Адышоў у лепшы свет Эдуард Дубянецкі
Шчыры, светлы і таленавіты... Усяго толькі 53 гады... Столькі яшчэ не створана, столькі не закончана, столькі было планаў...
Яшчэ ўчора, на сваёй старонцы на фб Эдуард Дубянецкі пісаў:
БЕЛАРУСКІ ПАЭТЫЧНЫ АКІЯН
(да 85-годдзя з дня нараджэння Рыгора Барадуліна)
Зараз заканчваю сваё эсэ пра творчасць славутага "дзядзькі Рыгора".
Прапаную вашай увазе некалькі невялікіх фрагментаў гэтага тэксту:
"Па колькасці, разнастайнасці і якасці зробленага ўсю яго неабсяжную
творчую спадчыну можна небеспадстаўна параўнаць з бяскрайнім, глыбокім і
вечна неспакойным паэтычным акіянам. І ў гэтым своеасаблівым акіяне
можна знайсці практычна ўсё: і арыгінальныя паэмы, і безліч вершаў у
шматлікіх відах, формах і жанрах, і ўзоры духоўнай, філасофскай,
метафізічнай, пейзажнай, грамадзянскай, любоўнай лірыкі, і
гумарыстычна-сатырычныя, і гулліва-эратычныя творы, і дзіцячыя вершыкі, і
вострыя эпіграмы, канечне, мноства пераствораных/перакладзеных ім на
родную мову шэдэўраў сусветнай паэзіі.
Акрамя таго, тут яшчэ варта
назваць такія вынайдзеныя ім аўтарскія віды вершаў-карацелек, як
“ахвярынкі” і “вершасловы”. Так, гэтыя паэтычныя мініяцюры займаюць
ўсяго некалькі радкоў (а часам і ўвогуле адзін!), але ж якія ў большасці
з іх глыбіня, ёмістасць і вобразнасць! Такім цудоўным вершаваным
карацелькам могуць пазайздросціць многія нават вельмі таленавітыя паэты,
якім для таго, каб выказаць штосьці падобнае, часам бывае патрэбна
напісаць не адзін больш-менш аб’ёмны верш, ды й тое без гарантыі таго,
што ўдасца дацягнуцца да барадулінскай паэтычнай вышыні.
..................................
Упэўнены, што і зараз, праз шэсць гадоў пасля сваёй смерці, незабыўны
“дзядзька Рыгор”, метафарычна кажучы, сваімі найбольш удалымі вершамі
дае сённяшнім вершапісцам своеасаблівы віртуальны майстар-клас
паэтычнага майстэрства. Прычым "узрошчаны" на адметным вушацкім
фальклоры і на спрадвечных традыцыях роднай зямлі, Барадулін у некаторых
творах дэманстраваў сапраўдны касмізм паэтычнага мыслення, як,
напрыклад, у вершы "Парушынка":
"Зямля –
Парушынка ў Гасподнім воку.
………………………..
І з недасяжнага нам далёку
Нябачнасць бачыць,
Як час бяжыць,
Як парушынка ў балючым воку
Дрыжыць…
Адметна, што многім барадулінскім вершам уласціва вельмі рэдкая для
сучасных паэтаў самаіронія, уменне па-добраму пакпіць з сябе ды іншых --
у тым ліку і калегаў. На маю думку, толькі самадастатковы, мудры і
па-сапраўднаму ўпэўнены ў сваіх сілах паэт, як Рыгор Барадулін, мог з
сумнай іроніяй публічна параўнаць самога сябе са старым заімшэлым
"пнём". І ў гэтым звязку адразу згадваецца, што калісьці два вялікія
кітайскія паэты-сябры Лі Бо і Ду Фу ў сваіх вершах і падчас сяброўскіх
гутарак лёгка маглі назваць “п’янымі дурнямі" як саміх сябе, так і адзін
аднаго.
..........................
Такім чынам, цудоўныя,
бліскуча-мудрыя барадулінскія вершы, а таксама памяць аб нашым выбітным
Майстры, якога Уладзімір Някляеў (Uladzimir Niakliaeu)
слушна называў чарадзеем беларускага слова, найлепшым беларускім паэтам
сучаснасці і творцам неверагоднай сілы і красы, будуць жыць вечна. І ў
гэтым, упэўнены, няма і ніколі не будзе ніякага сумнення, ніякага
перабольшання.
==================
ЖЫТА ЖЫЦЦЯ
У жыце жыцця
Не ўсе каласы
Аднолькава любяць зярняты.
Не ўсім стае
Цеплыні і расы,
Каб быў каравай багаты.
Умее чакаць
На куце куцця.
Пакорыцца доля прыкмеце.
Пакуль каласуе
Жыта жыцця,
Зямлі не самотна ў Сусвеце…
29 лістапада 2007 г.
АДПАВЕДНА
Па выбоінах часу
Падскоквае воз,
Што вязе і святло, і пакуты.
Кожны сам
Дакарае і нянчыць свой лёс,
Кожны сам да сябе прыкуты.
І цярпліва чакае
Кожнага дол,
Адварочваецца пагарда спіною.
І над кожным крыляе
Ягоны анёл,
Чорт бяздомны
Варушыцца пад рабрыною…
10 чэрвеня 2007 г.
(з кнігі “Халодная памяць вады”, 2010)
КРЭЎНАЕ
Родная старана,
Ты – незагойная рана,
Схаваная ад чужога вока
Старанна.
Душа без цябе
Лодкаю без стырна
Б’ецца ў халодныя
Берагі тугі.
Ты, як душа, адна,
Крэўная старана…
23.06.2007 г.
ГОЛАС ВОЛІ
Голас волі з-за кратаў,
Ён зрынае са стодаў
Крывісмокаў, вар’ятаў,
Трыстуноў млосных одаў.
Вея лютасці вые,
Падраслі маладыя.
Не прымаюць іх шыі
Хамуты залатыя.
Рух не спыняць ніколі
Ані здрадай, ні хлуссю.
Сцяг
Пагоню на волю
Ўзносіць над Беларуссю.
Нашы дні, як навэлы,
Значаць крылы палёту.
Беларус –
Значыць смелы,
Непадлеглы прыгнёту.
Дух змаганняў не кволы –
Ні паразаў, ні стратаў.
Весніць высі і долы
Голас волі з-за кратаў!
23 кастрычніка 2013 г.
Рыгор Барадулин (1935--2014)"
Эдуард Дубянецкі не паспеў закончыць эсэ... Як не паспеў зрабіць яшчэ шмат цікавага і добрага. Хай супакоіцца яго душа. Хай яму ТАМ будзе добра! Бывай! Будзем памятаць...
Шчырыя спачуванні родным, сваякам, сябрам.
Пра час і месца развітання з Эдуардам Дубянецкім будзе вядома пазней.
Развітанне з Эдуардам Дубянецкім пачнецца заўтра, 26 лютага, у Саборы Пятра і Паўла на Нямізе а 12.30. Пахаванне адбудзецца на Заходніх могілках Мінска.
Родныя спадара Эдуарда запрашаюць далучацца ўсіх прыхільнікаў таленту творцы.