Байдэн: ЗША больш не будуць адступаць перад расійскай агрэсіяй

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у праграмнай прамове ў Дзярждэпартаменце абвясціў пераварот у палітыцы Вашынгтона ў дачыненні да Расіі. «Мы без ваганняў павялічым выдаткі для Расіі», — заявіў ён.

Джо Байдэн

Джо Байдэн

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сваёй праграмнай прамове, прысвечанай контурам яго будучай замежнай палітыкі на пасадзе прэзідэнта, заявіў, што ЗША больш не будуць «адступаць перад агрэсіўнымі дзеяннямі Расіі», паведамляе www.dw.com.

У чацвер, 4 лютага, падчас свайго выступу ў Дзярждэпартамэнце, Байдэн сказаў, што падчас сваёй першай тэлефоннай размовы з расійскім лідарам пасля ўступлення на пасаду ён «даў зразумець» Пуціну, што адносіны мяняюцца.

«Мы без ваганняў павялічым выдаткі для Расіі і абаронім нашы жыццёва важныя інтарэсы і нашых людзей», — заявіў Байдэн.

Прэзідэнт ЗША некалькі разоў згадаў імя расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, які, па яго словах, павінен быць неадкладна і без усялякіх умоў вызвалены. «Намаганні Расіі ў падаўленні свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў выклікаюць глыбокую заклапочанасць у нас і ў міжнароднай супольнасці», — дадаў Байдэн.

Па словах Байдэна, палітыка новай адміністрацыі ў дачыненні да Расіі будзе карэнным чынам адрознівацца ад лініі яго папярэдніка Дональда Трампа, які пазбягаў прамой канфрантацыі з Пуціным і спрабаваў пераменшыць агрэсіўныя дзеянні Расіі. «Амерыка вярнулася», — падкрэсліў ён.