крыві, дзе былі выбітыя зубы. Дзмітрый Лукомскі напісаў заяву ў Следчы камітэт, у якой прасіў аб правяранні і распачынанні крымінальнай справы па факце збіцця сілавікамі. Але атрымаў адмову, як і дзясяткі іншых беларусаў, якія сталіся ахвярамі гвалту і спрабавалі шукаць справядлівасці. Ці парушаюць сілавікі закон і адкуль у іх карт-бланш на беспакаранасць, разбіраўся «Белсат».
Дзмітрый Лукомскі — блогер і актывіст «Краіны для жыцця» ў
Гомелі. Разам з камандаю падчас выбарчай кампаніі ездзіў па рэгіёне і
арганізоўваў пікеты на падтрыманне Святланы Ціханоўскай. Сілавікі пачалі
паляваць на яго ды іншых актывістаў яшчэ з 2 жніўня: сачылі каля дому, аднойчы
АМАП цэлы дзень правяраў пашпарты тых, хто заходзіў у дом і выходзіў з яго.
Дзмітрый хаваўся, але ўсё ж быў затрыманы 11 жніўня на плошчы Леніна.
«Калі міліцыянт
круціў іголку, я закрычаў ад болю, ён задаволена засмяяўся»
Дзмітрый ехаў на ровары ды збіраўся ўжо дадому, як у гэты час да яго падышлі два міліцыянты, аднаго з якіх ён пазнаў. Актывіст паспрабаваў з’ехаць ад іх, аднак паслізнуўся на ровары і ўпаў. Да яго падскочылі міліцыянты і пачалі збіваць. Хутка да іх далучыліся амапаўцы. Закінулі ва «УАЗік» і павезлі ў РАУС.
«На ровары ў мяне былі налепкі «ВелаГомель97», «ЯМЫ
Ціханоўскі» і падобныя. Гэта іх моцна раззлавала.
Пагражалі, што завязуць у лес і застрэляць. У машыне мяне
адразу паставілі ілбом у падлогу, так і ехалі. У РАУСе, калі даведаліся маё
прозвішча, абрадаваліся: маўляў, гэта той самы Лукомскі. І працягвалі збіваць.
Заламалі мне рукі ззаду і завязалі маім жа рэменем», — апавядае актывіст.
Паводле Дзмітрыя, у той дзень розныя паверхі РАУСу былі
адведзеныя для пэўных затрыманых. На першым паверсе размяркоўвалі тых, каго
прывезлі. На трэцім паверсе была вялікая актавая зала, дзе на падлозе ляжала
шмат людзей. У асноўным — няпоўнагадовыя і жанчыны. Дзмітрыя ж адправілі на
чацвёрты паверх, дзе «разбіраліся» з мужчынамі.
«Мяне ўдарылі па нагах, каб я ўпаў, і пацягнулі за каўнер
праз калідор з АМАПам, які біў мяне, аж пакуль я не страціў прытомнасць. Каб я
апрытомнеў, аблілі вадой. Я ляжаў на падлозе, жыватом уніз, ногі былі
рассунутыя, сілавікі падыходзілі і перыядычна білі мяне ў пах. Пэўна, ім гэта
прыносіла нейкае задавальненне», — згадвае Дзмітрый Лукомскі.
У РАУСе падчас збіцця на яго начапілі значкі з нацыянальнаю
сімволікаю.
«Я ляжаў на падлозе амаль без прытомнасці. Адзін з
міліцыянтаў перыядычна хадзіў каля мяне, штурхаў нагой.
Узяў значок ды іголкаю пачаў калоць мяне ў ягадзіцы. У мяне
было ўсё апухлае, я асабліва не адчуваў болю. Тады ён пачаў круціць іголку,
пакуль я не закрычаў. Ён з задавальненнем засмяяўся», — кажа актывіст.
Дзмітрый згадвае, што ляжаў каля вялікай лужыны крыві, дзе
былі выбітыя зубы.
«Гэта мне яшчэ пашанцавала. Калі ляжаў, чуў, як збіваюць
іншых, прымушаючы іх падпісваць пратаколы. Пэўна, звязаныя з крымінальнымі
справамі. Ёсць тры станы ў чалавека, якога збіваюць: чалавек крычыць ад болю,
чалавек войкае і стогне, чалавек проста хрыпіць.
Адзін мужчына папрасіў піць — яго дэманстратыўна збілі і
запыталі ў прысутных: «Ну што, хто яшчэ хоча папіць?» Жанчын збівалі жанчыны: я
чуў, як адзін з сілавікоў казаў іншаму, што здзіўлены, наколькі жанчына можа
быць жорсткаю», — распавядае Лукомскі.
Яму запомнілася таксама гісторыя мужчыны, які эміграваў з
Украіны: «Падчас збіцця адзін з сілавікоў крычаў: гэта ты мяне на Майдане
паліў? Атрымай!»
«Яны проста цягнулі час, каб паглядзець, у які бок пойдзе
сітуацыя»
15 жніўня Дзмітрыя Лукомскага вызвалілі, у яго засталіся недаседжаныя суткі. Паехаў у шпіталь, дзе прайшоў медычны агляд і зафіксаваў збіццё.
«Я наўпрост сказаў дактарам, што мяне збілі ў РАУСе
сілавікі. Яны зусім не здзівіліся, мяркуючы па ўсім, я быў не першы з такою
гісторыяй. Затым з заключэннем доктара паехаў у Следчы камітэт, каб напісаць
заяву пра збіццё сілавікамі», — кажа актывіст.
У Следчым камітэце вельмі ўважліва ўсё выслухалі, нават
стварылася ўражанне, што яны сапраўды будуць правяраць і расследаваць. Следчы
праз некаторы час знайшоў ровар актывіста і прапанаваў разам схадзіць у РАУС,
каб яго забраць.
Але хутка справу перадалі іншаму следчаму. На гэтым супраца
скончылася: не было ніякіх званкоў больш за месяц, пасля прыйшла папера, што
правяранне ў справе падоўжанае на месяц, пасля — яшчэ на месяц і на тры месяцы.
«Яны проста цягнулі час, каб паглядзець, у які бок пойдзе
сітуацыя. Калі б перамагаў народ, яны б нешта расследавалі, а так яны вырашылі
ўсё замяць», — адзначыў Дзмітрый.
Цяпер актывісту прыйшла адмова ў распачынанні крымінальнай
справы па факце збіцця сілавікамі.
«Згодна з фармулёўкамі, атрымліваецца, мяне збівалі цалкам
паводле закону. А траўмы, маўляў, нязначныя, бо я не страціў працаздольнасць.
А я быў цалкам сіні, у мяне было страсенне мозгу. І
некаторых міліцыянтаў, якія гэта рабілі, я пазнаў, у дакументах жа гаворыцца,
што асобы не ўстаноўленыя», — кажа Дзмітрый Лукомскі.
Праваабаронца: Важна фіксаваць усе выпадкі гвалту і
парушэння закону сілавікамі
Праваабаронцы з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года сочаць за крымінальнымі справамі, якія маюць палітычны характар, дакументуюць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання з удзельнікамі пратэставых выступаў.
Пасля трагічных падзеяў 9–13 жніўня шмат людзей былі збітыя
сілавікамі. Некаторыя звярнулася ў Следчы камітэт з просьбаю зладзіць правяранне
па факце збіцця і катаванняў. Цяпер людзі атрымліваюць адпіскі, што справаў не
распачнуць, бо няма складу злачынства ці немагчыма высветліць асобаў, якія гэты
гвалт здзяйснялі. Ніводнай крымінальнай справы аб збіванні сілавікамі і перавышэнні
імі паўнамоцтваў няма.
Наадварот: распачынаюцца крымінальныя справы супраць тых,
каго збілі, за нібыта ўдзел у масавых закалотах ці гвалт над працаўнікамі
ўнутраных органаў.
«Аднак вельмі важна, нават атрымаўшы такую адмову, не
спыняцца і спрабаваць абскарджваць гэтае рашэнне. Пайсці азнаёміцца з
матэрыяламі справы, напісаць скаргу начальніку Следчага камітэту. Гэта ўсё мае
сэнс для далейшага дакументавання парушэнняў усіх працэсуальных і заканадаўчых
нормаў СК ды пракуратуры, якія носяць сістэмны характар па ўсёй краіне, і
інфармавання беларускай ды міжнароднай супольнасці пра сапраўдны стан з правамі
чалавека ў Беларусі. Усе гэтыя гісторыі і задакументаваныя сведчанні стануць у
будучыні доказамі злачынных дзеянняў з боку сілавікоў», — адзначыў у каментары
«Белсату» праваабаронца, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту па
Гродне і Гродненшчыне Раман Юргель.
Калі і ў якой ступені міліцыянт мае права ўжываць сілу?
Мікалай Казлоў, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў запасе і былы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах кажа, што гэтае пытанне трэба разглядаць з гледзішча некалькіх аспектаў: «Людажэрскіх законаў, Канстытуцыі і практыкі, якая склалася ў сілавых ведамствах». Напрыклад, свабода мірных сходаў гарантаваная беларусам Канстытуцыяй, аднак гэтае права цалкам нівелюецца Законам аб масавых мерапрыемствах.
Але ўжыванне фізічнага гвалту рэгламентуецца Законам аб
міліцыі, дзе вельмі дакладна распісана, у якіх выпадках і ў якой ступені
працаўнік мае права ўжываць сілу ці зброю.
«Калі чалавек стаіць на каленях, не супраціўляецца, а яго
працягваюць біць міліцыянты, то гэта злачынства. Калі чалавека пускаюць па
калідоры, дзе яго збіваюць сілавікі, — гэта злачынства ў чыстым выглядзе.
Працаўнікі мусяць усведамляць гэта. У такіх выпадках паводле закону іх трэба
адхіліць ад службы і арыштаваць», — адзначае Мікалай Казлоў.
Уявім сітуацыю, якая за апошнія паўгода вельмі актуальная
для вуліцаў Беларусі: ляжачага чалавека б’е міліцыянт, ці нават некалькі. Што
мусіць рабіць той, каго бʼюць? Спрабаваць абараніць сябе, адбівацца? Што рабіць
людзям, якія побач: спрабаваць бараніць, рызыкуючы адправіцца на лаву
падсудных?
«Усе павінны дакладна разумець, што ў такім выпадку
міліцыянты здзяйсняюць злачынства. Аднак у нас цяпер усё перакулілася з ног на
галаву. У нас працуюць не законы, а дыктатарская мэтазгоднасць», — кажа Мікалай
Казлоў.
Ён адзначае, што ёсць пэўныя заўвагі да вызначэння тэрміну
«законныя патрабаванні».
Калі чалавек у міліцэйскай форме, з дакументамі, то гэта
зусім не азначае, што ўсе ягоныя патрабаванні робяцца законнымі. Не, нават пры
выкананні службовых абавязкаў ён можа парушаць закон. Аднак беларускія
міліцыянты перакананыя ў іншым.
«Органы мусяць уздымаць і вырашаць пытанне, што і ў якой
ступені могуць рабіць людзі, каб абараніць сябе і сваё жыццё ад нематываванай
жорсткасці сілавікоў», — падкрэслівае былы міліцыянт.
Ігнараванне злачынстваў сілавікоў, паводле Мікалая Казлова,
параджае ланцужок новых службовых злачынстваў: Генпракуратуры, калі яна не
прымае да ўвагі відэа з доказамі гвалту і мусіла б паводле закону ініцыяваць
разбор, і судоў, якія выносяць рэальныя тэрміны збітым сілавікамі людзям,
прызнаючы іх вінаватымі ў гвалце над міліцыяй.
1800 заяваў аб катаваннях і збіваннях дэманстрантаў
праваахоўнымі органамі паступілі ў Следчы камітэт цягам паўгода з пачатку
масавых пратэстаў у Беларусі, паводле праваабаронцаў. Афіцыйныя органы сваю
лічбу не агучвалі. Ніводнай крымінальнай справы дасюль не распачалі. Заяўнікі
працягваюць атрымліваць адпіскі, што сілавікі дзеялі ў межах сваіх
паўнамоцтваў.
Карт-бланш на гвалт ад Лукашэнкі
Адкуль у сілавікоў такая жорсткасць да беларусаў і чаму гэтая жорсткасць беспакараная?
«У такой жорсткасці ёсць некалькі прычынаў. Гэта
беспакаранасць, устаноўка на гвалт, якая ідзе з самага верху: Лукашэнка не раз
прызнаваўся ў тым, што сам кіруе дзеяннямі сілавікоў, ён персанальна іх
апраўдвае і падтрымлівае», — кажа ў каментары «Белсату» палітычны аналітык
Валер Карбалевіч.
На думку эксперта, менавіта Лукашэнка даў устаноўку ўсім
іншым дзяржаўным органам не чапаць сілавікоў, што б яны ні рабілі, нават калі
гаворка пра забойства: згадаем забойства Рамана Бандарэнкі, па якім так і не
распачалі крымінальнай справы. Як і па іншых выпадках забойстваў пратэстоўцаў.
Адсюль у сілавікоў з’явілася адчуванне поўнай беспакаранасці.
Тое, што гэта загад і ўстаноўка з самага верху, кажа і
злітая прамова намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, які
распавядаў, як трэба абыходзіцца з пратэстоўцамі.
«Калі б факты гвалту былі адзінкавымі выпадкамі, можна было
б сказаць, што гэта эксцэс выканаўцы. Аднак усё кажа пра тое, што гэта сістэма,
якая ініцыюецца ды падтрымліваецца дзяржавай і асабіста Лукашэнкам», — адзначае
аналітык.
Адыгрывае ролю таксама псіхалагічны фактар, асобы сілавікоў:
іх адмыслова вучаць жорсткасці, гвалту, замбуюць і прамываюць ім мазгі — яны не
гатовыя ўспрымаць іншую інфармацыю, альтэрнатыўны пункт гледзішча. Адбываецца пэўная
селекцыя: у сілавыя структуры адбіраюць людзей, гатовых ужываць гвалт.
Аднак, калі сілавікі адчуваюць сваю беспакаранасць і вераць
у тое, што яны робяць усё правільна, чаму яны хаваюць свае твары пад
балаклавамі? Даходзіць да абсурду: напрыклад, на некаторых судах «пацярпелых»
падчас жнівеньскіх падзеяў сілавікоў дапытвалі за шторкамі ці наагул з іншага
пакою. Праз тэлебачанне сілавікі каментуюць падзеі ў балаклавах і са змененым
голасам. Свае твары яны хаваюць і падчас рэйдаў у дварах. Людзі ў чорным без
апазнавальных знакаў ці ў цывільным адзенні затрымалі і кінулі ў аўтазакі больш
за 30 тысяч беларусаў са жніўня 2020 года.
«Паводле законаў паліталогіі ды сацыялогіі, дзяржава мае
манаполію на гвалт.
Але ў нашай сітуацыі мае месца падсвядомы парадокс: сілавікі
адчуваюць сябе антыгероямі і хаваюць свае асобы, бо ўсведамляюць хісткасць
рэжыму і сумнеўную легітымнасць Лукашэнкі, якога яны абараняюць.
То бок яны выконваюць ролю не дзяржаўных службоўцаў, а
выканальнікаў персанальных загадаў Лукашэнкі, яны — частка ягонай групоўкі», — кажа Валер Карбалевіч.