Ці праваліўся ў Расіі «беларускі бліцкрыг»?

Ці ёсць у расійскіх пратэстаў будучыня пасля абвяшчэння прысуду Аляксею Навальнаму??

Фота: Вадзім Брайдаў / Медыязона

Фота: Вадзім Брайдаў / Медыязона


Вядома ёсць, упэўненыя самыя паслядоўныя навальністы. Хаця б таму, што пратэстоўцы, на іх думку, паказалі, што ўлада не можа забараніць грамадзянам выходзіць на вуліцы дзеля выказвання свайго меркавання. Гэта без уліку таго, што ў найноўшай расійскай гісторыі пратэсты не мелі такой шырокай геаграфіі (два разы запар на выходных акцыі сабралі незадаволеных больш чым у 170 гарадах).
Турэмны тэрмін для Навальнага, на самай справе, яшчэ больш пагоршыць становішча рэжыму. Адпраўка апазіцыянера ў калонію стане падставай для незадавальнення на Захадзе і патрабаванняў вызваліць Навальнага. Пад уплывам інфармацыйнай кампаніі на вуліцу могуць падцягнуцца новыя актывісты. Пачуццё маральнай праваты сваіх дзеянняў ім будзе надаваць новая лідарка апазіцыі Юлія Навальная, чый муж несправядліва апынуўся за кратамі. Лічыцца, што Юлія вось-вось абвесціць аб сваім намеры пачаць палітычную кар’еру.
Парадаксальна, але ў лагеры праціўнікаў Навальнага ў гэтыя дні таксама адкрываюць шампанскае. Пуціністы ўпэўненыя, што Расіі ўдалося вынайсці не толькі вакцыну супраць каронавіруса, але і супраць «беларускага бліцкрыгу». Такая выснова робіцца на падставе шэрагу аргументаў.
Пасля першай акцыі колькасна пратэсты сталі меншымі. Таксама рэзка негатыўнае стаўленне расійцаў выклікала цікток-агітацыя нібыта за вывад на вуліцы школьнікаў, пра што ўвесь час кажуць праўладныя медыя.
Адмоўна паўплываў на статыстыку выхаду на акцыі «хейт» на адрас папулярнага коміка Сямёна Слепакова, якога, дарэчы, цяжка назваць пуціністам. Узровень падтрымкі блогера таксама знізіўся з-за супярэчлівых момантаў у яго фільме пра «палац Пуціна». Урэшце, прыклад Украіны застаецца прычынай упэўненасці сілавікоў у правільнасці сваіх дзеянняў падчас хапуноў і жорсткіх разгонаў мітынгаў.
Але самае галоўнае тое, што захавалася сістэма каардынат, у якой Крэмль адчувае сябе камфортна. Гэтая сістэма, дзе прысутнічае падступны Захад са сваімі замежнымі агентамі і мегапатрыёт Пуцін. Такім чынам ўсе, хто настроены супраць Пуціна, абавязкова хочуць паставіць Расію на калені. Таму любая агітацыя апазіцыі ўспрымаецца электаратам перадузята, з апрыёрным падазрэннем, што за апазіцыянерамі тырчаць вушы ЦРУ.
У спрэчцы наконт перспектыў пратэснага руху і выжывання пуцінскага рэжыму літаральна днямі нечакана з’явіўся новы падыход. А што, калі апазіцыі зусім і не збіраецца ў бліжэйшы час заклікаць грамадзян на акцыі?На думку групы экспертаў, на гэтым этапе пуцінафобы і так шмат чаго дамагліся. Па-першае, Пуціну самому давялося публічна аспрэчваць абвінавачванні з нагоды свайго палацу. Іншымі словамі, усемагутнаму палітыку ўпершыню ўдалося навязаць апазіцыйны парадак дня, выставіўшы яго пры гэтым у вельмі нязручным святле.
Па-другое, спрацавалі тэхналогіі, калі віртуальныя апазіцыянеры-«хамякі» ператвараліся ў рэальных вулічных актывістаў. Калі падтрымліваць у сеціве напал, то да восеньскіх думскіх выбараў сітуацыя для ўладаў вельмі ўскладніцца. Тады не пазбегнуць масавага руху ў падтрымку кандыдатаў ад несістэмнай апазіцыі, які можа перарасці ў маштабныя поствыбарныя пратэсты. Пры такім сцэнары ў краіне паўстане абсалютна новая, незнаёмая для Пуціна і яго атачэння рэальнасць.
Прэса прызнае, што апанентам Пуціна таксама ўдалося паказаць межы магчымасцяў улады, якая здольная кантраляваць толькі мінімальную колькасць удзельнікаў вулічных выступаў. Вядома, на самай справе ўлады сітуацыю ўсё ж кантралявалі, але той узровень напругі, з якім яны гэта рабілі, ствараў ілюзію слабасці сілавікоў. Узнікала ілюзія, што ў выпадку большай масавасці кантроль над сітуацыяй з боку сілавога апарату будзе страчаны.
І ці не ўпершыню пачаў здаваць збоі прапагандысцкі лозунг наконт інтрыгаў Захаду. Разгоны ў рэгіёнах, дзе ўсе адзін аднаго адносна добра ведаюць, разбурае ў людзей прапагандысцкую ўстаноўку, што ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту — гэта абавязкова агенты заходніх разведцэнтраў. Магчыма таму ў рэгіёнах паліцыя давала мітынгоўцам пагуляць па вуліцах і ўвогуле дзейнічала менш жорстка. Іншымі словамі, нібыта атрымалася намацаць слабіну ўлады на месцах. У выпадку форс-мажору для сістэмы мясцовая вертыкаль, якая звычайна не любіць цэнтр, быццам, можа страціць лаяльнасць.
У гэтым ракурсе апошнія акцыі прапануюць разглядаць як манеўры перад рашучым наступам напярэдадні выбараў.
Як бачым, агульнага падыходу ў прагнозах наконт лёсу цяперашніх пратэстаў у Расіі няма. Не кажучы ўжо пра тое, што цяперашняя фронда можа працягнуцца — прычым, у цалкам новым фармаце з новымі лідарамі.Кампартыя ўжо заклікала грамадзян выходзіць на ўсерасійскую пратэсную акцыю 23 лютага, якая, у адрозненне ад вылазак навальністаў, будзе легальнай. Падкрэсліваецца, што запрашэнне на акцыю, якая накіравана супраць сацыяльнай палітыкі ўрада, дзейнічае і для ўдзельнікаў выступаў у абарону Аляксея Навальнага. Некаторыя аўтарытэтныя камуністы (напрыклад, у Маскве і Іркуцку) раней адкрыта выступілі ў абарону людзей, што выходзілі на вуліцу, і супраць жорсткага падаўлення гэтых выступаў.
P.S. Паплечнікі Аляксея Навальнага не будуць праводзіць мітынгаў у яго падтрымку ў бліжэйшыя выходныя, заявіў кіраўнік сеткі штабоў палітыка Леанід Волкаў у эфіры "Навальны Live".
Па словах Воўкава, наступныя мітынгі будуць праводзіцца вясной і летам.
Калі мы будзем выходзіць кожны тыдзень, мы будзем атрымліваць яшчэ тысячы арыштаваных і сотні збітых. Будзе паралізаваная праца штабоў і будзе немагчымая праца па выбарах ужо за проста так. Гэта не тое, што ад нас просіць Аляксей. Аляксей нас просіць сканцэнтравацца на восені [і выбарах у Дзярждуму]. Даставаць яго з турмы мы будзем знешнепалітычнымі метадамі.