Расія. Мітынгі ў падтрымку Навальнага апазіцыя адклала да вясны і лета
Паплечнікі Аляксея Навальнага не будуць праводзіць мітынгаў у яго падтрымку ў найбліжэйшыя выходныя. Пра гэта заявіў кіраўнік сеткі штабоў палітыка Леанід Волкаў у эфіры "Навальны Live".
Па словах Волкава, наступныя мітынгі будуць праводзіцца вясной і летам, паведамляе meduza.io. Ён адзначыў, што ў рэгіёнах акцыі няма каму арганізоўваць, бо мясцовых каардынатараў і прыхільнікаў Навальнага адправілі пад арышты за ўдзел і арганізацыю мітынгаў 23 і 31 студзеня. Волкаў лічыць, што правядзенне акцый кожны тыдзень прывядзе да расчаравання ў вулічнай форме пратэсту, падкрэслівае tvrain.ru.
«Калі мы будзем выходзіць кожны тыдзень, мы будзем атрымліваць яшчэ тысячы арыштаваных і сотні збітых. Будзе паралізаваная праца штабоў і стане немагчымая праца па выбарах ужо за проста так. Гэта не тое, чаго ад нас просіць Аляксей. Аляксей нас просіць сканцэнтравацца на восені [і выбарах у Дзярждуму]. Выцягваць яго з турмы мы будзем знешнепалітычнымі метадамі».
Паводле слоў Волкава, у планах каманды Навальнага зрабіць так, «што ні адзін сусветны лідар не будзе гаварыць з Пуціным ні пра што, акрамя Аляксея Навальнага і яго вызвалення».
Нагадаем, суд у Маскве 2 лютага замяніў умоўны тэрмін Аляксея Навальнага паводле справы «Іў Рашэ» на рэальны. У адпаведнасці з пастановай суду, расійскі апазіцыйны палітык павінен будзе правесці ў калоніі два гады і восем месяцаў.
23 і 31 студзеня ў падтрымку Навальнага адбыліся масавыя акцыі ў дзясятках гарадоў Расіі. А 2 лютага, адразу пасля абыяшчэння прысуду, яго прыхільнікі выйшлі на вуліцы Масквы і Санкт-Пецярбурга. Агулам на гэтых акцыях былі затрыманыя больш за 10 тысяч чалавек. На ўдзельнікаў распачата 50 крымінальных спраў.