«Здарылася нейкае вар'яцтва». Як у Мінску сталі зачыняць крамы з нацыянальнай сімволікай
У апошні час папулярныя ў Мінску афлайн-крамы сувеніраў з нацыянальным каларытам былі зачыненыя. З праверкамі сюды прыходзілі МНС і АБЭЗ, супрацоўнікі дзвюх крам асуджаныя на «суткі». Стваральнікі кропак з нацыянальнай сімволікай распавялі TUT.BY, як на працягу шасці гадоў усё было ў парадку, вышымайкамі закупляліся МНС і БРСМ, А цяпер крамы вымушаныя закрывацца з-за штрафаў і праверак.
Symbal.by: «МНС і БРСМ закуплялі ў нас вышыванкі»
Symbal.by з'явіўся ў 2014 годзе, першы час магазін працаваў
толькі анлайн. Усё пачыналася з культурнай ініцыятывы «Арт-Сядзіба»,
якая ініцыявала збор подпісаў за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга
гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пасля гэтага Павел Белавус вырашыў стварыць
магазін, дзе будуць прадаваць сувеніры і вопратку з беларускімі сімваламі.
Стартавалі з продажу «Пагоні», бел-чырвона-белага сцяга, вышымаек. А
ў 2017 годзе адкрылася яшчэ і афлайн-крама на Машэрава.
— Мы з самага пачатку пазіцыянавалі, што бел-чырвона-белы
сцяг і «Пагоня» — гэта не якія-небудзь апазіцыйныя сімвалы, мы
распавядалі, што гэта нацыянальныя сімвалы — першыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі
Беларусь, што пад імі наша краіна была абвешчаная незалежнай дзяржавай. І на
працягу гэтых гадоў пытанняў да нас не ўзнікала, — кажа дырэктар крамы
Symbal.by Павел Белавус.
Акрамя гэтага, Symbal удзельнічаў у арганізацыі святкавання
100-годдзя БНР, праводзіў «Мова-фэст» і іншыя мерапрыемствы,
распавядае дырэктар крамы.
Белавус растлумачыў, што з боку невядомых людзей «дробныя
поскудзі» ўсё ж бывалі, але без наступстваў.
— Хтосьці даслаў ананімку, што ў нашай краме прадаецца
фашысцкая сімволіка. Прыйшоў супрацоўнік міліцыі, агледзеў усё, правёў
апытанне. Ці хтосьці паскардзіўся на рэкламу ў метро. Ці хлопца затрымалі са
сцягам: ён сказаў, што купіў у нас, да нас прыйшлі, правялі апытанне. Такія
выпадкі ніколі не заканчваліся нават распачаццем адміністрацыйнай справы, іх
было мала, — распавядае Белавус.
Як распавядае дырэктар крамы, за кошт таго, што эфект
прысутнасці нацыянальных сімвалаў нарастаў, людзі часцей насілі рэчы з
вышыўкай, напрыклад, або «Пагоняй». Таксама праз падзеі ва Украіне іх
стала лаяльна ўспрымаць улада.
— Яны вырашылі, што трэба нацыянальнае не так моцна
рэпрэсаваць, таму што нехта ж будзе абараняць Беларусь, калі здарыцца «як з
Украінай»? І гэта будуць патрыёты. Гэта вечная гульня. Тады нашы дзеянні ім
былі на руку, таму нас не чапалі. Гэта як з мітынгамі супраць інтэграцыі ў
снежні 2019 года. Севярынец тады вадзіў людзей, пакуль ішлі перамовы,— і
ніхто іх не чапаў, каб Лукашэнка сказаў Пуціну: «Як я магу гэта
падпісваць, Глядзі, у мяне ж людзі там на плошчах стаяць!» Цяпер гэта стала не
на руку ўладзе — значыць, трэба «зачысьціць, знішчыць, вынішчыць».
Па словах Белавуса, за шэсць гадоў працы Symbal.by аброс
кліентамі з прыватных і дзяржаўных структур.
— МНС у нас заказвалі пола з арнаментам на адкрыццё
Міжнароднага чэмпіянату па пажарным спорце. БРСМ, калі перанялі ў нас дні
вышыванкі, на свае першыя мерапрыемствы іх у нас замаўлялі. АНТ, БТ, СТВ
здымалі сюжэты, распавядалі, якая ў нас ёсць крама з нацыянальнымі сімваламі, — так, яны ніколі не паказвалі бел-чырвона-белы сцяг ці «Пагоню». Федэрацыя
прафсаюзаў запрашала нас на турыстычную выставу — там мы рабілі стэнд з
беларускімі сучаснымі сувенірамі. На «Славянскі базар» ездзілі і ставілі
кропку з нашай прадукцыяй, — распавядае Белавус.
— Пры гэтым, супрацоўнічаючы з дзяржструктурамі, мы ніколі
не гулялі ў цэнзуру. Усе яны ведалі, што ў нас ёсць у продажы бел-чырвона-белыя
сцягі. Мы ніколі ад гэтага не адмаўляліся. А цяпер была палітычная кампанія, і
ў іх здарылася нейкае вар'яцтва — і, мабыць, нас вырашылі ўключыць у спіс ворагаў
беларускай дзяржаўнасці. Пачынаючы з лета нас спрабуюць пастаянна прыструніць, — кажа Белавус.
Як Symbal працуе апошнія паўгода?
Краму Symbal на Машэрава закрылі летам: міліцыя канфіскавала
ў кур'ера 419 футболак з надпісам «ПСІХОЗ%» — пасля гэтага пачалася
серыя праверак ад АБЭЗ, падатковай, МНС. Белавус тлумачыць, што прэтэнзій да
футболак так і не выставілі, але сказалі, што тавар можа захоўвацца ў структур
столькі, колькі неабходна. Інспектары МНС выпісалі штрафы на ліквідацыю
парушэнняў, маўляў, у памяшканні нельга весці раздробны гандаль. Кампанія
парушэнні ліквідавала, перарабіла праект, але ўзгадніць працу крамы ўсё роўна
не ўдалося: сказалі перарабляць вентыляцыю.
Пытанні да тавараў Symbal.by узніклі і ў Мінскай
рэгіянальнай мытні — пасылкі з таварамі крамы не адпраўляюць за мяжу. З кастрычніка
да атрымальнікаў не дайшло каля 200 адпраўленняў.
30 студзеня ў краму, якую таксама выкарыстоўвалі як офіс,
прыйшлі супрацоўнікі АБЭЗ, канфіскавалі дакументы і маёмасць і там жа затрымалі
чатырох работнікаў Symbal.by. У выніку ўсіх іх асудзілі на 15 і 20 сутак па
артыкулах 23.34 і 23.4. Што краме інкрымінуе АБЭЗ, Белавус не ведае.
Чацвёра супрацоўнікаў крамы Symbal.by застаюцца пад вартай — іх справы адправілі на дапрацоўку
Па словах дырэктара, ні пісьмова, ні вусна ніякіх просьбаў прыбраць нешта з продажу яны не атрымлівалі. Але цяпер крама не можа нічога прадаваць нават онлайн, бо бухгалтар ў СІЗА, а 90% прадукцыі выключыў АБЭЗ.
Белавус распавядае, што ўвесь гэты час яны працуюць па
законе: «На ўсё ёсць неабходная дакументацыя, накладныя».
— Зразумела, што мы не настроены спыняць сваю дзейнасць. Але
цяжка сказаць, як далей будуць развівацца падзеі. Але мы не ворагі сваёй
краіны, мы патрыёты, мы любім сваю краіну і мы маем права распавядаць і
паказваць тыя рэчы і ідэі, якіх мы прытрымліваемся і якіх прытрымліваецца на
сённяшні дзень большасць беларусаў.
Белавус кажа, што калі яны адкрываліся, то арыентаваліся
прыкладна на мільённую аўдыторыю пакупнікоў.
— Цяпер жа аўдыторыя, якой цікавыя гэтыя сімвалы, якая
цікавіцца гісторыяй і культурай, узрасла як мінімум у чатыры разы. Цяпер гэта
чатыры мільёны, — ацэньвае Дырэктар Крамы.
Павел Белавус тлумачыць, што зыходзіць у ацэнках з цікавасці
да кантэнту крамы на сайце, у YouTube і сацсетках.
«Мой модны кут»: «У ГЦ прыходзілі нейкія
людзі — нам здаецца, глядзелі, што прадаецца ў крамах»
Крама «Мой модны кут» знаходзіцца ў гандлёвым
цэнтры «Маскоўска-Венскі», ён працуе там з 2013 года, з 2015-га там
прадаюць сувеніры з нацыянальнымі сімваламі. Цяпер крама зачыненая, але працуе
онлайн. Уладальнік пункту Валерый Есіпёнак затрыманы, цяпер у СІЗА. Плануецца,
што прадпрымальнік выйдзе на свабоду 12 лютага. Да яго затрымлівалі жонку — у
той момант, калі ў краму прыйшоў АБЭЗ. А яшчэ раней прыходзілі з МНС — знайшлі
парушэнні.
Жонка ўладальніка крамы Алена Есіпёнак выказала здагадку,
што яны былі першымі з тых, да каго прыйшлі з АБЭЗ.
— Супрацоўнікі нават доўга думалі і стэлефаноўваліся,
высвятлялі, што рабіць: якія рэчы трэба забіраць. Канфіскавалі ў асноўным
адзенне — 70%, усё, што з «Пагоняй» звязана, але вышымайкі і ўсё, што з
арнаментам, засталося. Канфіскавалі таксама некаторыя сувеніры, трошкі сцягі
забіралі. Выбарачна. Ветліва папрасілі аддаць бухгалтэрыю за апошні год. Як нам
сказалі, канфіскавалі рэчы па двух прычынах: каб аддаць на экспертызу, ці
адпавядаюць яны сертыфікатам EAC і ці адпавядае прадукцыя суправаджальным дакументам.
Алёна Есіпёнак распавяла, што крама прыйшлося закрыць да
ліквідацыі парушэнняў, якія звязаны з пажарнай бяспекай. Але яна разумее, што
гэтая зацікаўленасць кантралюючых органаў звязана з палітычнай сітуацыяй у
краіне, робяць гэта, каб крамы «не мулялі вочы».
— Як мне здаецца, там нескладаныя парушэнні, якія можна
ліквідаваць. Але ці дапаможа гэта адкрыцца зноў — вялікае пытанне.
Штраф выпісалі, па-мойму, на 29 базавых велічынь. Ніякіх дакументаў ад АБЭЗ у
мяне няма, я ведаю, што канфіскацыя тавару было, акт быў падпісаны Валерам.
Есіпёнак кажа, што да праверак вусных распараджэнняў нешта
прыбраць з продажу не было.
— Можа быць, было б і прасцей, калі б хтосьці нешта папрасіў
прыбраць. Вядома, мы кажам, што няма закона, які б забараняў гандляваць
прадукцыяй БЧБ. Ні указаў, ні дэкрэтаў — нічога.
Але жонка прадпрымальніка заўважыла, што перад візітам АБЭЗ
у гандлёвым цэнтры быў падазроны абыход.
— У выходныя, за дзень да майго затрымання, у гандлёвы цэнтр
прыходзілі нейкія людзі — нам здаецца, глядзелі, што прадаецца ў крамах, — Есіпёнак кажа, што такое заўважылі і калегі.
Са слоў Алены, з 2015 года да крамы не было ніякіх пытанняў.
— Раней была такая прадузятасць, быццам вышымайкі — гэта нешта
апазіцыйнае. Але потым гэта ўсе перараслі, мода пайшла, усё вярнулася да
традыцый. Гэта вялікая справа пашы Белавуса — гэта ён і яго кампанія прыдумалі
вышымайкі, і яны спрыялі таму, каб распаўсюджвалася любоў да нацыянальнага.
Як далей будзе працаваць «Мой модны кут»,
невядома, Алёна чакае мужа, які вернецца і прыме рашэнне.
Тым часам зачыніўся і яшчэ адзін вядомы афлайнавы магазін — дзе
прадавалі модную вопратку з нацыянальным каларытам, — LSTR. Ён працягвае
працаваць онлайн, але ўладальнік не даў TUT.BY каментар аб прычынах закрыцця
кропкі на Харужай.
Таксама на мінулым тыдні міліцыянты зацікавіліся вокладкамі з «Пагоняй» ад брэнда заплечнікаў і аксесуараў Vokladki, якія шыліся з 2014 года. Прадпрымальніка дастаўлялі ў Фрунзенскае РУУС. Цяпер ён на свабодзе, магазін працягвае працаваць, вокладак з «Пагоняй» у продажы няма.