Наша будучыня на нашых плячах
Беларускі рэжым імкліва ператвараецца з аўтарытарнага ў таталітарны. Наўрад ці наверсе ведаюць, у чым адрозненне гэтых тэрмінаў, але там дакладна ведаюць, што, калі атрымаецца аднавіць кантроль, можна будзе яшчэ крыху пратрымацца.
Калі яшчэ пару гадоў таму ўлада рэгламентавала толькі нашы знешнія паводзіны, то сёння яна спрабуе кіраваць нашым асабістым жыццём. Дзе гуляць і займацца спортам, з кім сустракацца, у што апранацца, якую пасцілу есці і што сушыць на балконах. Што далей?
Анансаваныя «генпракурорам» змены ў заканадаўстве, якія фактычна пазбавяць людзей любой магчымасці праявы абсалютна ўсялякай нязгоды, — апошняя спроба рэжыму ўтрымацца хаця б на некалькі гадоў. І толькі ад нас усіх залежыць, ці стане гэта спроба ўдалай.
У мяне няма прэтэнзій да Лукашэнкі. Усе гэтыя гады ён ніколі сабе не здраджваў. Упарта ішоў да сваёй крыштальнай мары — неабмежаванай улады. Атрымаўшы яе, як мог, стараўся ўтрымаць. Ён ніколі не дзейнічаў нахрапам. Усе гэтыя гады ён крок за крокам выпрабоўваў нашу «талерантнасць». Хіба адразу Беларусь стала такой, якой мы яе бачым сёння? Не. Кожны раз ён нібыта пытаўся ў грамадства: «Таварышы, можна зраблю так? Вам жа ад гэтага нічога, наадварот, чарка паўнейшая ды шкварка тлусцейшая». — «А й праўда, — адказвала грамадства, — ну што з нас убудзе? Ну забароняць там штосьці, закрыюць, кагосьці аштрафуюць, пасадзяць, заб’юць… Гэта ж далёка, гэта ж толькі адмарозкаў. А мы ж — па-за палітыкай. Мы ж проста за чарку і шкварку…»
У мяне няма прэтэнзій да набліжаных чыноўнікаў і бізнесоўцаў, да розных там эйсмантаў і баскавых. Яны як могуць абараняюць свой лад жыцця, свой «дабрабыт». Ім абсалютна без розніцы, што будзе з краінай, з намі ўсімі. Яны б і краіну памянялі, калі б былі ўпэўненыя, што гэтак жа змогуць жыць у іншай. І яны будуць абараняць гэта да канца.
Я нічога не хачу сказаць тым міліцыянтам, амапаўцам ды іншым карнікам, якія білі, гвалцілі, здзекаваліся. Ніякія словы ім ужо не патрэбныя. Іх лёс ужо прадвызначаны. Гэтак жа, як і больш не хочацца нешта пытацца ў суддзяў і пракурораў.
Магу толькі пашкадаваць тых, якія шалёна кідаюцца на нашы сцягі. Яны дасюль вераць кожнаму слову дзяржаўных медыя. І яны калісьці з такім жа імпэтам будуць кідацца на абарону іншай улады.
Але сёння, як ніколі, я хачу звярнуцца да тых мільёнаў, якія ўсё яшчэ спадзяюцца ціхенька адседзецца ў куточку. Перачакаць ці дачакацца… Да тых, хто дзеля цвілой скарынкі гатовы зрадзіць сваім калегам. Да тых, хто нібыта ўсім сэрцам хоча пераменаў, але так баіцца пра гэта сказаць, бо раптам не працягнуць кантракт, не дадуць прэмію, не зацвердзяць праект… Да тых, хто люляе сваё сумленне словамі: «Я і так шмат раблю», «Будзе толькі горш», «Ад мяне мала што залежыць», «“Ябацек” не люблю, але і “ясветак” не падтрымліваю»…
Я хачу звярнуцца да тых, хто прачнуўся ў жніўні 2020-га, але дасюль намацвае пад ложкам тапкі, бо яшчэ не вырашыў, ці адважыцца ўстаць у поўны рост. Да тых, хто нібыта ўжо гатовы выказаць усё, што набалела, але чамусьці баіцца, што пачуюць не тыя. Да ўсіх тых, хто дасюль маўчаў ці выказваўся шэптам.
Калі і сёння вы прамаўчыце. Калі зноў заплюшчыце вочы. Калі адшукаеце чарговае апраўданне сваёй баязлівасці. Калі спакойна забудзеце пра ўсіх закратаваных, збітых і забітых. Заўтра ранкам прыйдуць за вамі. За кожным з вас па чарзе. І тады не пытайцеся, чаму так здарылася. Толькі ад нас залежыць наша будучыня. Гэта наша права і наш цяжар. Нам яго несці. На нашых плячах. Панурых ці акрыленых — вырашайце самі.